Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Кандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках

   Пра адметную асаблівасць і байкі як жанру, і сваёй творчасці таксама найлепш сказаў сам байкапісец і драматург Кандрат Крапіва, растлумачыўшы да ўсяго і сэнс свайго псеўданіма:

Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я — пякучка-крапіва.

   Кандрат Крапіва (K.K. Атраховіч) паставіў перад сабой мэту "ўмяшацца ў жыццё і сёе -тое ў ім падправіць". Кожны творца тую ж самую мэту рэалізуе і той жа мэты дасягае па-свойму, адпаведнымі яго таленту сродкамі. Для Кандрата Крапівы такім сродкам, дзейснай зброяй, здольнай патрапіць ва ўсё і ўсіх, што патрабуе ўмяшання і выпраўлення, з'яўляецца сатыра — злы, здзеклівы смех. А жанры, у якіх гэтай зброяй можна патрапіць у"дзесятку", — фельетоны, памфлеты, сатырычныя вершы і байкі. Абібокі, прыстасаванцы, падхалімы, п'яніцы, махляры, самаўпэўненыя і пыхлівыя дурні — вось аб'екты крапівінскага таленту. Дурань перастае быць ваяўнічым і небяспечным, калі яго дасціпна высмеяць.
   Аднак байка да ўсяго яшчэ і філасофскі жанр. Мудрасць у байцы выяўляецца не наўпрост, а іншасказальна — алегарычна. Алегорыя — іншасказанне, перадача думкі і абстрактных паняццяў праз прадмет (адушаўлёны ці неадушаўлёны) ці слоўна-вобразны знак: хітрасць — праз вобраз лісы, упартасць — праз вобраз асла. Раскрыць алегарычны сэнс байкі — гэта і значыць акрэсліць яе ідэйную накіраванасць.
   У вобразе дыпламаванага Барана сатырык высмеяў ваяўнічую шэрасць і дурасць, ахвочую да розных знешніх "атрыбутаў" яе "выключнасці": званняў, дыпломаў, пасад, чыноў. У вобразе махальніка Іванова — самую агідную якасць чалавека: страту чалавечай годнасці, халуйства і падхалімства. У вобразе Бабы, што стала "памагаць... седзячы на возе", — бюракратаў, якія пазашываліся ў кабінетах і з усяе сілы імкнуцца пераканаць усіх у сваёй кіпучай дзейнасці, а на самай справе толькі перашкаджаюць працаваць іншым. Яны — пухіры на целе народа, яго крывасмокі. Без такіх бы "каня як чорт панёс", а з імі — воз ні з месца.
   У вобразе саманадзейнага Каня ўвасоблены "да славы прагныя, ды вузкія ў плячах". Такія не ўсведамляюць свайго бяссілля і нікчэмнасці, а вінавацяць усіх навокал ці абставіны, якія быццам перашкаджаюць рэалізаваць іх "выключнасць" і "геніяльнасць".
   У вобразе ганарыстага Парсюка паказана ўся небяспечнасць пыхлівых і ганарыстых, бо такія пазбаўлены самакрытыкі, здольнасці бачыць, "што ў самога на лычы". Затое "ганарыстыя парсюкі" вельмі падазроныя, помслівыя: "і так ён Падсвінака грызянуў, што той за сажняў пяць адскочыў".
   У вобразах палітычнай байкі "Сава, Асёл ды Сонца" сатырык "праўду едкіх слоў" адрасаваў не толькі фашысцкім совам і іх хаўруснікам. У байцы наогул паказана барацьба дабра са злом. Перамога ў барацьбе (у тым аптымізм пісьменніка) абавязкова будзе належаць дабру рана ці позна, бо, "каб Сонца засланіць, вушэй асліных мала".
   I ўсё ж камічнага эфекту, такога, каб "рагатала ўся Беларусь" (як пра тое сказаў Іван Навуменка ў артыкуле, прысвечаным крапівінскаму таленту), сатырык дасягае толькі, спалучыўшы трапнасць і загадкавасць алегорыі з выдатна створанай камічнай сітуацыяй.
   Байка — эпічны жанр. Нездарма яе справядліва лічаць сатырычнай камедыяй у мініяцюры. A ў камедыі, як і ў любым драматычным творы, аснова, па словах самога ж Крапівы, — гэта канфлікт. Без яго твор разваліцца. I для байкі як сатырычнай камедыі ў мініяцюры вельмі важна камічная сітуацыя на трывалым падмурку канфлікту, што вырашаецца й праз маналогі, а часцей — дыялогі.
   Камічная сітуацыя — гэта тая, у якой "героі" вымушаны выявіць самыя ганебныя свае якасці, бо там для іх ужо падрыхтавана "пастка", не трапіць у якую можна толькі "апублікаваўшы" ўсе свае "даброты". Каб пякучка-крапіва змагла папячы рукі-ногі "многім абармотам", трэба ім палезці "за агуркамі". Кандрат Крапіва —геніяльны майстар і канфліктаў у творах, і камічных сітуацый.
   Нагадаем толькі самыя кульмінацыйныя моманты камічных сітуацый некаторых баек Кандрата Крапівы і вызначым іх ролю ў дасягненні мэты пісьменніка "сёе-тое ў жыцці паправіць".

Але тут здарыўся скандал:
Пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі,
I затрымаўся ён аж ледзь на жываце...
("Саманадзейны Конь")

   "Да славы прагныя ды вузкія ў плячах" найлепш выяўляюцца менавіта ў справе, у сітуацыі ўлады, на пасадзе. I тады ўсім становіцца відавочна, што кароль жа голы! Відавочна, што вялізны хамут не мог затрымацца на іх шыі, што воз, якога яны так праглі, нельга пацягнуць з хамутом на жываце.

І наш Асёл за працу ўзяўся шчыра:
Як можна вушы свае шырай
Ён растапырыў распластаў
І проці Сонца стаў...
("Сава, Асёл ды Сонца")

   Праўда, дабро непераможныя, і ўсе намаганні "Сонца засланіць" аслінымі вушамі — марныя.

...Вось толькі сядуў каляіну,
Плячом пад кола таркану
I к чорту воз перавярну.
("Жаба ў каляіне")

   Сіле можа супрацьстаяць толькі большая сіла, а "пад кола Жаба не падлазь" — такая філасофія байкі.

I дзіва дзіўнае было там цэлай часці,
Што можна з халастых ды ўсе пяць куль папасці.
("Махальнік Іваноў")

   Падхалімства, як і зло наогул, — бязмежнае, у падхалімаў няма ніякіх прынцыпаў, маралі.

I вось за дурасць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк на смех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету.
— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.
Што гэта за "дыплом" Баран ні "мя", ні "бэ",
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца...
("Дыпламаваны Баран")

   Дурасць і тупасць самі па сабе не існуюць. Яны заўсёды ў пары з пыхай, высакамер'ем — псіхалагічна тонка заўважыў сатырык. I заадно папярэдзіў, што вялікая небяспека ідзе не ад бараноў, а ад бараноў дыпламаваных, не ад дурасці і шэрасці, а ад дурасці ваяўнічай.

Ці верыце яшчэ вы, мілыя мае?
Ён (Казёл) нават малако даe.
("Сваяўство")

   Падхалімства, пратэкцыянізм, дыктатура — таксама "жывёлы з аднаго хлява". Мэты іх вядомыя, для дасягнення іх не грэбуюць ніякімі сродкамі і на ўсё гатовы тыя, што вядуць казла да ўлады. Яны будуць пець яму гімны і запэўніваць усіх, што ён нават малако дае.
   Сатырык папярэджвае, што ў падобных сітуацыях, каб не стаць заложнікам інтрыг, шарлатанства жывёл "з аднаго хлява", важна ўсведамленне, што малако "лепей кароўе".
   Кампазіцыйна і бытавыя, і палітычныя байкі складаюцца з дзвюх частак: апавядальнай, у якой эфект камізму дасягаецца камічнай сітуацыяй і алегарычнымі вобразамі, і маралі, вываду. Адметнасцю гэтай часткі крапівінскіх баек з'яўляецца трапна сфармуляваная філасофія. Многія ўдалыя, ёмістыя вобразныя выслоўі сатырыка сталі крылатымі: "Каб Сонца засланіць, вушэй асліных мала", "Другі Баран ні "бэ" ні "мя", а любіць гучнае імя", "Як ты свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч", "Кіраваць-то ты кіруй, ды не вельмі тузай"; "да славы прагныя, ды вузкія ў плячах", "памагаць, седзячы на возе".

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!