Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алена Васілевіч - Горкі ліпавы мёд

Увага! Поўны змест

   Мне трэба паслаць дадому святочную тэлеграму, і я іду на пошту. Іду ў чужым горадзе насустрач узбуджанаму стракатаму натоўпу, непрыкметна для сябе самога паддаючыся ўладзе неадольнага жадання: па тварах стараюся здагадацца, куды, напрыклад, спяшаецца высокі мужчына ў легкаватай для зімы сінтэтычнай куртцы, з пакункамі ў абедзвюх руках; або які клопат выправіў па гэту тлумную вуліцу вашчаную бабульку ў дапатопным капялюшыку, з паточанай моллю муфтачкай, з тварам, на якім даўно ўжо адмерлі ўсе жывыя страсці; або вось гэтыя двое, што, здаецца, нават фізічна праменяць вакол сябе токі шчасця. Яна — само мімалётнае ззянне, зіхаценне і завідны бляск маладых вачэй, валасоў, зубоў і нават нейкага нязвычна светлага пушыстага футра. I ён — над усім натоўпам — гэтакі ж дасканалы, спартыўны, непераможны. Як сам малады бог.
   ...Цёмнае бяззорнае неба, не спяшаючыся, вытрасае апошні рукаў старога года і бясконца цярушыць і цярушыць, пасыпае зямлю белай крупчаткай. Паветра пахне лесам, смалой, нядаўна ссечаным ельнікам, і ў гэтай свежасці, напоенай лясным здароўем, здаецца, лунае абяцанне нейкіх бясконца светлых і маладых спадзяванняў і надзей. Непрыкметна для сябе самога я збочваю на гукі музыкі ў Гарадскім садзе, дзе цяпер заліты каток. Каток амаль бязлюдны і ахутаны паўзмрокам. Выкрасаюць толькі іскры з-пад канькоў трое ці чацвёра хлапчукоў, ды вучыць трымацца на "снягурках" сваю дачушку маладая маці.
   I больш на катку — ні душы.
   Я доўга стаю, не кратаючыся з месца, і гляджу, гляджу, як у чароўным танцы кружацца і мякка сцелюцца долу сняжынкі, гляджу на хлапчукоў і ўспамінаю свайго сына (чым ён заняты ў гэты час дома?), чамусьці з міжвольным сумам думаю пра маладую жанчыну з дачушкай: чаму яны, у гэту пару, не радуюцца святочнай ялінцы, а тут — і толькі ўдваіх...
   Я гляджу на аранжавыя электрычныя ліхтарыкі на слупах вакол катка, і мне раптам прыходзіць на думку, што гэтыя ліхтарыкі падобны на даўнія-даўнія сцюдзёныя мандарыны, якія некалі елі мы з Лідачкаю. Таксама на катку.
   Бог ты мой, колькі гадоў прайшло, колькі вады сплыло з часоў таго катка!

