Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алена Васілевіч - Калінавая рукавічка

Увага! Поўны змест

   Чаму рукавічка, калі казка будзе пра чырвоную каліну, пра старую яліну-казачніцу, пра ветра-бяздомніка?
   А вось паслухай.
   Расла па ўзлессі каліна. Была-была ўсё маленькай ды раптам, зусім неяк непрыкметна, вырасла. Зацвіла белым цветам, закрасавала – на дзіва і зайздрасць усім суседнім дрэвам.
   – Ф-фарсуха, – пазіраючы на яе, аж трэсліся ў лажку асіны. Яны былі заўсёды бледныя і зялёныя, і заўсёды ім было холадна.
   – Падумаеш, выстраілася, – шапталі хмурыя яліны. Яны насілі цёмнае адзенне і размаўлялі толькі шэптам.
   Учэпістыя калючыя дубкі, што раслі на схіле пагорка, таксама непрыхільна паглядалі па маладую каліну: яна зусім не звяртала па іх увагі.
   Толькі старая яліна-казачніца спачувальна пазірала на каліну-прыгажуню і жаласна ківала галавой:
   – Пацвіце, пакрасуецца ды і завяне. Не яна першая, не яна апошняя... Па лесе гуляе бура, ломіцца грубая жывёла, чалавек ходзіць... А ў яго нядобрыя рукі. Ён ломіць і крышыць усё, што ні стрэне на дарозе. Усё крышыць і ломіць.
   Яліна-казачніца пражыла доўгае жыццё і ўсяго нагледзелася за свой век.
   Нарадзілася яна ў гэтым лесе даўным-даўно. Яшчэ да пажару. Тады тут жыла і яе маці, маладая стромкая яліна, і бабуля, гэтакая ж, як яна сама цяпер, згорбленая і пахмурая... А потым па лесе прайшоў пажар. Цэлы тыдзень, схапіўшыся загрудкі з агнём, змагаўся лес супроць смерці. Цэлы тыдзень агонь нішчыў лясны род. Згарэла маладая прыгожая яліна-маці, згарэла старая бабуля. Не засталося нікога ні з радні, ні з суседзяў. Нейкім цудам уратавалася ў гэтым пекле толькі яна – маладзенькая ялінка. Пажар не абмінуў і яе, але яна выжыла. Сагнулася на адзін бок, пакалечаная, але ўсё-такі жыла!
   Мінуў год, за ім другі – і на пажарышчы пачалі адскакваць вясёлыя бярозкі, палез сям-там ельнік, пайшла ўсялякая лясная драбяза.
   Мінула яшчэ некалькі гадоў, і вялікае лясное няшчасце, як і ўсё на свеце, пачало забывацца.
   Вось чаму яліна-казачніца была самай старэйшай і самай мудрай у гэтым лесе.
   Цэлымі днямі гойдалася яна на старэчых нагах ды моўчкі прыглядалася да ляснога жыцця: як трымаюцца і пра што вядуць гутарку маладзейшыя дрэвы, аб чым пяюць птушкі, куды лятае вецер-бяздомнік... Прыглядалася, прыслухоўвалася і ўсё шаптала сабе нешта, усё нешта шаптала...
   А ноччу, калі ў лесе рабілася цёмна, хоць выкалі вока, да яліны-казачніцы прылятала старая сава. Днём яна спала, а ноччу гойсала па лесе, шукала сабе спажывы.
   – Гэта ты, паўночніца, – нездаволена сустракала яе яліна, – не люблю я тваіх сквапных вачэй. Усе кругом спяць, а ты ўсё шнырыш, усё шнырыш на лесе. Сну няма на цябе.
   – Я днём выспалася, – пазяхала сава, – а ноччу ў мяне паляванне: дзе дурное соннае зайчаня схаплю, дзе на мышыную сям'ю натраплю. Ху-ху-ху!
   – Зладзейка ты...
   – Ху-ху-ху! – зноў на самае вуха старой яліне рагатала сава. – Ты вельмі добрая...
   I – мах-мах крыламі – знікла ў цемры.
   – Паляцела...– бурчала ўслед ёй яліна-казачніца, пільна прыслухоўваючыся да шолаху ў вавёрчынай хаце.
   Вавёрка жыла па суседству з ялінай у цёплым асінавым дупле. Яна была свавольніца і балаболка. Але старая яліна паважала вавёрку за працавітасць і спрыт.
   Усё лета рыжым полымем гойсала яна з дрэва на дрэва. Быццам нельга было прыдумаць іншага занятку. Але варта было толькі, азвацца недзе яшчэ; зусім далёка восені, як вавёрка кідала гульні і бралася за работу. Рамантавала сваю хату. Высцілала яе цёплым мохам. Заканапачвала ўсё дзірачкі. Потым з ранку да вечара насіла ў свой свіран смачныя лясныя арэхі. Не прысядала ні на хвіліну...
   Старая яліна толькі дзівілася: адкуль у вавёркі столькі сілы, каб цэлымі днямі цягаць гэтыя ношкі? I сама не вытрымлівала. Набярэ поўны прыпол духмяных зярністых шышак і высыпле вавёрцы.
   – На вось табе. Будзеш зімой лускаць і дзякаваць бабулі-яліне.
   – Дзякуй, дзякуй, бабулечка. Яны такія смачныя, такія смачныя, – дзякавала вавёрка, набіваючы да столі засекі ў сваім свірне.
