Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Рыторыка

   Рыторыка, красамоўства (гр. rhetorike) — навука аб аратарскім мастацтве. Узнікла ў Грэцыі ў V ст. да н. э. Тагачасныя буйнейшыя тэарэтыкі рыторыкі — Арыстоцель, Цыцэрон, Квінтыліян. У антычнасці рыторыка арыентавалася на судовыя і парадныя прамовы, у сярэднія вякі — на сачыненне пісем і царкоўных казанняў, у эпоху Адраджэння і класіцызму — галоўным чынам на мастацкую прозу. Аказала ўплыў на аратарскую прозу, палемічную літаратуру. На Беларусі ў ХVІ—ХVІІІ стст. рыторыка вывучалася ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, у тым ліку ў брацкіх, езуіцкіх і уніяцкіх школах. Сярод беларускіх тэарэтыкаў рыторыкі таго часу — М. К. Сарбеўскі, К. Каяловіч, М. Цяцерскі, К. Нарбут і інш.
   Традыцыйна рыторыка займалася празаічным спосабам выкладу думак, паэтыка — паэтычным. Пазней (у перыяд рамантызму і крытычнага рэалізму) рыторыка набыла іранічны сэнс і стала ўспрымацца як малазмястоўная напышлівая мова.
   У наш час рыторыка адраджаецца як тэорыя красамоўства з асноўнымі мэтамі — пераканаць, усхваляваць слухача, прынесці яму эстэтычную асалоду. Пры гэтым рыторыка ўлічвае функцыі і экстралінгвістычныя фактары маўлення, звяртаецца да розных стылістычных прыёмаў (гл. стылістычныя фігуры), рытарычных фігур. Сярод апошніх вылучаюцца рытарычнае пытанне (яно не патрабуе адказу, нясе ў сябе сцвярджэнне: "Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?// Ці ж нам сілы Бог не даў?" - Якуб Колас, "Беларусам"), рытарычны зваротак (ён не прадугледжвае нейкага канкрэтнага адрасата: "Ой, сястронкі, ой, вясковы, // Ой, вы кветкі прызавяты!"— Цётка, "Вясковым кабетам"), рытарычны вокліч ("А якія месцы тут навокал,// І жывуць якія людзі тут!"- М. Аўрамчык, "Плёсы").