* * *

   Мы жылі тады на Камсамольскім бульвары. Бульвар быў абсаджаны магутнымі каштанамі і абнесены нізкай чыгуннай загароджай старадаўняга ліцця. Па вёснах, калі каштаны зацвіталі, у іх далікатных фарфоравых кандэлябрах успыхвала безліч свечак. I тады над Камсамольскім бульварам стаялі белыя ночы. Нас, падлеткаў, у тыя ночы нельга было даклікацца дадому.
   Я мог бы нават і цяпер прысягнуць: другога такога бульвара і такіх каштанаў не меў ніводзін горад у свеце. Нават Кіеў. Нават Парыж...
   На Камсамольскім бульвары ўзвышаўся помнік чатырнаццаці партызанам, закатаваным у дваццатым годзе белапалякамі. I я сам, і кожны з маіх сяброў-аднагодкаў ведалі іх паіменна, як ведалі адзін аднаго. У нашым горадзе не было больш ніякіх помнікаў. Гэты быў адзіны. I мы шанавалі яго і ганарыліся славай і мужнасцю тых, што ляжалі тут, пад сціплай цэментовай пірамідкай. Зверху пірамідкі іскрылася чырвоная пяцікутная зорка з бляхі.
   Даглядаць помнік — фарбаваць зорку, каб не патухала, і несамавітую драўляную агароджу, каб трывала пад дажджамі і халепай, саджаць кветкі вясною — такі быў няпісаны закон для нас, дзяцей і падлеткаў Камсамольскага бульвара. I мы — кожны — хутчэй бы далі адсекчы сабе руку, чым парушылі гэты закон. Ён быў святы.
   I школа, у якой я вучыўся, таксама знаходзілася на Камсамольскім бульвары. У тыя гады паша школа звалася Узорнай. Узорных школ у раёне было ўсяго толькі дзве. Наша была Першая Узорная. I таму нельга было прыдумаць лепшае для яе месца, чым Камсамольскі бульвар... Па суседству з нашай школай, за драўляным плотам, цягнуўся вялізны пляц, на якім штодня гарцаваў і сек лазу эскадрон данскіх казакоў. (У нашым горадзе размяшчалася кавалерыйская часць.) Мы, хлапчукі, на пераменках не злазілі з высачэннага плота... Чырвоныя лампасы, неймаверны палёт каня, калі ён бярэ перашкоду, і, як маланка, занесеная над галавой конніка шабля!
   Усе мы тады выхоўваліся на літаратурных і яшчэ жывых прыкладах герояў Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. I ўсе мы без выключэння, падлеткі, марылі быць толькі такімі ж дужымі і адважнымі, як нашы суседзі данскія казакі. Мы сваю будучыню тады ўяўлялі не інакш, як вось у гэтакім толькі пераможным алюры па жыцці.
   ...Быў слаўны наш горад яшчэ і Летнім садам. Другім па хараству пасля Летняга саду ў Ленінградзе... Каму належала аўтарства такога непахіснага сцвярджэння, ніхто пэўна не сказаў бы. Аднак ніводзін наш гараджанін не сумняваўся: ленінградскі Летні сад на першым месцы, наш — на другім. У цэлай краіне!
   (А бачылі той Летні ў Ленінградзе мо якіх некалькі чалавек з нашага горада.)
   З вясны і да восені ў Летнім садзе суботнімі і нядзельнымі вечарамі ў блакітнай фанернай ракавіне іграў духавы вайсковы аркестр і прадаваліся білеты на дашчаную танцпляцоўку: на танцы сходзілася моладзь з усяго горада. У Летнім садзе прызначаліся і спатканні ўсіх закаханых.
   Зімою там залівалі каток, і катком, вядома, валодалі ўжо мы, падлеткі.
   Я тую зіму хадзіў на каток з Лідачкаю.

* * *

   Мне ішоў чатырнаццаты год, калі раптоўна, у ад'ездзе ад дому, памёр ад разрыву сэрца (так некалі казалі пра сённяшні інфаркт) мой бацька-каморнік. Мы з мамаю засталіся толькі ўдваіх, засталіся без апоры і амаль без сродкаў да жыцця. Мама кідалася туды, кідалася сюды, але грошай, якія яна зарабляла ў сваім "швейпроме", па часе трыццатых гадоў, хапала пам ледзь толькі на хлеб. Праўда, і хлеба ўволю не было, бо і хлеб давалі па картках.
   У мае мамы было праклятае буржуазнае мінулае: мой дзед, а мамін бацька, да рэвалюцыі быў уладальнікам магазіна лялек. За гэта цяпер мама і несла пакаранне: яе нікуды не хацелі браць на работу. Яна мела музычную адукацыю і добра валодала французскай мовай. Але каму была патрэбна французская мова ў нашым раённым гарадку? (У той час усе школы вывучалі толькі нямецкую мову.) Або ў каго былі тыя лішнія грошы, каб наймаць яшчэ настаўніцу вучыць дзяцей музыцы? Якая музыка! Пра яе тады і вухам ніхто не вёў. З мяшчанствам і дробнабуржуазнымі перажыткамі вялася вайна. Ці даўно пакінулі выключаць з камсамола дзяўчат за шаўковыя панчохі, а хлопцаў за гальштукі!
   Не, з уменнем і ведамі мае мамы ўзнімаць пралетарскую культуру не было чаго нават і думаць. А думаць неабходна было. I перш за ўсё, як нам выбрацца з нястачы...
   I мама прыдумала: узяць у нашы два невялікія пакойчыкі з кухняй кватарантак-дзяўчат. Памятаю, мама была вельмі рада тым сваім камерцыйным крокам: дзяўчаты, здаецца, ёй так нічога і не плацілі, але іх бацькі (барадатыя вясковыя мужчыны), дамаўляючыся аб плаце, браліся забяспечыць нас на ўсю зіму апалам. А з гэтым у нас і зусім было пагана. Горш нават, чым з хлебам. Бо дзе магла мама, непрактычная гарадская жанчына, узяць тых дроў ці таго торфу. I за што — узяць?
   I, праўда, тая зіма, калі ў нас жылі Даша з Лідачкаю, запомнілася мне, як самая цёплая і самая ўтульная ў маім жыцці зіма.

