Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ян Чачот - Мышанка

Хадкевіч Кароль1 не займеў яшчэ Мышы,
Далёка ўжо час той, далёка! —
Яшчэ без імя у лясной гэтай цішы
Рака булькатала ў асоках,

Калі жыў ліцвін тут, што Мышкам быў званы —
Дамок з заімшэлай страхою.
Бядняк, але быў ён гасціннасцю знаны,
А болей — красуняй-дачкою.

Адсюль недалёка, над светлай ракою,
Над чыстым, дагледжаным ставам,
Дзе замчышча сёння у хвоях старое,
Быў замак, што ленным тут правам2

У князя быў выслужыў рыцар адданы —
Відаць,. са шчасліваю доляй.
Быў вельмі заможны ён і паважаны,
Як рэдка ў Літве ў нас хто болей.

Прыгожы і стройны, вясёлы заўсёды,
Блукаў на кані, ён па краі.
Скакаў, паляўнічы, ён у Цепліводы3
Кружыў па Казінавым гаі.

Аднойчы ён стрэў над ляшчынай густою
Красы найдзівоснай дзяўчыну,
Што ў кошык арэхі ў лясным супакоі
Зрывала, нагнуўшы галіну.

Бліжэй падышоў. I так шчыра вітае,
Пра імя даведацца хоча.
Яна, адказаўшы, уніз апускае,
Нясмелая, сціплая, вочы.

Падумаў сабе ён: напэўна, прастачка,
Ён лёгка яе ашукае.
Памкнуўся абняць, ды яна — ну й дзівачка!
Наўцёкі, ратунку гукае.

Браты дзесь далёка — ці ж іх дазавецца?
А ён даганяе і з ходу
Хапае дзяўчыну. Яна, хоць, здаецца,
Была і не слабай ад роду,

Не можа тут вырвацца — божа наймілы!
Ну, як жа ёй абараніцца?
Ёй страх, злосць і сорам патройваюць сілы,
Змагаецца, быццам бы львіца.

А ўсё ж ён дужэйшы! Якая хвіліна —
I рыцару здасца ўсё роўна,
Ды пхае яго і хапае, дзяўчына,
Каня тут за цуглі раптоўна.

Конь вырвацца хоча, яна ж яго ўмела
Суцішвае ўміг, чараўніца.
За грыву бярэцца, ускаквае смела —
I вось на кані ўжо імчыцца.

Тут рыцар убачыў слугу і без слова
Каня у яго вырывае.
Ён птушкай — ці поле, ці луг, ці дуброва —
За ёй, маладзён, улягае.

Імчыцца дзяўчына, імчыцца без духу,
А рыцар — за ёю, за ёю,
А вецер аж свішча ў яе каля вуха,
Каса за плячамі — змяёю.

На бераг ракі во яна прылятае,
Конь стаў тут, б’е ў дол капытамі.
I далей — ні крону, зямлю узрывае,
Варочае страшна бялкамі.

Ды фыркае, кружыць, кідаецца ў бокі,
А тут і пагоня далінай
Узвіхрыла пыл, ад яе ўжо тры крокі...
Саскоквае долу дзяўчына.

Ды ў хвалю рачную з разгону нырае —
Хутчэй жа, хутчэй ад пагоні!
Юнак жа — услед. Сілы ёй не хапае.
Штохвілі слабее і — тоне!

Схавалася ў цёмнай вадзе з галавою —
Юнак даплысці ці здалее?
Не ўспеў! Толькі хвалі бягуць чарадою.
Чысцюткая згасла лілея!

Юнак! Што ж тваё нарабіла жаданне?
Даць згінуць душы найпрыгожай,
Так вартай найлепшай пашаны, кахання!
Ну, хто дараваць гэта можа?..

Дазналіся людзі, да плыні святлістай
Падбеглі, у смутку пасталі...
У гонар, дзяўчыны, душы яе чыстай
Мышанкаю рэчку назвалі.

А рыцар над тою ракой ціхаплыннай
Паставіў мястэчка навечна
I Мышшу назваў яго — ў памяць дзяўчыны,
Што так загубіў недарэчна.

Яна ж перад Юр’ем на бераг з-пад раскі
Выходзіць заўсёды вясною,
I скрозь расцвітаюць тады з яе ласкі
Мінушкі4 — іх любяць гурмою

Дзяўчаты збіраць ды, спяваючы песні
Пра сонца і шчасце на свеце,
Віць шчыра вяночкі з іх, красак тых весніх,
Што потым на мшы ўжо асвецяць.

Паслужаць мінушкі дзятве ад сурокаў
Мо чараўніка, чараўніцы.
Хай прымхі ўсё гэта ды іншае вока
Ў іх знойдзе жыцця таямніцы...

