Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ян Чачот - Паэзія 30-40 гг. ХІХ ст.

   Ян Чачот (1796–1847) пачаў сваю літаратурна-фалькларыстычную дзейнасць яшчэ ў філамацкія часы, калі ў яго творчай працы з’явілася арыентацыя на беларускую народную песню, на беларускае слова. Растлумачыць гэта можна тым, што сябра Адама Міцкевіча паходзіў з найбяднейшае шляхты, роднаю моваю якое была беларуская. Пра гэта сведчыць і прыпіс да песні “Панічыку, наш кароліку”, змешчанай у “Вясковых песенках з-над Нёмана і Дзвіны”:

   Да паступлення ў дамініканскі калегіум у Наваградку дачыненні Яна Чачота з польскаю моваю насілі нерегулярны характар, хоць рыхтуючыся да вучобы, ён мусіў вывучаць яе. Апынуўшыся ў коле віленскіх студэнтаў, большасць якіх выхоўвалася ў польскамоўных сем’ях, а беларускую мову ведала павярхоўна, Ян Чачот становіцца першым, хто ўводзіць беларускі фальклор (а пасля і мову) у літаратурны ўжытак філаматаў, прадвызначыўшы гэтым узлёт рамантычнага генія А. Міцкевіча. Сам жа Ян Чачот так і застаўся на прадрамантычных пазіцыях, але вусная народная творчасць беларускага народа становіцца яго ўлюбёным захапленнем.

   Ужо ў філамацкі перыяд ім быў падрыхтаваны зборнік песняў у трох частках (1. “Песні Яна, спяваныя дзеля Зосі”; 2. “Зосіны песні, прыстасаваныя да народных вясковых песняў, з музыкай”; 3. “Элегіі”), у якім шмат твораў, напісаных паводле беларускіх песняў, якія ён памятаў з дзяцінства. Характэрна, што Ян Чачот не мае ў гэты час фальклорных запісаў: пра гэта сведчаць шматлікія прыпісы ў зборніку, накшталт: “Радкі, узятыя ў двукоссе, пазычаны з песні, якая спяваецца на гэтую ноту. Наступных не ведаў і “даштукаваў”. У “Дадатку” да зборніка паэт абгрунтаваў сваю задуму пісаць творы паводле народных песняў. Па-першае, гэта імкненне, “каб прыемныя мелодыі народных песняў сталі сваімі дзеля вышэйшага класа”, г. зн. што ён, адзін з нешматлікіх абазнаных у гэтай справе, робіць тое, чаго не могуць іншыя: з дапамогаю народнае песні збліжае сялян і шляхту. Ён за тое, каб яго творы прыйшлі “ў пакоі”, а таксама, каб вярнуліся пад страху, апрацаваныя ды на іншай мове. Па-другое, прыцягнуць увагу да вясковых песняў, абудзіць ахвоту да іх збірання – зноў жа з тою мэтаю. Па-трэцяе, усё гэта, на ягоную думку, будзе пабуджаць пана да палягчэння быту сялянаў.

   Дзесяцігадовая ссылка не перамяніла асветніцкіх поглядаў Яна Чачота, не перамяніла і яго дэмакратызму. Атрымаўшы дазвол пасяліцца ў Лепелі, Ян Чачот, нягледзячы на клапатлівую службу сакратара ў дырэкцыі Бярэзінскага канала, пачынае займацца тым, да чаго ўсё жыццё цягнулася яго душа: за год-два ім быў падрыхтаваны (пра гэта сведчыць прадмова, напісаная ў 1834 г.) першы томік “Вясковых песняў з-над Нёмана”. Верагодна, дзеля перакладу паэт выкарыстаў фальклорныя запісы, зробленыя ў ваколіцах Беліцы і вёскі Стокі. Іх дасылала яго малодшая сястра Тэкля.  

   Найвялікшая мара паэта – каб сяляне заспявалі яго польскамоўныя песні! Як растлумачыць гэта? Тым, што цёмны беларускі люд трэба далучаць да асветы праз польскую мову, ці што польская справа на Беларусі загіне, калі не будзе збліжацца з простым людам? Ці, можа, клопат пра маральнае ўдасканаленне грамадства больш хвалюе Яна Чачота?

   Першы томік “Вясковых песняў з-над Нёмана” ўбачыў свет у 1837 г. у віленскай друкарні Завадскіх і меў, пэўна ж, поспех. Гэта заахвоціла Яна Чачота да працы. Ён просіць сваіх знаёмых дасылаць яму вясковыя песні. Па падліках Л. Малаш, толькі наддзвінскіх песняў было ў Яна Чачота 557. Ён крапатліва працуе над імі і, урэшце, у 1839 ды 1840 гг. выдае яшчэ два зборнікі. Параўнанне народных песняў двух рэгіёнаў дало мажлівасць паэту-перакладчыку зрабіць важную выснову: калі ў прадмове да першага томіка ён пісаў, што “на адлегласці колькі міль, нават паўмілі зусім розныя спяваюцца песні”, дык у прадмове да трэцяга, штонават у далёка адлеглых паміж сабою вёсках яны вельмі падобныя, з невялікімі часам адхіленнямі ў словах. Нёман і Беліца ад Дзвіны і Бярэзіны і лепельскіх аколіц няблізкія, а песні іх усё ж падобныя; гэтакія ж песні і над Віліяй у Завілейскім павеце. Хто іх папераносіў? Не друк і творы, а памяць, сэрца і вусны братніх плямёнаў.

