Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рамуальд Зянькевіч

(1811-1868)

   Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, краязнавец і педагог Рамуальд Сымонавіч Зянькевіч нарадзіўся 1 лютага 1811 г. у Завілейскім павеце Віленскай губерні. Магчыма, гэта быў фальварак, што арандаваў яго бацька ў раёне Свянцянаў і Свіры, бо першую адукацыю ён атрымаў у Свірскай парафіяльнай школе ў 1818-1820 гг. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі (1826) і літаратурнага аддзялення Віленскага ўніверсітэта (1830) працаваў настаўнікам і выхавацелем у прыватных школах. У 1844 г. атрымаў сталае месца настаўніка Росенскай павятовай школы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні, але неўзабаве пакінуў працу з-за прагрэсіруючай слепаты. У пошуках работы Рамуальд Зянькевіч апынуўся на Палессі, асталяваўся ў Луніне Пінскага павета, рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх. Гаспадар маёнтка Эдвін Друцкі-Любецкі даў прытулак вандроўнаму настаўніку і дазволіў карыстацца сваёй вялікай бібліятэкай, уласнымі архівамі і кабінетам-музеем.
   Pамуальд Зянькевіч запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У 1847 г. у часопісе «Athenaeum» («Атэнэум») надрукаваў нарыс «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р. Зянькевічам». Поруч з беларускім арыгіналам змяшчаў пераклад на польскую мову, што значна пашырала кола даследчыкаў беларускага фальклору і павышала вартасць яго працы. У зборніку «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 беларускіх песень, запісаных над Пінай, Прыпяццю і Цной, якія ў 1868 г. былі перадрукаваны О. Кольбергам у 52-м томе «Поўнага збору прац».
   Важнейшай у навуковай спадчыне Pамуальда Зянькевіча з’яўляецца праца «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» («Бібліятэка Варшаўская»), у якой ён даў апісанне працоўных працэсаў, каляндарных і сямейных абрадаў, вераванняў і забабонаў. Упершыню расказаў пра старажытны веснавы абрад «куста», які суправаджаўся багатым і пышным рытуалам, пахавальныя абрады, памінальны абрад «дзяды».
   У Вільні Pамуальд Зянькевіч выдаў зборнікі «Рыфмаваныя спробы», «Вяселле, рыфмаваны перадшлюбны падарунак». У рукапісе засталіся «Гісторыя польскай літаратуры», якая заканчвалася раздзелам пра творчасць Адама Міцкевіча, а таксама педагагічная праца пра выхаванне моладзі з пералікам абавязкаў бацькоў і настаўнікаў. Ён з’яўляецца аўтарам працы «Сістэматычны агляд усіх навук». Памёр Pамуальд Зянькевіч 11 верасня 1868 г.
 


І. Драўніцкі