Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Гавэнда

   Гавэнда ( ад поль. gawąda ад gawędzić – балбатаць, размаўляць) – невялікі эпічны празаічны ці паэтычны жанр у польскай літаратуры эпохі рамантызму (канец ХVIII – 1-я палова XIX стст.) Сфармавалася на аснове бытавога апавядання пераважна ў шляхецкім асяроддзі, а таксама і сярод бывалых і гаваркіх сялян.
   У гавэндзе апавядальнік звычайна ад першай асобы расказваў пра пэўныя падзеі, удзельнікам альбо сведкам якіх называў і сябе, ці пераказваў пачутае ад іншага. У расказах магла быць і вялікая доля фантазіі, хоць пры гэтым маглі падкрэслівацца негатыўныя ацэнкі адмоўных з'яў і персанажаў.
   З пісьменнікаў, якія жылі ў Беларусі і пісалі ў асноўным па-польску, гэтым жанрам удала карысталіся Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля. Блізкай да гавэнды былі так званыя бываліцы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У сучаснай беларускай літаратуры на аснове гавэндаў-бываліц выдатны ўзор іх стварыў Янка Брыль у аповесці «Ніжнія Байдуны».