   I зноў: цок-цок – зноў рыжай маланкай мільгала ў суседнім арэшніку.
   Ого, вавёрка была вельмі дбайная, вельмі руплівая гаспадыня.
   Пра гэта не раз гаварыла старая яліна і дзятлу-бондару, і зязюлі-мачысе.
   – Паглядзі, як трэба пра дом клапаціцца ды пра дзяцей: і каб цёпленька ім было, і каб смачненька. А ў цябе, мачухно, паслухай, як плачуць дзеці,– дакарала яна зязюлю.
   I сапраўды, у лясным гушчары, дзесьці далёка-далёка, чутно было адзінокае жаласнае «ку-ку»...
   – Няхай не лётаюць гэтак далёка, дык і блудзіцца не будуць, няхай дома сядзяць... – адмахвалася ад папрокаў зязюля.
   – Дома, – ківала галавой яліна. – Дома... Які ж у іх дом? Вунь ты падкінула іх да мухалоўкі... Ну гадуе яна іх, ну корміць. Але ж не родная маці. Смачнейшага чарвячка яна аддасць не тваім дзецям, а сваім...
   – Не твая справа,– не жадала слухаць яліну зязюля,– усюды ты свой нос уткнеш...
   – Ага, не хочацца слухаць праўду. Горкая яна... – казала ўслед зязюлі яліна і, крыху памаўчаўшы, ужо дакарала дзятла: – А ты чаму такі дурны?    Вучыўся б вось у вавёркі. Глядзі, што ёй абыходзіць. Адамкнула свіран, нагрэбла арэхаў ці шышак, і гора ёй мала. Сядзіць сабе ў цяпле, ласуецца. А ты штодня з гэтым сваім долатам па лесе лётаеш. А ці многа ім заробіш, калі холад гэткі і дзень – не згледзіш, як ён і праміне...
   Дзяцел-бедалак і праўда – зіма не зіма, холад не холад – дзень пры дні павінен быў зарабляць сабе на пражытак.
   – Ат, цётачка, колькі мне чаго трэба, – звычайна адказваў ён старой яліне. – Дзяцей я пагадаваў. Старая мая, вы ж самі ведаеце, яшчэ леташняй зімы не перазімавала... Дык колькі мне аднаму трэба... От жа пражыву неяк зіму. Балазе, кажух цёплы маю.
   – Так, так, дзіва што пражывеш, – нездаволена бурчала яліна.
   Як і ўсе старыя, яна не любіла, калі з ёю не згаджаліся.
   Яна змаўкала, збіраючыся крыху падрамаць. Але тут палятаў халодны сівер. Ён трос яе, выкручваў скурчанае ад старасці і холаду голле і ўзнімаў такі свіст і трэск, што спуджаная вавёрка зашывалася ў сваё дупло і не дыхала, быццам яе там і не было.
   – Шалёны,– адмахвалася старая яліна, – адкуль цябе прыгнала!
   – Ой, цётухна, адкуль прыгнала, не пытай. Скажы лепей, куды гоніць! – рагатаў вецер.
   – Ведаю ўжо... Ляці сваёй дарогай, шыбенік.
   Сівер узмахваў доўгім расхлістаным халатом, перакручваўся некалькі разоў у паветры і імкліва знікаў – гэтак, як і прыляцеў.
   – Ох, скруціць ён галаву гэтай дурной каліне! Вунь як яна хіліцца, ледзь не да самай зямлі яму кланяецца...
   Старой яліне з узгорка было добра відаць усё, што рабілася на ўзлессі.
   I сапраўды, маладзенькая каліна яшчэ больш чырванела і харашэла, сустракаючы ветра.
   – Ляцім са мною па свеце! – шаптаў ёй вецер-сівер. – Што ты тут бачыш, стоячы вунь ужо колькі год усё на адным месцы, усё пры гэтай дарозе?
   – Людзі тут ходзяць і ездзяць...
   – «Людзі ходзяць і ездзяць...» Дурная ты! Ты паслухай, што кажа пра гэтых людзей старая яліна. Яны загубяць цябе, паламаюць твае рукі... А ягады твае – навошта яны ім.
   – Не кажы так. Мае ягады лечаць людзей... У цябе няма сэрца, і ты не ведаеш, як гэта цяжка, калі яно баліць. А людзі ўмеюць варыць з маіх ягад лекі і лечаць імі сэрца...
   – «Людзі», «лекі»... Навошта яны табе здаліся! Мы з табой паляцім за мора, паляцім да такіх высачэзных гор, якіх ты і не сніла ніколі. I ты тады забудзеш пра гэты свой лес, пра гэтую дарогу, на якую ты дзень і ноч глядзіш як утрапёная.
   – I ніколі больш не вярнуся сюды?
   – А чаго?
   – Не, я не здолею... Я высахну і памру без свайго лесу,– плакала каліна.
   – Ну, дык і заставайся тут! А мне няма часу з табой валаводзіцца. Не спадзявайся, каб я яшчэ лятаў да цябе...
   Вецер-сівер узмахваў сваім халатом, пранізваў каліну смяртэльным холадам. Каліна калацілася, дрыжала, і на зямлю чырвонымі ягадамі сыпаліся яе горкія слёзы.
   – Пачакай, не пакідай мяне адну!.. – стагнала наўздагон ветру каліна.
   Але вецер ужо не чуў яе.