У час, калі ноч зорны свет расхінае,
Пры месяцы бачу здалёку,
Як лёгкім зефірам тут перабягае
Дзяўчына раку у паўзмроку.

Угледзь яе постаць у мроіве мглістым —
Імгла ж ля дзяўчыны святлее.
Сама ж яна толькі мо душам найчыстым
Адкрыецца — твар, што лілея.

Сюды ўсе дзяўчаты раней прыбягалі,
Сваёй давяраючы цноце.
У час мой яны ўжо радзей тут бывалі —
Жывуць яшчэ прымхі ў прастоце.

Мо, ў памяць аб даўнім хлапцы і дзяўчаты
На Юр’я па сёння ў сваволі
Уранку з зарою — усе любяць святы —
Прыносяць прысмакі на поле.

Смяюцца, дурэюць, прысмакі з’ядаюць.
Калі ж тут, за трункам старыя,
На межах пасеўшы ўкруга, пачынаюць
Расказваць пра дзеі былыя,

Качацца з пагорка ўся моладзь імчыцца.
Калі да дзяўчыны каторай
Хто з хлопцаў прыкоціцца, з ёю як быццам
I да алтара пойдзе скора.

I праўдзяць варожбы, бо хто ж паімкнецца
3 пагорка таго да нямілай!
А тая ж, што ў мроі ўвайшла ўся і ў сэрца,
Пацягне магнітнаю сілай...

Яшчэ ёсць аповесць. Хто Мыш найдаўно тут
Закладваў, сказаў нечакана:
«Дам селішчу імя той першай істоты,
Што заўтра мне стрэнецца рана».

Назаўтра у бок Цепліводы паволі
Дарогай паехаў ён конна.
Аж бачыць тут: выбегла мышка на поле
3 кустоў, назірае здзіўлёна.

Аповесць во гэтая звязана з тою;
Ды толькі там мышка другая!
О, кожны хацеў бы спаткацца з такою
Пад голлямі спеўнага гаю!

Яе павітай толькі шчыра, пачціва,
Як шчыра вітаў я, бывала,
Ды пагамані, як з сястрою, зычліва,
3 увагай, пашанай, без шалу.

Бо ёсць жа дзяўчаты, якія заўсёды
Лепш кінуцца ў вір галавою,
Чым імя заплямяць за міг асалоды:
Як жыць потым з ганьбай такою?..

О мілы ўспамін! Дарагая Мышанка!
Зноў снішся ты ў барве заранак.
Найпершая ў свеце мая ты каханка,
Мільгнуў тут жыцця майго ранак.

Мае ўсе тут гульні, блуканні, забавы,
Высочваў я рыбку тут днямі,
Траву нёс кароўкам, рваў кветкі, рухавы,
Тут «біўся» не раз з «казакамі».

У чыстым крышталі тваім тут, здзіўлёны,
Я бачыў тады пад вадою
Чародку альшын, бор, узгорак зялёны,
Сябе — і ўсё ўніз галавою.

Тут час пралятаў мой, нам, дзецям, з табою
Так міла было і цікава.
Як рады былі, калі крыгі вясною
Ішлі тут — за лаваю лава!

Тады, у маленстве, калі я, шчаслівы,
У твае углядаўся крышталі,
Не знаў, што ўжо ў сэрца —

о час наш імклівы! —

Яны мне навечна запалі.

Сум, радасць — як воблакі, тут праплывалі,
Раіліся чыстыя мары.
Вучылі нас думаць, рака, твае хвалі
I родных палеткаў абшары.

3 людзьмі жывучы, ад людзей о як многа
Бярэш ты і ў сэрца, і ў голаў.
Як і ад ракі той, ад гэтых разлогаў,
Ад жыта, што спее наўкола.

Я жыў той красою — у часе прымглёным,
Красе ўсёй, пачуццям высокім
Я толькі пасля пазнаходзіў імёны
У свеце шматфарбным, шырокім.

Не знаю, дзе буду, памру дзе, не знаю,
Ды ўдзячны зямлі я, дзе вырас,
Я ў думках лячу зноў да роднага краю,
Здалёк мне відаць яго вырыс.

Мышанка мая! За ўсе краскі, за тое,
Што жыў тут, табою прыгрэты,
За светлае ранне сваё залатое,—
Прымі ж ты вянок мой во гэты.


1. Хадкевічы – магнацкі род на Беларусі, ва ўладанні якіх і было мястэчка Мыш;
2. Леннае права – сярэдневяковыя праўныя звычаі, якімі рэгуляваліся ўзаемныя адносіны паміж землеўласнікам і васалам;
3. Цяпліводы – вёска ў былым Нава.г.радскім павеце; цяпер – Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці;
4. Мінушкі – «Plantago major. Бабка» (Я. Ч.) – подорожник.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!