* * *

   Большага непадабенства знайсці было немагчыма — чым Даша і Лідачка!
   Даша ў першы ж дзень, як толькі пасялілася ў нас, камандавала мною ўжо як хацела: то збегай прынясі вядро вады, то падай анучу, то перасунь з месца на месца канапу і стол... Яна збіралася мыць падлогу і мелася ў першы ж дзень паставіць дагары нагамі ўсю нашу кватэру. I калі я, па сваёй звычайнай няўклюднасці, не паспяваў вокамгненна выконваць яе загады, Даша тут жа хвастала мяне вузенькім паяском ад свае цеснаватае і караткаватае ёй сукенкі і весела, нібыта ў званок званіла, залівалася смехам. Я гойсаў з хаты на двор, з двара ў хату і таксама рагатаў без дай рады.
   А Лідачка — худзенькае, кволае дзяўчо з вялікімі, нібыта чымсьці ці то здзіўленымі, ці то спалоханымі вачыма на хваравітым бледным тварыку,— Лідачка не ведала, з якога боку да чаго прыступіцца, і толькі моўчкі, дзікавата пазірала на ўвесь гэты вэрхал у чужой кватэры.
   — Ану, вымятайцеся і лепш не замінайце! — выгнала пас з Лідачкаю на двор, на халадэчу, Даша. I знайшла, вядома, нам работу — вытрасаць палавікі.
   Лідачка была на цэлую галаву ніжэй за мяне, хоць між нашым узростам і стаяла чатыры гады розніцы, хоць яна і вучылася ўжо па трэцім курсе педтэхнікума. Рукі ў яе былі такія тоненькія і слабыя, што варта было мне добра страсянуць палавік, і ён тут жа вырываўся з гэтых яе рукцявінак. Наровячы злавіць палавік, Лідачка бязгучна смяялася і няўлоўна зграбным рухам галавы адкідвала русую касу цераз плячо.
   — Лепш я сам...— дзіўна, але я не ведаў як лепш да яе звяртацца: па "вы" ці на "ты", як з Дашаю. З Дашаю з першага кроку ў нас усё было ясна. А тут...
   — Не, я таксама... А то мне холадна.
   I сапраўды на дварэ было холадна, і, паспяшаўшы хутчэй скончыць вытрасанне, мы з Лідачкай пабеглі ў кватэру. Яна паперадзе — адчыняць дзверы. А я з абярэмкам палавікоў — следам.
   — Куды? Куды? — лямантам і выкручанай мокрай анучай спыніла нас у парозе Даша.
   I мы з Лідачкай, трасучыся ад смеху, стаялі ў сцюдзёным калідоры пад дзвярыма да таго часу, пакуль чырвоная і задыханая Даша, змахваючы прыліпшую да потнага лба цёмную хвалю валасоў, не адчыніла нам дзверы.
   — Стойце! А то вы нацягнеце мне бруду!..
   I мы яшчэ, стрымліваючы смех, стаялі ў расчыненых дзвярах, на парозе, пакуль Даша слала па чыстай вільготнай падлозе палавікі.
   Мама вярнулася з работы з другое змены і не пазнала нашай кватэры: усё кругом блішчала, мэбля была перастаўлена, а самае галоўнае — палілася і зырка палыхала гарачынёй у хатні надвячорак паша грубка-галандка.
   Так пасяліліся ў нас Даша з Лідачкаю, і мы з мамаю вельмі хутка забылі, што яны пашы кватаранткі, а мы іх гаспадары. Усім нам цяпер здавалася, што галоўная гаспадыня ў нашай кватэры зусім не мама, а Даша.
   А Лідачка? Яна не мянялася. Яна па-ранейшаму заставалася толькі Лідачкаю.
   ...Яны вучыліся на адным курсе, але ў розных групах, і таму ў Дашы апрача Лідачкі была яшчэ процьма сябровак і сяброў. Усе яны хадзілі да нас, як дадому, і ўсімі імі Даша камандавала гэтак жа, як мною і Лідачкаю. Але ніхто на Дашу не злаваўся, і ніхто не баяўся яе.
   Даша любіла танцы I яна не прамінала іх ніколі ні ў сябе ў тэхнікуме, ні ў Летнім садзе, хоць студэнтам хадзіць туды па танцы чамусьці ні то забаранялася, ні то лічылася непрыстойным. Я ўжо не памятаю.
   З танцаў Дашу да самага дома кожны раз абавязкова праводзілі кавалеры. Кожны раз — новы. Сваіх кавалераў, дома, перад намі, Даша высмейвала і знішчала па чым свет стаяў.
   Лідачка не хадзіла на танцы, хоць ёй, відаць, таксама хацелася. Пазіраючы за ёю ўпотай, я добра бачыў: кожны раз пасля таго, як Даша, напудрыўшыся і адзеўшы сваю лепшую сукенку, знікне са смехам за веснічкамі, Лідачка робіцца маўклівая, сумная і як быццам яшчэ больш кволая.
   — А чаму ты не ходзіш на танцы? — пытаўся я ў Лідачкі.
   — Таму што мне нецікава, — усім сваім выглядам забараняючы мне далейшыя пытанні, незалежна адказвала Лідачка і бралася за кніжку.
   Але я добра бачыў, што чытанне ёй не ішло ў галаву.
   — Цябе ж Даша звала...— я шчыра шкадаваў Лідачку, што ёй сумна, і ў той жа час, не разумеючы сябе самога, радаваўся, што яна не ходзіць на танцы і што яе не праводзяць гэтак, як Дашу, "кавалеры".
   — Дашы цікава — няхай яна і ходзіць, а мне нецікава! — не падымаючы галавы ад старонкі кнігі, прыкметна званчэйшым, чым звычайна, голасам паўтарала Лідачка.
   — А можа, і табе было б цікава... — бубніў я, невядома з якой патрэбы чапляючыся да Лідачкі.
   — А табе што! — усхоплівалася з месца Лідачка і, сярдзіта шпурнуўшы кнігу на стол, ішла ў другі пакой.
   А я заставаўся і адчуваў сябе так, як быццам я быў самы большы віноўнік у гэтым яе няшчасным настроі.
   Праходзіла колькі часу, і з суседняга пакоя паціху абзывалася наша старая гітара. На гітары ў нас любіў іграць бацька-нябожчык. I мама таксама іграла. Яны часта, калі бацька яшчэ быў жывы, любілі вечарам сесці і разам спяваць. Бацька браў гітару, мама захоплена глядзела на яго і, на вачах робячыся вельмі маладой і прыгожай, падавалася крышку наперад. Бацька няўлоўна кратаўся струн, браў адзін акорд, другі... Мамін голас выліваўся з грудзей так, як выліваецца на мурожны бераг нізкая аксамітная хваля.