***

   А калі настала зіма і ў лесе не было ўжо ніводнага зялёнага лісціка, ніводпай кветачкі, ішла гэтай самай дарогай, каля якой расла каліна, жанчына з маленькім хлопчыкам.
   – Мамачка! – закрычаў хлопчык і запляскаў у далоні.– Зірні, зірні – ягады!
   Яны спыніліся.
   – Гэта каліна, сынок. Бачыш, якая яна: зіма, мароз, а яна не баіцца...
   – Можна сарваць?
   – Толькі асцярожна. Не паламі галінак.
   Хлопчык ірваў чырвоныя калінавыя ягады, клаў іх у сваю рукавічку і пяшчотна прыгаворваў:
   – Не бойся, калінка-малінка. Мае ручкі не злыя. Галінак тваіх не паломяць, вершалінкі не скрышаць. Толькі ягадкі сарвуць – маме на лякарства...
   Так ён прыгаворваў і ўсё клаў і клаў у сваю рукавічку чырвоныя ягады. I каліна радавалася: ашукваў яе вецер і яліна-казачніца памылялася. Добрыя ў чалавека рукі, разумныя...
   Вось і канец гэтай лясной казцы. Той маленькі хлопчык захацеў назваць яе казкай пра калінавую рукавічку.
   Ну што ж, няхай сабе рукавічка, няхай сабе калінавая...

Похожие статьи:

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Геша

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Пачакай, затрымайся...

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Горкі ліпавы мёд

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Сябры

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Вернісаж