Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Вінцэсь Каратынскі

(1831-1891)


   Вінцэсь Каратынскі — адзін з нямногіх паэтаў, хто выбіўся «ў людзі» з прыгонных сялян. Сапраўднае яго прозвішча — Каратай. Каратынскім стаў ён, калі атрымаў вольную. Нарадзіўся ў вёсцы Селішча Наваградскага павета. Адукацыю набываў пры дапамозе добрых людзей, у асноўным самастойна. 3 часам ён авалодаў рускай, чэшскай, французскай, нямецкай мовамі, не кажучы пра беларускую і польскую. Працаваў «дырэктарам» — дамашнім настаўнікам у заможных людзей Наваградчыны. Вельмі памагло Каратынскаму ў жыцці знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем, які адразу заўважыў і прыласкаў здольнага сялянскага хлопца. У 1850 г. вясковы лірнік запрасіў яго да сябе ў Залуча. Вінцэсь Каратынскі стаў Сыракомлевым памочнікам-сакратаром. 3 пераездам Сыракомлі пад Вільню, у вёску Барэйкаўшчына, праз нейкі час таксама перабраўся туды і ён.
   Тут, паблізу Вільні, была добрая магчымасць наладзіць сувязь з рэдакцыямі розных перыядычных выданняў. Каратынскі супрацоўнічаў у часопісе Адама Кіркора. Быў членам Віленскай археалагічнай камісіі і Статыстычнага камітэта.
   У 1859 г. паэт ажаніўся з дачкой заможнага шляхціца Станіславай Цалінай Якубовіч і жыў з ёй у маёнтку цесця Якенты Ашмянскага павета. Было ў іх дзесяць дзяцей. Сваю вялікую сям’ю апрача гаспадарання на зямлі карміў Каратынскі журналісцкай працай. У 1866 г. ён пераехаў у Варшаву, дзе супрацоўнічаў з асноўнымі польскімі перыядычнымі выданнямі, выступаючы з нарысамі і артыкуламі. Там, у Варшаве, ён і памёр.
   За пісьменніцкае пяро Вінцэсь Каратынскі ўзяўся пад уплывам і пры непасрэднай падтрымцы свайго настаўніка Уладзіслава Сыракомлі, творы якога ён перапісваў для друку. Першы верш «Над калыскай» (на польскай мове) ён напісаў і апублікаваў ў 1856 г. Пасля пісаў на польскай і беларускай мовах. Уладзіслаў Сыракомля нават меў намер выдаць сумесна са сваім вучнем беларускія вершы ў адной кнізе. Але аўтары не змаглі пераадолець тыя бар’еры, што стаялі перад беларускім словам. Сёння невядома, якія беларускія вершы меліся яны ўключыць у супольны зборнік.
   Праз год пасля паэтычнага дэбюту выйшла першая паэтычная кніга Вінцэся Каратынскага з добразычлівай прадмовай яго настаўніка — «Чым хата багата, тым рада». Вядома ж, на польскай мове — так праблем з выданнем не было. У час прыезду ў Вільню цара Аляксандра II (1859) Каратынскі напісаў для яго прывітання верш на беларускай мове, дзе імкнуўся напомніць самадзержцу пра існаванне пагарджанага панствам мужыка-беларуса. У тым жа годзе асобным выданнем выйшаў найбольш значны твор Вінцэся Каратынскага — паэма «Таміла», у цэнтры якой — вобраз беларускага селяніна Тамілы, праз які аўтар хацеў паказаць жыццё беларускай вёскі таго часу. Праз год убачыла свет апошняя паэтычная кніга Каратынскага — вершаваны памфлет «Выпіў Куба да Якуба», пасля чаго з вершамі выступаў у друку толькі зрэдку. Вінцэсю Каратынскаму прыпісваюцца яшчэ вершы-пракламацыі «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў».
   У паэтычных творах Вінцэсь Каратынскага выдатна праявіліся дэмакратызм аўтара, антыпрыгонніцкі настрой, сугучныя з поглядамі яго настаўніка Уладзіслава Сыракомлі.
   Вельмі цікавыя для нас і многія артыкулы і нарысы Вінцэся Каратынскага, звязаныя з гісторыяй і культурай роднай Беларусі. Сярод іх — «Карціны з берагоў Нёмана», «Некалькі падрабязнасцей пра сям’ю, месца нараджэння і маладосць Адама Міцкевіча», «Саламон Рысінскі», «Віцебск», «Канстанцін Тышкевіч», «Яўстаф Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч», «Дзве будоўлі» і інш.

К. Цвірка

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!