 

Ты сидишь у камина и смотришь с тоской,
Как печалыю камин догорает
И как яркое пламя то вспыхнет порой,
То бессильно опять угасает...


   У нас, вядома, не было ніякага каміна. Але калі б нават і быў, то сядзець перад ім у самоце ўсё роўна не знайшлося б каму: бацькі мае былі яшчэ маладыя і жылі заўсёды ў добрай згодзе, не наракаючы на жыццё, якое ў тыя часы вельмі не турбавала людзей непамернымі да яго патрабаваннямі. А пра мяне і казаць не было чаго: у мяне не тое, каб сумаваць — пад'есці і то не заўсёды хапала часу.
   У нас, праўда, была заўсёды чамусьці вельмі халодная кватэра, і заўсёды, асабліва асеннімі і зімовымі вечарамі, хацелася цеплыні. Магчыма, таму я любіў слухаць той гітарны "камін". Аднак сам я гітары ніколі нават у рукі не браў: патрэбна было мне тое мяшчанскае брыньканне! (Сваім бацькам я паблажліва дараваў іх слабасць...)
   Як толькі пасяліліся ў нас, захацелі навучыцца іграць на гітары і Даша з Лідачкаю. У Лідачкі пакуль што далей старога, яшчэ дарэвалюцыйнага "Вальса гімназісткі" справа не ішла.

