Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адам Міцкевіч - Лілеі

Балада


Выпадак нечуваны –
Забіла пані пана;
Забіла і хавае
Ля ручая, ля гаю,
Лілеі там саджае,
Саджаючы, спявае:
«Расціце так высока,
Як пан ляжыць глыбока;
Як пан ляжыць глыбока,
Расціце так высока!»

Крывёй заліта пані,
Бяжыць праз луг, паляну,
Праз нетры баравыя,
Праз долы, горы, долы;
І цені ўсе начныя
Згушчаюцца наўкола.
Пугач крычыць за борам,
Ды каркае злы воран.

Бяжыць, дзе расахаты
Па-над крыніцай бук,
І стукае у хату
Пустэльніка: стук, стук!

«Хто там?» – стары пытае,
Ідзе з агнём, і пані,
Як прывід, улятае,
Галосячы, на ганак.

Твар, як хусціна, белы,
Страх у вачах, дрыжыць,
І вусны пасінелі:
«Муж... нежывы... ляжыць!»

«Ды бог з табой, жанчына!
Каго, скажы, шукаеш,
Чаго ліхой гадзінай
Адна ўначы блукаеш?»

«За лесам тут, за ставам,
Мой замак мураваны,
Муж разам з Баляславам
Пайшоў на кіяўлянаў.
За годам год мінае,
А ён усё не едзе;
Адна я, маладая,
Кругом мяне – суседзі.
Парушыла я слова.
Вярнуўся муж. За здраду
Кароль заўжды сурова
Карае без спагады.

Ды грэх я свой схавала!
Вось бачыш – нож і кроў!
Не прыйдзе муж дамоў.
Табе ж я ўсё сказала...
Парай мне, што рабіць,
Каб я малітву знала, –
Ратунку папрасіць!
Гатова на край свету
Ісці праз пекла, скалы,
Каб толькі ганьбу гэту
Ноч вечная схавала!»

Стары ў адказ: «Жанчына,
Цябе не грэх трывожыць,
Баішся кары, згінуць?
Ісці спакойна можаш,
Хай страх табе не сніцца!
Хто здрадзіць таямніцу?

Такая воля божжа,
Ўсё, што зрабіла скрыта,
Муж ведае, ды ён жа
Не выдасць, бо забіты».

Прысуд – па сэрцу пані.
Зноў праз лясы, паляны
Бяжыць яна дадому
Сцяжынаю знаёмай.
А дзеці каля брамы
Яе пытаюць: «Мама!
Скажы нам, дзе наш тата?
«Нябожчык? Дзе? Ваш тата?»
Што адказаць – не знае.
«Застаўся ён ля гаю,
Ён хутка завітае».

Чакаюць бацьку дзеці
І дзень, другі і трэці,
І тыдзень ўжо мінае;
Нарэшце забываюць.
Ды пані грэх не можа
Ніяк забыць. У сэрцы
І нудна, і трывожна,
Ніколі не смяецца,
Ніколі ёй не спіцца!
То, недзе, недалёка
Цяжкія чуе крокі,
То шорахі ў святліцы,
То рэха адзавецца:
«Я тут, ваш бацька, дзеці!»

Зноў дзень. Яна не можа
Знайсці спакою ў сэрцы.
І нудна, і трывожна.
Ніколі не смяецца!

«Глянь, Ганка, на дзядзінец!
Стук капытоў на мосце,
Дыміць, пыліць гасцінец;
Мо, гэта едуць госці?
Глянь, можа, ў ранні час
Хто завітаў да нас?»

«Я верхавых там бачу.
Іх коні ржуць і скачуць,
І шабель бляск люстраны
Відаць, хоць пыл густы.
Дык гэта ж едуць, пані,
Нябожчыка браты!»

«Дзень добры, гаспадыні!
Пашана і прывет!
А дзе наш брат?» – «Загінуў,
Пакінуў гэты свет». –
«Калі?» – «Даўно, больш года
Няма яго з паходу». –
«Хлусня, не вер нікому!
Вайны даўно няма.
Яго ўжо хутка дома
Пабачыш ты сама».