   Шчыраю любоўю да простага чалавека, надзеяю, што прамень святла загляне ў цёмную хату, прасякнуты верш-прысвячэнне Яна Чачота “Любым сялянам з-над Нёмана і Дзвіны”, змешчаны ў трэцім томіку “Вясковых песняў”:

Калі ж вы чытаць ужо будзеце, брацця?

Вы ўведалі б з Божае ласкі,

Што вам неслі шчыра мы гэта багацце –

Ніў вашых калоссе і краскі.

Я з сэрцам удзячным дар шчодры во гэты

Кладу перад вамі мрою:

Калі і да вас блісне промень асветы,

Вы возьмеце дар мой з сабою.

А сёння хай знаюць вяльможныя людзі,

Хто працай узнёс іх у свеце.

Уклаў Бог адны нам пачуцці у грудзі,

Мы ўсе – адной мацеры дзеці.

   Варта адзначыць, што ўжо ў прадмове да першага томіка Ян Чачот абяцае, “Калі збор песняў павялічыцца”, выдаць іх разам з тэкстам арыгіналу. На справе гэта стала магчымым толькі ў 1844 г. у чацвёртым томіку “Вясковых песняў”. У гэты час хворы паэт атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму: да снежня 1844 г. жыве і працуе ў Шчорсах бібліятэкарам графа Адама Храптовіча. Дык дзеля чацвёртага томіка выкарыстаны песні Наваградчыны. Праўда, падаючы арыгіналы беларускіх песняў, Ян Чачот захоўвае наступную прапорцыю: 10 наднёманскіх і столькі ж наддзвінскіх.

   Але найбольш цікавае ў томіку – гэта 28 твораў на беларускай мове, гэтак званыя “Уласныя вясковыя песні”. Тут Ян Чачот асноўную ўвагу звяртае на маральнае ўдасканаленне сялянаў. Ён вучыць цёмнага, забітага горам мужыка самым простым рэчам: не губіць сваё жыццё ў гарэлцы, не гультайнічаць, быць сумленным чалавекам, руплівым гаспадаром. Прычыны народнае нядолі паэт бачыў у абыякавасці пана, у ліхім аканоме, а таксама і ў самім селяніне, які прапівае грошы, не ўмее ўжыць іх так, каб яны прыносілі карысць. Ва “Уласных вясковых песнях” Ян Чачот сцвярджае, што чалавек ад прыроды разумны і добры, трэба толькі ўмець дапамагчы яму:

Паночкі, нашы кветачкі,

Вучыце нас, свае дзетачкі,

Як мы маем лепей жыці,

На вас, на сябе рабіці.

   Яго ідэал мужыка ўвасоблены ў вобразе такога селяніна, які

Трэзвы, гаспадарны!

Для такога ў цэлым року

Жадын час не марны!

   Лад у грамадстве, на яго думку, можа ўсталявацца, калі стануць гарманічнымі адносіны між селянінам і панам:

Пана Хрэптавіча мужыкі харошы,

Вясёлы, адзеты да і не без грошы.

(…) Мы панам шчаслівы! Да Бога заклічам:

Дай век доўгі жыці з нашым Хрэптавічам!

   Дасягнуць такой салідарызацыі немагчыма з-за аканома, які “грош пану ў кішэню, а два сабе ўложыць”. Фактычна, Ян Чачот паўтарае асветнікаў XVIII ст., якія з дапамогаю “ідэі добрага пана” збіраліся “даць грамадству мільён свядомых грамадзянаў”. Салідарызацыя ў тагачасных умовах давала патрыётам шанец і надзею на адраджэнне. Па гэтай прычыне паэт шмат увагі надае гаротнаму становішчу простага люду: праз іх маральнае ўдасканаленне, верыць ён, можна прыйсці да справядлівага жыцця.

   Цікава, што да “Уласных вясковых песняў” Ян Чачот дадае і польскамоўныя іх адпаведнікі. Гэта ці не самая вялікая Чачотавая загадка. Польскія даследчыкі задаюцца пытаннем: навошта паэт перакладаў з беларускай мовы, ці не лягчэй было б адразу напісаць іх па-польску? I даюць адказ: справа ў тым, што ён свядома працаваў на народную культуру беларускай вёскі адначасова ў двух кірунках. Мясцовыя тэксты прызначаліся дзеля беларускага люду, асабліва дзеля тых, хто ўмеў чытаць, у той жа час польскія тэксты паэт скіроўваў да дзедзічаў, аканомаў і дворні, да асяроддзя, якое ў вялікай ступені адказвала за ўзровень вясковае культуры.