Это учение просто мучение.
Ох, надоело оно!
Вечно грамматика и математика,
А про любовь ничего.


   Мяне заўсёды разбіраў смех з іх гітарнай навукі. Чамусьці ўсе заўсёды пачыналі яе не інакш як з гэтай тупой гімназісткі.
   Але няхай ужо лепей будзе гімназістка, чым слёзы, якія не ведаеш, чым суняць. Бо часам, астаўшыся адна, Лідачка і плакала.

* * *

   Неяк зімой, у адзін з такіх сумотных вечароў, я ўгаварыў Лідачку пайсці са мною на каток. Спачатку яна адмаўлялася і слухаць не хацела нават, а потым неяк смешна позіркам змераўшы мяне — доўгага і тонкага, як вудзільна,— раптам пачала рагатаць, пачала паспешліва перад люстрам пераплятаць тоўстую русую касу і — згадзілася.
   — Пайшлі!
   На вуліцы добра марозіла, і мы не ішлі, а беглі. Я, стараючыся далёка не закідаць свае доўгія ногі, бег паперадзе. А Лідачка, ледзь паспяваючы, за мной. Адзін раз яна спатыкнулася і ледзь не ўпала. I схапілася за мяне. Я ўтрымаў яе і, як мацнейшы, як мужчына, потым ужо ўсю дарогу трымаў за руку. А на катку вучыў яе перш за ўсё ўпэўнена стаяць па каньках і падхопліваў, калі яна, палахлівая і няўмелая, гатова была вось-вось упасці на лёд. I калі яна, з баязлівым смехам, усё ж падала — то, шчаслівы, я паднімаў яе і зноў, як малую дзяўчынку, моцна трымаў за руку, не адпускаючы ад сябе ні на крок.
   I як я ганарыўся сабою! Што вось я такі вялікі і дужы, што я мог бы не толькі вадзіць яе за руку, а нават здолеў бы падняць яе на рукі і кружыцца з ёю на руках і выпісваць, якія хочаш фігуры пад музыку:

Сердце, как хорошо на свете жить...