Тут пані пабляднела,
Жахнулася, самлела,
Зрок непрытомным стаў,
З трывогаю пытае:
«Ці ж муж мой не сканаў?»
А толькі страх растаяў,
Прыкінулася, быццам
Ад шчасця ўсхвалявана:
«Дзе муж мой, дзе каханы,
Калі ж дамоў прымчыцца?»

«Ён ехаў перад намі,
Спяшаўся ў замак свой,
Каб нас прыняць з сябрамі,
Сустрэціся з табой.
Ён будзе дома скора.
На нейкім на раз’ездзе,
Сярод глухога бору,
Напэўна, збіўся недзе.
Хай пашукаюць людзі,
Ён скора дома будзе.

Паслалі слуг, шукалі,
Дзён некалькі чакалі,
Але дарма, з трывогай
Збіраюцца ў дарогу.

Выходзіць, просіць пані:
«Браткі мае, куды вы
У асенні час туманны,
Сцюдзёны і дажджлівы?
Яшчэ не ад’язджайце
І брата пачакайце!»

Чакаюць. Снег, зіма,
А брата ўсё няма.
Чакаюць, мо вясной
Іх збудуцца надзеі?
А брат ў зямлі сырой,
І белыя лілеі
Растуць над ім высока,
Як ён ляжыць глыбока.
Ужо вясна мінае,
Браты не ад’язджаюць.

Ім любы двор гасцінны,
Красуня-гаспадыня;
Хоць пра ад’езд гавораць,
Не думаюць пра зборы.
Так лета ўсё мінае,
І брата забываюць.

Ім любы двор гасцінны,
Красуня-гаспадыня,
З якою падружылі,
Якую палюбілі.
У кожнага у сэрцы
Надзея і трывога.
Жыць без яе – горш смерці,
А разам жыць – не могуць.
Удвух адна ў іх рана,
Удвух ідуць да пані.

«Паслухай, братавая, нас
І не крыўдуй дарэмна!
Мы толькі тут марнуем час,
Твой муж загінуў пэўна.
Сваёй красы ты не марнуй
І маладосці пашкадуй.
Бо ўжо не вернеш страты,
Вазьмі за брата брата!»

Што думалі, сказалі.
Іх сэрцы зайздрасць паліць,
Адзін – глядзіць варожа,
Другі – маўчаць не можа;
Ледзь злосць сваю стрымаюць,
Мячы ў руках сціскаюць.

І што ім адказаць,
І як – не знае пані.
Іх просіць пачакаць,
Сама ж хутчэй змярканнем
Бяжыць, дзе расахаты
Па-над крыніцай бук,
І стукае у хату
Пустэльніка: стук, стук!
Яму ўсё расказала,
Што ёй рабіць, спытала:

«Як памірыць іх мне?
Дваіх люблю, прызнацца.
З каторым – пад вянец,
З каторым – развітацца?
Дзяцей маленькіх маю,
І грошай ёсць багата,
Але ж, без мужа, знаю,
Ужо не той дастатак.
Ах, пэўна мне ніколі
Не быць замужняй болей!
Баюся божай кары,
Спакою я не знаю:
Ледзь сон мяне ахмарыць,
З дзвярэй замок злятае;
Схаплюся я і чую
Гром, шорах па кутках
Іў поўнач у глухую
Я бачу мерцвяка!
З нажом крывавым нізка
Над ложам ён сагнецца
І сыпле з вуснаў іскры,
І рве маё ён сэрца.
Ах, досыць розных страхаў,
Не жыць мне ў гэтым гмаху,
Не знаць дабра ніколі,
Не быць замужняй болей!»

«Дачка, – стары гаворыць, –
За грэх такое гора,
Пакайся, калі можаш,
Тады і бог паможа.

Я волю неба знаю,
Табе я абвяшчаю:
Хоць муж твой мёртвы спіць,
Магу я ўваскрасіць».

«Не, не, лепш не трывож!
Уваскрашаць не час!
Навекі востры нож,
Знай, разлучае нас!
Я заслужыла кару,
Перанясу я кару,
Каб толькі знікла здань!
Багацце ўсё раздам,
Пайду я ў манастыр,
У цёмны лес густы.
Не, не, лепш не трывож!
Уваскрашаць не час!
Навекі востры нож,
Знай, разлучае нас!»

