Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Купала - Не шукай

Не шукай ты шчасця, долі
На чужым, далёкім полі,
Гэт, за шумным лесам-борам,
За шырокім сінім морам
Не шукай ты шчасця, долі!
 
Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,
Там, дзе маці над калыскай
Табе песні напявала,
Як малога калыхала,
Толькі ўмей шукаці блізка!

  *

Не шукай сабе дружакаў
Між чужынцаў, між піяўкаў,
Ні у месцы, ні ў палацы,
Ні пры лёгкай панскай працы, –
Не шукай ты там дружакаў!
 
Ты іх знойдзеш вельмі блізка,
Каля хаты, каля нізкай,
Дзе ганяў жывёлу змалку,
Дзе касой махаў на ранку,
Толькі ўмей шукаці блізка!
 
*

Не шукай сабе, мой братку,
З ветрам Бацькаўшчыну-матку
Ні на сушы, ні на моры,
Ні у шчасці, ні у горы,
Не шукай яе там, братку!
 
Яе знойдзеш вельмі блізка,
Як знаходзіць лес вятрыска,
Толькі ў сэрца глянь сваё ты
I ў душу заглянь з ахвотай,
Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка!


   1. Сродкі мастацкай выразнасці анафара, эпіфара і рэфрэн дапамагаюць абуджаць і ўмацоўваць нацыянальна-патрыятычную свядомасць чытача, шукаць і знаходзіць сапраўдныя духоўныя каштоўнасці дома, на Радзіме, бо «яе знойдзеш вельмі блізка, як знаходзіць лес вятрыска, толькі ў сэрца глянь сваё ты і ў душу заглянь з ахвотай...»
   2. Верш пабудаваны ў форме лірычнага маналога, звернутага да адной асобы. Гэта надае яму асаблівы давер, пранікнёнасць. Верш дапамагае юнакам і дзяўчатам не памыліцца ў жыцці – не парываць сувязі з роднай зямлёй, сям'ёй, сябрамі.
   3. Актуальнасць ідэі верша перш за ўсё ў тым, што паэт пераконвае нас: Бацькаўшчына, шчасце, сяброўства – ўсё гэта пачынаецца з маленства, сям'і, бацькоўскай хаты, Радзімы. Трэба быць патрыётам сваёй Радзімы, ганарыцца сваёй роднай культурай, бо шчаслівым чалавек можа быць толькі на той зямлі, дзе ён нарадзіўся.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!