Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццёвы шлях Адама Міцкевіча

   Адам Міцкевіч – першы народжаны на Беларусі паэт, імя якога яшчэ пры жыцці зрабілася вядомым усёй адукаванай Еўропе. Нарадзіўся будучы творца 24 снежня 1798 г. ў сям’і колішняга мінскага каморніка, а на той час наваградскага адваката, Мікалая Міцкевіча. Яго маці, Барбара Маеўская (па кудзелі – Арэшка), была родам са збяднелай наваградскай шляхты. Месцам яе нараджэння была вёска Чамброва, а бацька Барбары, Мацей Маеўскі, служыў аканомам у наваградскага земскага суддзі.
   Пра месца нараджэння самаго Адама да гэтай пары адназначнага сведчання няма. Найчасцей даследчыкі называюць фальварак Завоссе (цяпер ён бы знаходзіўся ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці), але таксама ўзгадваюцца прыдарожная карчма Выгода, паблізу Наваградка, і сам Наваградак. Дакладна, аднак, вядома, што сям’я Мікалая Міцкевіча пастаянна жыла ў Завоссі, а ў 1801 г. перабралася ў Наваградак – месца яго службы. Неўзабаве пасля Адамавага нараджэння з ім адбылося надзвычайнае здарэнне: немаўля зляцела з падваконня бацькоўскай хаты, і маці пабегла з ім, непрытомным, у касцёл, каб вымаліць яму ўратаванне ад смерці. Пра гэта мы чытаем у першых радках паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш":

О Ты, заступніца прачыстая над намі,
Чый цудатворны лік у Чанстахове ў храме
І ў Вострай Браме свеціцца пры набажэнстве,
І ў Навагрудку замкавым! Яна ў маленстве
Жыццё вярнула ты, з’явіўшы цуд нябесны
(Сынок на свет зірнуў і маці стогн балесны
Спыніла, модлы ўзносячы праз слёзы Богу…)

(Пераклад Язэпа Семяжона)

   Цёплаю парою года Міцкевічы, аднак, заўсёды вярталіся ў Завоссе, а пасля 1806 г. – у новую хату, у недалёкае адтуль Белае. Вялікую ролю ў выхаванні малога Адася адыгралі, паміж іншым, двое сялян з прыслугі – беларус Блажэй і полька Гансеўская. Блажэй расказваў па-беларуску казкі і розныя аповеды, Гансеўская спявала песні – натуральна, што польскія. Пісаць і чытаць будучага паэта вучыла яго маці; пазней жа бацькі нанялі яму і гувернёраў: напачатку Шымана Мінкоўскага, потым Людвіка Янкоўскага. У 1807 г. Адам паступіў у Наваградскую дамініканскую гімназію, пасля заканчэння якой (1815 г.) стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта. Там, разам з Тамашом Занам і Юзафам Яжоўскім, ён узяў чынны ўдзел у заснаванні Таварыства філаматаў і цягам двух гадоў быў адным з самых актыўных яго сяброў. На пасяджэннях Таварыства ён выступаў з дакладамі ("Пра оперу", "Вясковыя праходкі"), чытаў свае першыя – з вядомых нам сёння – літаратурныя творы. З 1819 г. Міцкевіч выкладаў лацінскую мову ў Ковенскай гімназіі, і сустрэчы з віленскімі сябрамі адбываліся ў асноўным улетку, у Туганавічах, непадалёк ад возера Свіцязь. Туды, пачынаючы з 1818 г., яго запрашалі сябры, браты Міхал і Юзаф Верашчакі. Іх жа сястра Марыля стала першым моцным каханнем маладога паэта. Аднак у 1821 г. яна выйшла замуж за свайго нарачонага, графа Путкамера, што прынесла Адаму не абы-якія перажыванні. У 1822 г. у Міцкевіча пачаліся праблемы са здароўем, і, перапыніўшы настаўніцкую працу, ён вярнуўся ў Вільню. Пазней, ужо ў Парыжы, у гутарцы з Аляксандрам Ходзькам, Адам Міцкевіч гэтак выкажацца пра свае датулешнія ўражанні ад Беларусі, яе, роднай яму, прыроды:

   "Нідзе на зямлі няма весялейшага жыцця, чым у ліцвінскіх вёсках і засценках. Столькі там радасці, любасці, бязмежнага чалавечага шчасця. Магчыма, не дасць Бог пажыць больш гэтым жыццём, але мы павінны нешта зрабіць, каб захаваць яго каштоўны народны змест і даць зразумець усю яго вартасць. Такое жыццё я шчодра паспытаў паміж 1815 і 1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў (Туганавічы, Плужыны), дзе ў кампаніі Тамаша Зана і іншых праводзіў канікулы. Цэлыя ночы ў лясах, над азёрамі. Цудоўнейшыя характары Міхала Верашчакі, маці Марыі – пані маршалковай. Усе клапоцяцца пра бясконцыя забавы. Рабін, доктар, ксёндз, тыпы, каханне, рамансы..." (Пераклад Уладзіміра Мархеля)

   1823-ці год прынёс паэту, ужо на той час аўтару першага тома "Балад і рамансаў" (Вільня, 1822), новыя турботы: пасля выкрыцця расійскімі ўладамі згуртаванняў філаматаў і філарэтаў 23 кастрычніка яго, разам з многімі сябрамі, арыштавалі. Месцам зняволення сталі віленскія базыльянскія муры. А прыкладна праз год Адам Міцкевіч быў назаўсёды разлучаны з радзімай. Вызначаную судом высылку ён адбываў у Пецярбургу, Маскве, а таксама на поўдні Расійскай імперыі. У сярэдзіне 1829 г. яму ўдалося выехаць у Заходнюю Еўропу. Яго жыццёвая дарога вяла праз Ваймар, Дрэздэн, Жэневу, Рым, Лазану. Пастаянным месцажыхарствам паэта стаў Парыж. У жніўні 1831 г. Міцкевіч нелегальна выязджаў у Вялікапольшчу, але да паўстанцаў Варшавы так і не даехаў. Далейшае жыццё ў Парыжы і, пэўны час, у Лазане было няпростым: займаючыся літаратурнай творчасцю і – раз-пораз – выкладчыцкай працай, ён перажыў нямала жыццёвых драм. Нечаканай і загадкавай была яго смерць. У 1854 г. Міцкевіч быў накіраваны пасланцам ад французскага міністэрства асветы ў Канстанцінопаль (Стамбул). Там ён робіць захады для арганізацыі Польскага легіёну пад кіраўніцтвам польскіх патрыётаў Міхала Чайкоўскага і генерала Уладзіслава Замойскага, але 26 лістапада 1855 г. памірае – ці то ў выніку эпідэміі халеры, ці то атручаны сваімі нядобразычліўцамі. Цела паэта было перавезенае ў Парыж і пахаванае на могілках Манмарансі, а ў 1890 г. урачыста перазахаванае ў асобнай нішы старажытнага кракаўскага Вавеля.

 

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

 

Похожие статьи:

Адам МіцкевічТворчасць Адама Міцкевіча

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязь

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязянка

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Гражына

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Конрад Валенрод