   Аднак на гэта ў мяне адвагі не хапала. Ды і невядома было, як бы яшчэ Лідачка паглядзела на гэту маю адвагу. Яшчэ раззлавалася б і больш ніколі не пайшла б са мною. А так — мы ўсю тую зіму хадзілі з Лідачкаю на каток удваіх. I яна ўжо сама мяне звала і чакала, калі я не паспяваў вывучыць урокі ці быў заняты якой-небудзь справай.
   Мама і Даша смяяліся з нас: "Пажэнім Андрэя з Лідачкаю..." Смяялася з імі і Лідачка. А я толькі чырванеў, злаваўся, але ніколі не адмаўляўся.
   Мне ў тую зіму неяк вельмі лёгка і незвычайна радасна жылося на свеце. I мама пакінула скардзіцца на мяне. I ў школе я ні з кім ні разу нават не пабіўся, нікога не пакрыўдзіў, слухаў настаўнікаў і вучыўся добра. З устойлівых сераднякоў я раптам вырваўся амаль у выдатнікі і надзейна замацаваўся ў іх непахісным авангардзе... А ўжо што я вырабляў па ўроках фізкультуры, якое "сонца" круціў на турніку, якімі "хрысціўся" гірамі... Ад нараджэння я быў хілым і нязграбным хлапчуком, з вузкімі плячыма і грудзьмі, як у кураняці. А тут мне раптам захацелася стаць дужым і прыгожым! Стаць такім асілкам, пра якога ўвесь горад ведаў бы і гаварыў. I не проста асілкам, які б варочаў бярвенне ці там нейкія мяхі жыта... У марах я бачыў сябе да таго ж яшчэ і рыцарам. Я вельмі яскрава ўяўляў сабе, як позна вечарам вяртаецца з чытальні Лідачка, а па Чортавым мосціку ёй заступае раптам дарогу нейкі п'яны дурань... Ды што там п яны. П'янага і адным пальцам можна сапхнуць у ваду! Некалькі бандытаў заступілі Лідачцы дарогу... I як яна напалохалася, як кінулася бегчы! Але куды ты ўцячэш ад гэтых жалезных ручышчаў. Лідачка просіць, моліць, плача... А гэтыя бандыты толькі выскаляюцца... Ну добра ж!
   Вы ў мяне зараз пасмяецеся! I — р-раз! — маланка ў вачах і брык цераз парэнчы ў ваду! Адзін... I — р-раз! — другі... I — р-раз!.. Каму яшчэ смешна? Табе, гад?.. Атрымлівай! I табе?.. На і табе!.. Усе? Бывайце і ўспамінайце, з кім мелі справу... А Лідачка... Ну, не плач, не плач! Калі я тут — дык чаго ж плакаць?.. Ах вунь што — яна звіхнула нагу, яна зусім не можа ступіць... Ну, бярыся за шыю. Мацней, мацней! Мне не цяжка! Мне зусім не цяжка. Ты ж, як пушынка. Як пярынка ўсё роўна. Ты толькі трымайся мацней, і я цябе вось так данясу да самага нашага дома.
   Як цудоўна быць дужым і смелым і высакародным!
   ...Мама ў тую зіму зусім не скардзілася па мяне. Яна дзівілася толькі.
   — Не пазнаю я свайго Андрэя,— гаварыла яна пра мяне Дашы і Лідачцы.— Ці даўно было не прымусіць яго памыць шыю і вушы... А зараз ад люстра не адходзіць... Сяк-так сабрала грошай на чаравікі, дык баюся, што ён парве іх, ваксуючы па дваццаць раз.
   А я і сапраўды хацеў быць не толькі дужым, але і прыгожым. Я хацеў падабацца Лідачцы... Хацеў, каб ёй было гэтак жа радасна глядзець мне ў твар, як мне самому — на яе... Ах, які я быў шчаслівы і высакародны ў тых сваіх падлеткавых марах і парываннях!
   ...Але прыйшла вясна. Пачарнеў, змізарнеў і нарэшце ўзняўся ў неба лёгкім воблачкам наш каток — і разам з гэтым воблачкам быццам адляцела кудысьці ў нябачную далеч і Лідаччына зімовая прыхільнасць да мяне.
   Ужо даўно зелянелі надрэчныя лугавіны, ужо адцвіталі сады і буяў у квецені бэз, як аднойчы, схапіўшы па алгебры "дрэнна" (з выдатнікаў цяпер я вельмі імкліва каціўся ўніз па нахіле да той мяжы, за якой, здзекліва выскаляючыся, то паказвалася, то зноў хавалася другагодніцтва), адзінокі і нікому не патрэбны, брыў я па таму самаму Чортаваму мосціку, з якога некалі зімою, у марах сваіх, нёс я на руках аж да самага нашага дома Лідачку...
   I раптам я пачуў смех! Знаёмы смех, якога дома ў пас я, аднак, ніколі не чуў. Дома ён проста гучаў, дома ён быў проста смехам. А тут! Тут ён бруіўся недзе з саман глыбіні грудзей ці, можа, з самага сэрца... Лідачка ішла насустрач мне з прыгожым хлопцам. Я гэта адразу ўбачыў, што ён прыгожы. У яго было ўсё прыгожае. і твар, і валасы, і пастава. I ён курыў!
   Лідачка глядзела па яго. I вачэй у яе такіх — як і смеху — дома таксама ніколі не было. Яна глядзела і бачыла ва ўсім свеце толькі яго аднаго, гэтага прыгожага хлопца. А мяне, калі мы нават параўняліся (і я адвярнуўся да іх спіною), яна ці то не пазнала, ці не звярнула па мяне ўвагі, ці проста не заўважыла.
   Дадому яна прыйшла позна. I Даша, чамусьці, злуючыся на яе, усяго толькі сказала:
   — Ах, як расквітнела!
   — I расквітнела! А цябе зайздрасць бярэ? — і сапраўды, зусім не падобная на сябе самую, з выклікам і шчасцем у вачах азвалася Лідачка.
   — Ты — дурніца — вось хто ты! — не сцярпела Даша.
   — Ну, і няхай! Ну, і няхай! — заспявала Лідачка і раптам кінулася цалаваць Дашу.
   — А ты ведаеш, што ён пра цябе Ларысе казаў? — строга, як маці, спыніла Лідачку Даша.
   — Не ведаю і не хачу нічога ведаць! — Лідачка закрыла твар рукамі і засмяялася і заплакала — адразу.
   Я сядзеў у другім пакоі. Дзверы былі прыадчыненыя, і я ўсё чуў і бачыў. I мне было бясконца балюча.