   Але калі ўлічыць, што адукаваны селянін не горш чытаў па-польску за аканома ці дворню, а Чачотавыя зборнікі магла набыць толькі заможная шляхта, дык становіцца зразумела, што пытанне гэта такім чынам не вырашыць. На нашу думку, зварот Яна Чачота да творчасці на беларускай мове – гэта падсвядомае выяўленне стану ягонае душы, не цалкам яшчэ атручанае польскаю школаю, польскім касцёлам, польскаю ідэалогіяю. Менавіта думкі, што да маральнага ўдасканалення грамадства неабавязкова ісці праз польскую культуру. Аднак пра тое, што думкі паэта насілі супярэчлівы характар, сведчыць пераклад “Уласных вясковых песняў” на польскую мову. Пра гэтую ж супярэчнасць сведчаць і два наступныя томікі “Вясковых песняў”. Зборнік 1845 г. – гэта, фактычна, вяртанне Яна Чачота ў 30-я гг.:

   Народныя песні, аздобленыя музыкай вядомых кампазітараў і пры выкананні добрымі галасамі, абудзяць больш жывую ўвагу да аўтараў гэтых песняў – сялянаў.

   Тут на першым плане і задача ўзбагачэння польскай культуры: дзеля разнастайнасці паэт перакладае нават украінскія песні, пачутыя ім ад знаёмых, а таксама са зборніка Вацлава з Алеска і Жэгота Паўлі. Зусім іншы наступны, апошні томік. Мяркуючы па ім, можна казаць пра тое, што Ян Чачот бачыў будучыню беларускай мовы, беларускай культуры:

   Выдаючы сто песень, крыху прыказак на славяна-крывіцкай мове і яе самабытных слоў, я хацеў бы мець столькі ведаў і здольнасцей, каб даць нейкі граматычна-гістарычны нарыс гэтае мовы і падрыхтаваць для даследчыкаў славяншчыны грунтоўныя заўвагі, але паколькі гэта немагчыма, мушу абмежавацца адной падрыхтоўкай для іх невялікага матэрыялу да падобных заўваг і накідаць некаторыя, хоць сціплыя назіранні, якія ў мяне ў гэтых адносінах узніклі. Грунтоўны роздум над гэтай мовай, на якой на нашай памяці любілі размаўляць паміж сабою старыя паны, што яшчэ жывуць, на якой дагэтуль гавораць паны і аканомы з сялянамі, на якой пісалі ў нас некалі афіцыйныя акты, застаецца цалкам якому-небудзь здольнаму, можа селяніну, што праз навуку ўзнімецца да дольш глыбокага разгляду дасканала вядомай яму мовы.

   Здавалася б, у грамадстве адбыўся пэўны зрух, які даў магчымасць гаварыць пра раней забароненае. Але ніякіх пераменаў у дзяржаўнай палітыцы і ў грамадскай свядомасці ў сярэдзіне 40-х гг. не было. Не з’явілася ў гэты час аніякіх навуковых працаў, дзе б закраналася гэтае пытанне. Таму слушна сцвярджае У. Мархель, што ў працэсе паглыблення ў працу над перакладамі беларускіх народных песняў Ян Чачот перагледзеў свае зыходныя пазіцыі і “ў рэшце рэшт востра ўсвядоміў неабходнасць таго, каб адрасаваць фалькларыстычную працу і ўласную песенную творчасць не толькі польскамоўнаму, але і беларускамоўнаму чытачу”. Аднак жа “Песні земляўласніка”, “Маральныя апавяданні для дзяўчат”, “Рэлігійная паззія”, “Літоўскія песні”, “Жмудзь і Літва ў карыкатуры” ды інш. працы паэта абавязваюць вельмі асцярожна гаварыць пра перамену ў поглядах Яна Чачота. Польскамоўнае асяроддзе настолькі моцна трымала паэта, што зрабіўшы крок ад яго, пасля даводзілася рабіць ледзь не столькі ж назад. Народжанаму на гістарычнай Літве ў той час немагчыма было ўзначаліць беларускі рух: аднаго спачування і любові да русінскага ці крывіцкага племені мала. Беларуская дзейнасць Яна Чачота, што вынікала з яго беларускага паходжання і абароны беларускага прыгоннага селяніна, сталася сапраўдным каталізатарам росту нацыянальнай свядомасці адукаванага беларускага абывацеля. Чачотаў уплыў быў настолькі магутны, што наступныя пакаленні беларусаў залічылі яго ў шэраг пачынальнікаў новай літаратуры.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!