Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Максім Багдановіч

1891-1917

   Максім Адамавіч Багдановіч нарадзіўся ў Мінску 9 снежня (27 лістапада старога стылю) 1891 г.
   Бацькі паэта былі інтэлігентнымі, высокаадукаванымі людзьмі. Адам Ягоравіч Багдановіч – педагог, дэмакрат па сваіх перакананнях – прымаў актыўны ўдзел у народніцкім руху. Быў членам мінскай арганізацыі партыі «Народная воля». Усё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню культуры і быту народа, вуснай народнай творчасці. Маці – Марыя Апанасаўна Мякота – працавала настаўніцай, любіла літаратуру і нават сама спрабавала пісаць апавяданні.
   Ранняе маленства Максіма прайшло ў Гродна, куды сям’я пераехала ў чэрвені 1892 г. З-за хваробы Адам Ягоравіч прымушаны быў пакінуць настаўніцкую працу і паступіць на службу ў Гродзенскі сельскагаспадарчы банк. Тут, у Гродна, хлопчык спазнаў вялікае гора: смерць маці. Яна памерла на дваццаць восьмым годзе жыцця ад сухотаў. Страта маці – дарагога і любімага чалавека – вострым болем адбілася ў сэрцы Максіма, пакінула ў яго дзіцячай душы, а пазней і ў творчасці глыбокі след.
   Пасля смерці Марыі Апанасаўны бацька вырашыў перамяніць месца службы і ў 1896 г. з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад. Ад жыцця ў Ніжнім Ноўгарадзе ў Максіма засталіся цікавыя і радасныя ўспаміны. Незабыўнае ўражанне зрабілі на яго вялікі горад, Волга, сустрэча з новымі людзьмі. У Ніжнім Ноўгарадзе жыў і тварыў малады Максім Горкі; да яго прыходзілі літаратары, мастакі, музыканты, простыя людзі з народа.
   Для Максіма гэтыя сустрэчы не прайшлі бясследна. Дружба бацькі з Максімам Горкім напаўняла і яго сэрца. З дзіцячых гадоў захаваў ён у памяці дарагія рысы любімага чалавека і пісьменніка, гарачую любоў да Аляксея Максімавіча, да яго творчасці.
   Максім Багдановіч рос у сям’і, дзе шмат увагі аддавалася выхаванню дзяцей. Бацька абуджаў у сваіх сыноў Вадзіма, Максіма і Лёвы жывую цікавасць да прыроды, развіваў назіральнасць, знаёміў з жыццём народа, з помнікамі культуры, прывіваў любоў да мастацкай літаратуры. Вялікае значэнне надавалася развіццю эстэтычных пачуццяў дзяцей.
   У 1902 г. Максім Багдановіч паступіў у першы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Гэта быў удумлівы, крыху замкнуты, сціплы, не па гадах сур’ёзны хлопец. Рана пачаў ён задумвацца над жыццём. Гэтаму спрыялі абставіны. У краіне нарастаў рабочы pyx, а ў 1905 г. пачалася рэвалюцыя. Рэвалюцыйная бура дасягнула Ніжняга Ноўгарада. Пачаліся хваляванні і сярод вучнёўскай моладзі. Гімназісты «бунтавалі», патрабавалі свабоды, пратэставалі супраць рэакцыйна настроеных выкладчыкаў. У хваляваннях прымаў удзел і Багдановіч, за што набыў рэпутацыю «нядобранадзейнага» гімназіста.
   У школьныя гады Багдановіч не расставаўся з кнігамі, шмат чытаў. За гэта сябры-гімназісты называлі яго Максімам Кніжнікам. Вельмі любіў ён паэзію, музыку, народныя песні і казкі. З вялікай цікавасцю вывучаў творы класікаў сусветнай літаратуры. З рускіх паэтаў захапленне выклікалі ў яго творы Пушкіна, Лермантава, Майкава, Цютчава, Фета, Блока. Многія вершы гэтых паэтаў ён ведаў на памяць.
   Кнігі Максім браў з бібліятэкі бацькі. Тут захоўваліся самыя разнастайныя выданні па гісторыі, філасофіі, эстэтыцы, этнаграфіі, фальклору, творы класікаў рускай і сусветнай літаратур. У бацькавай бібліятэцы былі таксама кнігі аб Беларусі, зборнікі беларускіх песень і казак.
   Багдановічу была дорага спадчына бацькоў. З дзяцінства расла яго цікавасць да гісторыі беларускага народа, яго культуры, вуснай народнай творчасці. З гадамі пад уплывам бацькі яна паглыбляецца. Багдановіч вывучае беларускую мову, чытае кнігі па гісторыі Беларусі, этнаграфічныя працы, фальклорныя зборнікі, знаёміцца з творамі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі і сам пачынае пісаць па-беларуску.
   Па сведчанню бацькі, паэтычныя здольнасці Максіма праявіліся рана. Вершы ён стаў пісаць, калі яму было дзесяць гадоў, але толькі ў 1907 г. на старонках «Нашай нівы» з’явіўся яго першы твор – лірычнае апавяданне «Музыка». Гэта быў літаратурны дэбют Максіма Багдановіча, пачатак яго літаратурнай дзейнасці. Янка Купала першы заўважыў і ацаніў талент маладога беларускага паэта.
   З пераездам бацькі па службе з Ніжняга Ноўгарада ў Яраслаўль Максім Багдановіч перавёўся ў 1908 г. у Яраслаўскую гімназію. З гэтага часу пачаўся новы перыяд яго жыцця і вучобы.
   У 1911 г. Багдановіч закончыў гімназію. Яму захацелася пабываць на радзіме, пазнаёміцца з беларускімі пісьменнікамі, наладзіць асабістыя сувязі з тымі, хто друкаваў яго творы. У чэрвені гэта жаданне споўнілася. Паэт наведаў Беларусь. Паездка працягвалася каля двух месяцаў. Некалькі дзён ён правёў у Вільні, асабіста пазнаёміўся з супрацоўнікамі рэдакцыі газеты «Наша ніва», а астатні час жыў у фальварку Ракуцёўшчына, які належаў роднаму дзядзьку братоў Івана Луцкевіча і Антона Луцкевіча. Спаткалі яго на Бацькаўшчыне як свайго, роднага, з беларускай гасціннасцю.
   Многае запала ў сэрца паэта: знаёмства з радзімай, людзьмі, з якімі ён сустракаўся, з прыгожай беларускай прыродай. Паездка ўзбагаціла яго новымі матэрыяламі, ведамі аб жыцці і культуры народа. Багдановіч быў задаволены, поўны ўражанняў ад сустрэч, ад непасрэднага знаёмства з Бацькаўшчынай. Яна, – успамінае бацька Адам Ягоравіч, – «была вельмі карыснай для яго паэтычнай дзейнасці. Вярнуўшыся, ён многа расказваў пра падзвіжнікаў беларускай літаратуры, пра тыя цяжкасці, якія яны перажываюць, пра нястачу сродкаў, пра бескарыслівае служэнне роднаму слову многіх працаўнікоў...»
   Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Багдановіч марыў аб вучобе ў Пецярбургскім універсітэце, хацеў прысвяціць сябе навуковай дзейнасці. Яго цікавіла беларуская філалогія. Але нязгода бацькі, слабае здароўе і матэрыяльная незабяспечанасць былі перашкодай для гэтага. У 1911 г. паэт паступіў у Яраслаўскі юрыдычны ліцэй.
   Гады вучобы ў ліцэі – важны этап у духоўным і творчым развіцці Багдановіча. Гэта былі гады настойлівай працы над сабой, паглыблення ведаў. Сярод ліцэістаў Багдановіч вылучаўся начытанасцю, багатай эрудыцыяй. Высокі, прыгожы, з хвалістымі каштанавымі валасамі, з душой чулай, уражлівай, паэтычнай – такім ён запомніўся сучаснікам. Ліцэісты яго любілі і паважалі за абаяльнасць, сціпласць, таварыскасць, інтэлігентнасць. Юрыдычныя навукі мала займалі Максіма. Усе сілы і вольны час ён аддаваў літаратуры. Асабліва вабіла яго цяпер паэзія славянскіх народаў. Паэт самастойна вывучаў замежныя мовы, каб у арыгінале чытаць класікаў славянскіх і заходнееўрапейскіх літаратур.
   Ліцэйскі перыяд быў самым плённым у паэтычнай дзейнасці Максіма Багдановіча. У гэты час ён напісаў свае лепшыя творы. Яго вершы і крытычныя артыкулы часта з’яўляліся ў «Нашай ніве», у рускіх газетах і часопісах «Голос», «Северная газета», «Русский экскурсант». У 1913 г. выйшаў з друку першы зборнік яго вершаў «Вянок». Гэта была яго першая і апошняя выдадзеная пры жыцці кніга. У ёй ён сказаў пра ўсё самае важнае, самае дарагое, чым жыла яго душа, чым поўнілася набалелае сэрца.
   Летам 1916 г. Багдановіч закончыў ліцэй і мог бы паступіць на службу чыноўнікам. Але ён выбраў іншы шлях, вырашыў назаўсёды звязаць свой лёс з Бацькаўшчынай. Жаданне аддацца грамадскай дзейнасці на карысць народа прымусіла яго пакінуць Яраслаўль і накіравацца ў Мінск. Тут ён працаваў у губернскай харчовай камісіі, прымаў актыўны ўдзел у рабоце Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны. Жыў на кватэры Змітрака Бядулі.
   Надыходзіла вясна 1917 года, апошняя ў жыцці Багдановіча. Здароўе яго з кожным днём пагаршалася. Паявіліся трывожныя сімптомы, але паэт не здаваўся, не падаў духам, не даходзіў да роспачы, шмат пісаў, за што ні браўся, даводзіў да канца. Гэта быў чалавек выключнай сілы волі, настойлівы, мэтанакіраваны, да канца адданы сваёй справе.
   Але хвароба не адступала. Апошнія творы ён пісаў зусім хворы, задыхаючыся ад кашлю, велізарным намаганнем волі перамагаючы слабасць. Адзін з апошніх сваіх твораў «Страцім-лебедзь» на тэму біблейскага міфа, які нагадалі яму вайна, гібель мільёнаў і свой уласны лёс, ён чытаў, – успамінае Змітрок Бядуля, – «усхвалявана, глухаватым голасам. Канцоўку ён прагаварыў надломаным тонам»:

 

Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных – Максімавых.


   Трэба было ехаць лячыцца. Сябры сабралі Багдановічу грошы на дарогу і адправілі ў Крым.
   Ехаў ён зусім хворы, цяжка было на душы, і ўсё ж надзея на лепшае не пакідала яго. Хацелася жыць і працаваць.
   Шмат задум было ў Максіма Багдановіча. Ён рыхтаваў новы зборнік вершаў, працаваў над беларускім букваром. Але няўмольная смерць не дала магчымасці ажыццявіць гэтыя жаданні.
   Хвароба адняла ў яго мову. Ён не мог гаварыць. I ўсё ж, паміраючы, паэт знайшоў у сабе сілы, каб сказаць, што недарма пражыў на свеце, што пакідае свайму народу кнігу – памятку аб сваім жыцці. Апошняе, што ён напісаў,– мужныя словы, поўныя веры ў каштоўнасць зробленага:

 

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме, ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты*


   Памёр Максім Багдановіч 25 (12 па старым стылю) траўня 1917 г, у Ялце. З ім не было ні родных, ні сяброў. За некалькі дзён да смерці ён напісаў бацьку: «Будзь здароў, стары верабей. Маладому вераб’ю блага».
   Пахаваны паэт у Ялце на Ауцкіх (цяпер Брацкіх) могілках. У Мінску, блізка ад та го месца, дзе ён нарадзіўся, на Траецкай гары, недалёка ад Акадэмічнага тэатра оперы і балета, стаіць выліты з бронзы помнік выдатнаму паэту – даніна ўдзячнай памяці беларускага народа. У правай руцэ ён трымае букет васількоў – сімвал радзімы, роднага мастацтва.


Марцін Кухта – уладальнік друкарні ў Вільні, у якой быў надрукаваны зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!