Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Бутрамееў - Славутая дачка Полацкай зямлі

(скарочана)

   Крывічы − адно з самых шматлікіх славянскіх плямён − пабудавалі свой галоўны горад на рэчцы Палата, якая і дала гораду назву − Полацк.
   Першым полацкім князем, пра якога захаваліся летапісныя звесткі, быў Рагвалод.
   На той час на поўнач ад Полацка ўжо існаваў славянскі горад Ноўгарад. А на поўдзень ад Полацка на Дняпры ляжаў старажытны славянскі горад Кіеў.
   На прастоле ў Кіеве сядзеў Яраполк, а ў Ноўгарадзе княжыў яго малодшы брат Уладзімір. Хутка паміж братамі пачалася вайна за тое, каму стаць галоўным князем. Полацк ляжаў на шляху абодвух братоў, што вось-вось павінны былі пачаць бойку. І Яраполк, і Уладзімір хацелі перацягнуць полацкага князя на свой бок і спадзяваліся на яго дапамогу.
   У Рагвалода былі два сыны і дачка. Дачку звалі Рагнеда. Слава пра яе прыгажосць дайшла і да Ноўгарада, і да Кіева. Уладзімір паслаў у Полацк сватоў. Кіеўскі Яраполк таксама хацеў узяць яе за жонку. Рагвалод не стаў прымушаць Рагнеду і дазволіў ёй самой выбраць мужа. Гордая палачанка адмовіла паслам Уладзіміра.
   Атрымаўшы адмову, Уладзімір наняў варагаў і пайшоў на Полацк. Штурм цягнуўся некалькі дзён − палачане што ёсць сілы баранілі родны горад. У баі загінулі адважны Рагвалод і абодва яго сыны. Ворагі ўзабраліся на сцены, падпалілі дамы. Полацк быў разбураны дашчэнту. Большая частка жыхароў загінула, а тых, хто застаўся жывы, забралі ў палон.
   Рагнеду Уладзімір сілаю прымусіў пайсці за яго. Заступіцца за яе не было каму, і ёй давялося стаць жонкай ненавіснага забойцы сваіх родных. А Уладзімір, каб яна заўсёды помніла пра паражэнне Полацка, даў ёй другое імя − Гарыслава.
   Пасля разгрому Полацка Уладзімір асадзіў Кіеў, забіў свайго старэйшага брата Яраполка і стаў адзін княжыць у Кіеве.
   ...Аднойчы, калі Уладзімір заснуў, Рагнеда хацела забіць яго. Уладзімір прачнуўся і адабраў нож.
   − Бацьку майго ты забіў, зямлю маю ты захапіў, а мяне як паланянку ўзяў за жонку! − усклікнула Рагнеда.
   Разгневаны Уладзімір загадаў апрануць ёй самае прыгожае адзенне, у якім яна хоча памерці, сесці на ложа і чакаць смерці, а сам пайшоў па меч. Рагнеда паклікала свайго старэйшага сына Ізяслава, зусім яшчэ хлопчыка. І калі Уладзімір увайшоў, каб забіць Рагнеду, сын аклікнуў яго:
   − Бацька, ты тут не адзін!
   Уладзімір убачыў сына, у руках якога быў аголены меч, сумеўся і не крануў Рагнеду. Ён сабраў баяраў і расказаў ім пра тое, што здарылася. Баяры параілі яму адпусціць Рагнеду з дзецьмі на радзіму − у Полацкае княства. Полацк быў разбураны, і Уладзімір загадаў пабудаваць для сваёй былой жонкі новы горад і назваў яго імем сына, які ўратаваў маці ад смерці, − Ізяслаўлем (цяпер горад Заслаўе).
   Праз нейкі час Рагнеда таксама прыняла хрысціянства. Яна заснавала каля Ізяслаўля першы на ўсходнеславянскай зямлі манастыр і жыла ў ім, прыняўшы манаскае імя Анастасія. Праз нейкі час Рагнеда-Гарыслава-Анастасія памерла. Усе гэтыя падзеі адбыліся вельмі даўно − у дзясятым стагоддзі, амаль тысячу гадоў таму назад.
   ...Кожны народ памятае заснавальнікаў княжацкіх і царскіх дынастый1. У нас гэта Рагвалод і яго дачка Рагнеда, дзеці і ўнукі якой прадоўжылі дынастыю полацкіх князёў.

 

Похожие статьи:

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Князёўна Рагнеда

Пераказы, дыктантыРагвалод і Рагнеда

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Рагнеда

ІншаеУладзімір Бутрамееў - Страсці па Аўдзею

Пераказы, дыктантыРагвалод і Рагнеда