Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Байка

   Байка - невялікі, звычайна вершаваны, алегарычны твор павучальна-гумарыстычнага ці сатырычнага характару. Жыццё чалавека адлюстроўвае ў вобразах жывёл, раслін, рэчаў або зводзіць да ўмоўных адносін. Іншасказальнасць байкі заўсёды шматзначная. Гэтым, дарэчы, яна адрозніваецца ад прытчы, у якой увасоблена адна нейкая ідэя ("Прытча пра хлеб" Максіма Танка). Часта байка мае дыялагічную форму, што надае дзеянню драматычную напружанасць, дапамагае моўнай індывідуалізацыі персанажаў. Шырока карыстаецца вольным (байкавым) вершам. Генетычна звязана з народным і жывёльным эпасам, прытчай і апалогам.

   У гісторыі сусветнай байкі вядомы старажытнагрэчаскі байкапісец Эзоп (VI - V ст. да н. э.), старажытнарымскі Федр (I ст. н. э.). У французскай літаратуры жанр байкі распрацоўваў Лафантэн, у рускай - І. Крылоў, ва ўкраінскай - Г. Скаварада. Першыя беларускія байкі Францішка Багушэвіча ("Воўк і авечка", "Свіння і жалуды"), Альгерд Абуховіча ("Ваўкалак", "Старшына"), Адама Гурыновіча ("Казельчык") часта былі прамым або апасродкаваным наследаваннем І. Крылову. Гэта асабліва выразна відаць у творчасці Марыі Косіч, якая выдала цэлую кніжку баек ("Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую гаворку". Чарнігаў, 1903).

   У творчасці Янкі Купалы ("Ігнат і п'яўкі", "Мікіта і валы", "Асёл і яго цень" і інш.), Якуба Коласа ("Пастух і авечкі", "Пан і рэчка", "Конь і сабака" і інш.), Максіма Багдановіча ("Варона і чыж") і некаторых іншых пісьменнікаў беларуская байка яшчэ на пачатку ХХ ст. стала самабытнай, наблізілася да сацыяльных і нацыянальных патрэб народа, выразна акрэслілася ў жанравых адносінах.

   На новую вышыню ўзняў беларускую байку Кандрат Крапіва, творам якога характэрна высокае грамадскае гучанне і мастацкая дасканаласць ("Сава, Асёл ды Сонца", "Жаба ў каляіне", "Дыпламаваны баран", "Махальнік Іваноў" і інш.). Байкі Кандрата Крапівы - гэта значнае дасягненне ўсёй еўрапейскай літаратуры. З беларускіх байкапісцаў пасляваеннага часу вылучаюцца У. Корбан і Э. Валасевіч. Узоры беларускай байкі можна знайсці ў зборніку "Беларуская байка"(1986).