Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алена Васілевіч - Пажар

Увага!!! Поўны змест

   Сёння велікоднае свята. Маня, прыбраная, сядзіць пад клёнам і чакае, пакуль выйдуць з хаты Ганька, Анюта і Грыша. I вось яны выходзяць. Маня падбягае да іх. У яе ёсць план: ісці ўсім гуртам на Палянку, раскласці там вогнішча і частавацца. Цудоўна! Як гэта ім дагэтуль не прыйшла ў галаву такая бліскучая думка?..
   Грышка, як адзіны мужчына тут, клопат пра вогнішча бярэ на сябе, і таму ён бяжыць па запалкі. Ганька, Анютка і Маня наладжваюць частаванне. Збегаць кожнай дадому і схапіць у кішэню па кавалку пірага і яшчэ чаго-небудзь, скажам, каўбасы ці вяндліны, ці якіх смачных салодкіх аладак – на гэта таксама многа часу не патрабуецца. Праз гадзіну на Палянцы ўжо крык, смех. Ганька, Анютка і Маня цягаюць сухое ламачча. Грышка раскладвае вогнішча.
   Агонь хітруе. Ён адразу ўступае ў дзіцячую гульню. Спачатку ён нібыта ўпарціцца. Лізне вузенькім гарачым язычком сухую галінку, глытне паветра і раптам зноў нібыта захліпнецца. Дзеці зноў яму сушняку, і ён зноў павесялее.
   I толькі калі надакучыць яму гульня ў хованкі, ён раптам як ірване ўгору, як ахопіць усю кучу сушняку! Як затрашчыць, як сыпане з гарачага свайго мяшка іскрамі! Доўгі салапаты язык ледзь не хапаецца зялёных яловых галін. Кругом на вярсту гарачыня. Весела.
   А дзеці ўсё падкідаюць то сушняку, то дроў! Каб полымя не толькі да ніжніх галін, але і да самай яловай вяршыні дастала...
   А самі тым часам частуюцца, скачуць вакол вогнішча, пераскокваюць цераз маленькія агеньчыкі, што адскочылі ад свайго вялізнага таты. Тым часам гэта вясёлая гульня не такая ўжо бяскрыўдная. Ганька прапаліла ў дзвюх мясцінах світку. У Грышкі штаны ўжо таксама ў дзірках. У цудоўнай чырвонай Анютчынай хустцы падкурэлі махры. Толькі асцярожная Маня ўбераглася. Яна не скача цераз агонь. Яна толькі ўсё падкідвае ламачча ў вогнішча... А агонь разышоўся ўжо не на жарт. Ён ужо захапіў у свой палон усе ніжнія галіны і па сухой кары, па ствале, як вавёрка, скача ўсё вышэй і вышэй. Скача і перакідваецца на суседнія дрэвы. Падсохла і ўзялася агнём ігліца, цягнучы агонь, нібы чырвоны кажух, усё далей і далей у лес.
   Дзеці бачаць, што агонь пакідае жарты. I яны топчуць яго нагамі, прыбіваюць мокрымі лапамі. (Добра, што непадалёку глыбокая лужына.) Але дзе там! Агонь ужо ні на што не зважае. Абхапіў яліну з усіх бакоў і як страсяне, страсяне яе ўсю! I яліна шугае на ветры, як чырвоны сцяг.
   – Давайце ваду хутчэй насіць!
   – Залівайце агонь!
   Але колькі ты наносіш тае вады прыгаршчамі ці няхай сабе і Грышкаваю шапкаю...
   – Што нам рабіць?..
   – Вось цяпер нам будзе...
   – Давайце зваць дарослых...
   Але ў вёсцы дарослыя самі ўжо ўбачылі.
   – Нехта лес падпаліў!
   – Палянка гарыць!
   – Хутчэй трэба пажарную выклікаць!..
   I вось нехта памчаўся выклікаць пажарную. Вось ужо з рыдлёўкамі, з вёдрамі, з сякерамі кінуліся па дарозе, цераз мосцік, на Палянку людзі.
   А полымя шугае ўжо не з аднае яліны. Агонь заваяваў увесь край лесу, агонь наступае цэлай сцяной. Яму смешныя гэтыя вёдры вады, што носяць з рэчкі і льюць, льюць на яго людзі.
   Палянку ратуе ўся вёска. Агонь шалее. Кідаецца з краю на край, нібыта дражніцца. Але людзі не адступаюць, не здаюцца... Дзесьці праз гадзіну прыязджае пажарная каманда. Дзве вялізныя жалезныя бочкі з доўгімі «кішкамі».
   Бойка з лясным пажарам канчаецца на захадзе сонца.
   Нехта ўспамінае, нарэшце, пра віноўнікаў пажару.
   – А дзе ж яны самі, гэтыя вужы печаныя?
   Некаму прыходзіць думка пакараць «вужоў» так, каб дзесятаму заказалі... Каб на ўсё жыццё запомнілі, як жартаваць з агнём.
   А «вужоў» тых – злачынцаў – і шукаць не трэба. Яны вяртаюцца ў вёску ў гэтым жа самым натоўпе. Ідуць разам з усімі – замурзаныя, задымленыя.
   Яны не адступіліся ад свае віны. Не схаваліся ад страху. Яны таксама тушылі пажар...
   Але ўцеха малая, асабліва як аглянешся на чорнае пажарышча.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыАдвага

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Пажар

Пераказы, дыктантыВыратаванне

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Сябры

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Горкі ліпавы мёд