* * *

   Прыйшла і мінулася вясна. Мінуліся экзамены. Я сяк-так усё ж перапоўз у наступны клас. I нават без пераэкзаменовак. Даша з Лідачкай таксама скончылі свой педтэхнікум і атрымалі дыпломы і накіраванні на работу. Даша дадому паехала першая. Лідачка чамусьці затрымалася на два дні. Даша, развітваючыся з усімі намі, плакала, і смяялася, і патрабавала, каб мы ўсе абавязкова ёй пісалі пісьмы. I сама абяцала пісаць усім.
   Лідачка маўчала. Я здагадаўся, што яна хацела пабыць яшчэ, каб пабачыцца з тым сваім прыгожым хлопцам. Яна некуды хадзіла і сумная вярталася назад, а потым зноў хадзіла...
   Праводзіў Лідачку на станцыю ехаць дадому адзін я. Яна пакідала наш дом абыякавая, спакойная, ні слёз, ні смеху, як у Дашы. Як быццам тут заставаліся пустыя сцены і не было людзей, якія любілі яе. Так і мама мая сказала потым, калі я вярнуўся са станцыі.
   Мы доўга чакалі цягніка. Лідачка, засмучаная і маўклівая, сядзела на прывакзальнай лаўцы і час ад часу ўсё азіралася па тую сцежачку, па якой мы з ёю ішлі на станцыю. Як быццам чакала некага. I вочы яе былі поўныя слёз.
   А калі прыйшоў цягнік, яна гэтак жа моўчкі падала мне руку і пайшла да вагона. Я панёс услед яе рэчы. Я так хацеў, каб яна хоць што-небудзь мне сказала. Хоць якое слова. Хоць адно!
   Цягнік крануўся, і Лідачка памахала мне рукою.
   — Напішы мне пісьмо! — крыкнуў я ў адчаі.
   Яна кіўнула галавой.

* * *

   Я цэлае лета чакаў яе пісьма.
   А калі ўжо страціў усякую надзею, нарэшце прыйшла ад Лідачкі пасылка.
   Я ледзь дачакаўся маму, каб ісці разам забраць пасылку на пошце. Я так падганяў маму, што яна абурылася нават:
   — Андрэй, я цябе не пазнаю! Нават непрыстойна вось так... Як быццам ты галодны ці паміраеш...
   Мама нічога не разумела.
   Я думаў, што сэрца маё не вытрывае, пакуль мама збіралася, потым пакуль мы ішлі на пошту, потым вярталіся назад, потым адчынялі скрынку.
   Божа, папера, газеты... Няма канца гэтай скамечанай паперы і газетам. I нарэшце — слоік мёду! Празрыстага, залатога.
   — Ліпавы мёд... Ну, і Лідачка! — сказала маці.
   А я ўсё трос — ператрасаў скамечаную паперу. I не мог вымавіць ні слова.
   Мама пільна паглядзела на мяне доўгім позіркам і, быццам упершыню ўбачыўшы мяне, адсунула слоік убок.
   — Пісьмо Лідачка, напэўна, па пошце паслала,— сказала мама.
   Я выбег на вуліцу. На вуліцы свяціла сонца. Я кінуўся ад яго ў сад. У самую гушчыню. Каб нічога не чуць. Каб нікога не бачыць.
   Я да вечара плакаў. I з гэтымі слязьмі пакідала мяне назаўсёды маё маленства.

Похожие статьи:

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Пачакай, затрымайся...

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Геша

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Вернісаж

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Сябры

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Калінавая рукавічка