Стары ўздыхнуў гаротна,
Слёз нават не стрымаў,
Прыкрыў свой твар маркотны
І рукі заламаў:
«Збірайся замуж, пані,
Ідзі, не бойся здані!
Памёршаму ніколі
Не ўстаць з-пад вечных меж,
Твой муж не прыйдзе болей,
Калі не пазавеш!»

«Братоў як памірыць?
Чыёй мне жонкай быць?»
«Ва ўсім даверся богу,
Пакажа ён дарогу.
Як толькі дзень настане,
У лес пашлі іх рана,
Хай кветак прынясуць,
Табе вянкі сплятуць.
І кожны з іх іначай
Хай свой вянок адзначыць
І ў блізкім храме божым
На алтары паложыць!
Вянок чый возьмеш, той
Муж і каханак твой».

Павесялела пані.
Вяселле хутка з мілым.
І ўжо не страх ёй здані,
Бо век пастанавіла
Забітага не зваць
І на’т не ўспамінаць.
Усцешылася пані,
Зноў праз лясы, паляны
Бяжыць сабе дадому
Сцяжынаю знаёмай.
Прыстане адпачыць
Ды зноў далей бяжыць.
Шуміць у лесе вецер,
Шуміць, а ёй здаецца,
Што нехта даганяе,
Што нехта шэпча ёй:
«Я тут, твой муж, з табой!»

Што ёй рабіць, не знае.
Прыстане, зноў бяжыць,
Змарылася, дрыжыць,
І страшна аглянуцца,
Бо стогны раздаюцца
І рэха ўслед за ёй:
«Я тут, твой муж, з табой!»
Ды хутка ўжо нядзеля,
Настаў і час вяселля.
Ледзь дзень заззяў на ўсходзе,
У лес браты выходзяць.
Вядуць дзяўчаты паню
Да шлюбу у касцёл,
Яна вянок духмяны
Бярэ, глядзіць наўкол,
Пытае ўсхвалявана:
«Вось мой вянок з лілей,
Скажыце ж мне хутчэй,
Чый ён, хто мой каханы?»

Прыбег старэйшы брат.
Смяецца, скача, рад,
Шчаслівы б’е ў далоні:
«Мая ты, мой вянок!
Я стужкаю чырвонай
Яго абвіў знарок.
Знак гэты бачу я!
Вянок мой, ты мая!»

«Хлусня! – другі крычыць, –
Хай кожны паглядзіць,
Дзе я лілеі рваў,
Дзе я вянок сплятаў.
Я рваў іх на кургане.
Я пакажу вам той
Курган сярод паляны»! –
«Вянок не твой, а мой!»

І сварка нарастае,
Брат брату не ўступае.
Ужо мячы звіняць,
Ужо ўступілі ў бой,
І толькі крык чуваць:
«Вянок мой!» – «Не, ён мой!»

Ды вецер у касцёле
Тут дзверы расчыніў
І свечкі пагасіў,
І нехта ў зброі, белы,
Знаёмаю хадой
Прыйшоў, і ўсе наўкола
Яго пачулі голас:
«Вянок не ваш, а мой!
Вянок з майго кургана,
І мне, ксёндз, шлюб давай
З нявернаю каханай!
Я, жонка, муж твой, знай!
Бяда, браты, і вам –
Я кветак не аддам!
Спыніце смертны бой!
Я брат ваш, я муж твой.
Мае вы, мой вянок,
Ідзём у вечны змрок!»

Тут сцены задрыжалі,
Зруб трэснуў па вуглах
І заваліўся дах,
Усё ў зямлю запала.
Адно на месцы тым
Растуць лілей кусты,
Растуць яны высока,
Як пан ляжаў глыбока.

Пераклад М. Танка


Крыніца: Міцкевіч А. «Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мінск, «Беларусь», 1968. – 184 с.

 

Похожие статьи:

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Конрад Валенрод

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязянка

Адам МіцкевічТворчасць Адама Міцкевіча

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Гражына

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязь