Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Спандэй

   Спандэй (грэч. spondeios) — такая стапа ў антычнай (метрычнай) сістэме вершавання, у якую ўваходзяць два доўгія склады (||).
   У сілаба-тоніцы спандэем называюць з’яву, калі ў двухскладовай ці (значна радзей) трохскладовай стапе становяцца побач два націскныя склады:

Не, досыць, досыць! трудна далей...
(Янка Купала)

Разносчыкі крычаць ля кожнай брамы.
Грyк, гoман, гул — усё ракой імкне.
(Максім Багдановіч. «У Вільні»)

Снег— трэці дзень.

Слядоў няма,

На двор і ў сад задзьмуты дзверцы.
(М. Лужанін)


   Амаль усе радкі верша Рыгор Барадуліна «Міласэрнасць плахі», напісанага трохскладовым памерам (Ан3), у першых стопах утрымліваюць спандэй, што вызначае іх рытмічную непаўторнасць:

Вырак нoг абыякава босых.
Мaрны ўздых у глухім палыне.
Пoслух шляху ахвярнага—
Пoсах


Гoркі пыл аддае меліне.
Як апірышча мары і веры,
Ўсе шляхі абышоўшы ў жыцці,
Пoсах грyкне ў нябесныя дзверы,
Цiха ў хaту збаіцца зайсці.


   Злоўжыванне спандэем робіць верш грувасткім, няўклюдным. Разам з тым дзякуючы спандэю паэт можа рытмічна вылучыць тое ці іншае слова ў вершаваным радку, звярнуць на яго ўвагу. Арыгінальная выяўленчая «праца» спандэізаваных харэяў — у вершы Максіма Танка «На камарыным вяселлі»:

На змярканні — шум, гам, звон,
Гэта звоніць дуб, граб, клён.
Кветак весніх — жар, бель, сінь,
Россып буйнае расы.
 

   Шматлікія спандэі, разам са сцяжэннямі некаторых стопаў, вызначылі арыгінальны рытм верша Л. Паўлікавай «Бэз»:

 

Бэз! Бэз! Бэз!
Ах ты, стары знаёмы!
Пах, шэпт — увесь
Мроя далёкага дому.

Бэз! Бэз! Бэз!
Мчыцца на хвалі светлай
Плёс, луг, лес,
Юнае даўняе лета.

Бэз! Бэз! Бэз!
Тварам тану ў суквеццях.
Сінь, высь — спрэс
Звонам паўнюткі вецер.


   У вершы Петруся Броўкі «Родныя словы», напісаным Ам4, апошнія радкі ўсіх чатырох строфаў — суцэльныя спандэі, дзякуючы якім рытмічна вылучаюцца самыя дарагія для паэта словы-назвы. Гэтаму садзейнічае яшчэ і запіс кожнага аднаскладовага слова асобным радком. Вось пачатак верша:

Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.
Як многа гавораць мне назвы такія—
Мінск,

Пінск,

Брэст.
 

   У наступных строфах — такое самае рытмічнае вылучэнне слоў-назваў (дзякуючы спандэю і запісу асобнымі радкамі): …...Што продкі любілі спакойную працу — // Шклоў, // Клецк, // Мір; І разам з Бярозаю катаў тапілі — Пціч, // Друць, // Сож; У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, — Блонь, // Струнь, // Звонь!
   У прыведзеных прыкладах спандэізаваныя радкі могуць успрымацца і як аднаскладовыя стопы. У такім разе вершы Л. Паўлікавай і Петруся Броўкі можна вызначыць як строфныя лагаэды.