Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адам Міцкевіч - Курганок Марылі

Раманс


Чужы чалавек, дзяўчына, Ясь, маці, сяброўка.


Чужы чалавек

Над Нёманам пры даліне,
Там, на зялёнай раўніне,
Што за курган невялікі?
Навокал маліннік дзікі,
Цярноўнік, а ўгору трошкі –
Рамон, крапіва і валошкі,
Яшчэ вышэй – буйныя травы,
Над імі раскінула шаты
Чаромха, прыгожае дрэва.
Туды вядуць тры дарожкі:
Адна з іх направа,
Другая налева,
А трэцяя сцежка – ад хаты.
Ганю я плыты, спяваю,
На курганок паглядаю.
Што за курган-сіраціна? –
Пытаю ў цябе, дзяўчына.
 

Дзяўчына

Кожны тут ведае, браце,
Уся наша вёска ў даліне:
Марыля жыла ў той хаце,
Цяпер яна ў дамавіне.
Справа цераз лужочак
След жаніха дарагога,
А гэта вось матчын слядочок,
А гэта – сяброўкі дарога.
Дагарае ранняя зорка,
Зараз прыйдуць яны да ўзгорка,
Стань там за кучаю лому,
Будзеш сведкам іхняй нядолі.
Глянь, ідзе яе мілы дружочак
На магілу, на жоўты пясочак,
Глянь, маці выходзіць з дому,
А сяброўка нясе вяночак.
Ідуць яны ціха, паволі
І плачуць горка.
 

Ясь

Марыля, любы мой квеце,
Адзін я, адзін на свеце!
Яшчэ ж мы не мелі спаткання,
Яшчэ ж не пазналі кахання.
Марыля, сонейка свеціць,
Чакае цябе твой дружочак,
А ты не расплюшчваеш вочак.
Можа, гневаешся на мяне ты?
Марыля, зоранька, дзе ты?
Марыля мая дарагая!..
Не, не праспала ты ранку,
Любіш ты беднага Янку,
Але ж ты ляжыш нежывая,
Давіць грудзі зямля сырая,
Ты пакінула нас маладая.
Хоць бы слова сказала каханку.
Добра спаў я раней, цешыў я свае

ночы

Тым, што заўтра пабачу мілы

твар твой дзявочы,

Твае ясныя вочы.
Сну няма мне, і гору дзе знайсці тыя

лекі?

Над магілай дачаснаю сплюшчу

павекі,

Можа, бог дасць, навекі.
Гаспадарлівы быў я, цярплівы,
Бацька мной ганарыўся.
Быў мой бацька шчаслівы,
А цяпер занудзіўся:
Сын ад дому адбіўся.
Хто ж цяпер старому паможа?
Прападай наш дастатак!
Хай ваўкі павыдушваюць статак,
Хай гніюць і сена, і збожжа!
Марылі няма. Ах, мой божа!
Дае мне мой бацька грошы,
Дае гарнітур харошы,
Каб узяў гаспадыню ў хату.
Ставіць чарку гарэлкі свату...
Няма, няма Марылі!
Сваты не ўгаварылі.
Не рад ні вясне я, ні лету.
Даруй мне, даруй мне, тата!
Пайду адсюль на край свету,
Спазнаюся з доляй салдата,
Хачу, каб мяне забілі.
Няма, няма Марылі!
 

Маці

Чаму ж я не ўстала рана?
Павыходзілі ў поле людзі.
Няма Марылі каханай,
Ніхто мяне не пабудзіць.
Цалюткую ноч я не спала,
Заснула, калі ўжо світала.
Сымон мой у полі працуе,
Падняўся з першай расою,
Не будзіў ён мяне, шкадуе,
Не снедаўшы выйшаў з касою.
Марыля, Марыля, косіць твой татка,
А я на магіле тваёй, дзіцятка!
Куды я пайду, да каго прытулюся?
Твой татка галодны косіць,
І абеду ніхто не прыносіць,–
Як успомню, слязамі зальюся.
А былі ж мы заўсёды пры хлебе,
А жылі ж мы з табой як у небе.
У нас і вечарынкі,
Збіраліся хлопцы, дзеўкі,
Спраўлялі дажынкі,
Гулялі дасеўкі.
Без цябе пакрывіліся сенцы,
Павуцінай затканы акенцы,
Двор травой зарастае,
Хто ні йдзе, той мінае.
Пакінула доля нас, людзі забылі.
Ах, мой божа, няма Марылі!
 

Сяброўка

Бывала, мы тут, над ракою,
Ад самага рання
Размаўлялі з табою
Пра наша каханне.
Разгараецца неба прыгожа,
А Марылька не бачыць.
Мой божа! Я ж знала твае ўсе сакрэты,
Шчырай дружбай былі мы сагрэты,
Што ж цяпер не даверышся мне ты?
Ты сышла ў красе маладосці,
Што як сонца над полем,
Без цябе няма весялосці,
А боль застаецца болем.
 

Чужы чалавек

Уздыхнуў чужынец глыбока,
Скупую выраніў слёзку
І падаўся з плытамі далёка,
Мінаючы вёску.


Пераклад Ю. Гаўрука


Крыніца: Міцкевіч А. «Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мінск, «Беларусь», 1968. 184 с.

 

Похожие статьи:

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязь

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Конрад Валенрод

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Гражына

Адам МіцкевічТворчасць Адама Міцкевіча

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязянка