Усім карэннем – у табе,
Адной галінкай – над табою...
Чым заслужыў, калі паспеў,
Што ты мяне з крыніцаў поіш?..
А чым табе даўгі сплаціць,
Якіх, чым больш жыву, не меней?..
Як зорны, хлеб мой зіхаціць:
Скарынка –
у духмяным кмене.
А я – галіначка адна
Між вечных зор і тых, якія
З крыніц мігочуць давідна,
Упаўшы ў нетры іх жывыя.
I сэрца, як лісток, трымціць,
Што супакоіць немагчыма:
«А чым даўгі табе сплаціць,
Мая Радзіма?!»
Хай не глынуць мне даўкі ком,
Хай шчодрасць мне твая дакорам, –
Не сорамна быць даўжніком,
Забыцца,
што даўжнік ты,
сорам.
Не сорамна любіць да слёз,
Лічыць твой боль і ўзлёт сваімі
І дзякаваць вялікі лёс,
Што даў спазнаць цябе, Радзіма.
Аглухну – не ад зім і лет,
Аслепну – не ад скрух і плачу, –
Ад прагі чуць твой кожны шэпт
І ўсю тваю бясконцасць бачыць,
Мая Радзіма!..
Похожие статьи:
Алег Лойка → Алег Лойка - Сівы конік
Алег Лойка → Алег Лойка - Два шчырых словы
Алег Лойка → Алег Лойка - Верабейчык, верабей
Алег Лойка → Алег Лойка - Скачуць, скачуць жарабяткі...
Алег Лойка → Алег Лойка - Над Шчарай