Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Якуб Колас - Пастух і авечкі

У пастуха было у стадзе
Больш за тысячу авец,
I трымаў ён іх ў аградзе,
Дзе рос адзін мох і сівец.

Авечкі часта галадалі,
Ягняткі дохлі маладыя.
Трыбухатыя, худыя
Авечкі ногі чуць цягалі.

А за парканам раслі травы,
Ішлі палі падрад у лавы,
Гай зялёны, лес чарнявы,
Рос і хвойнік маладнявы.

Авечкі ў дзіркі пазіралі
I слінкі, бедныя, глыталі.
Жыць далей так не стала сілы –
Трыбух сцягнула ім і жылы.

I што ж рабіць было ўжо стаду.
Вось бараны прыйшлі на раду.

Пабляялі тры гадзіны,
Трохі змялі сабе спіны
(Аж да бойкі тут дайшло).
А назаўтра, ўстаўшы рана,
Да свайго пайшлі Сцяпана
(Дзесяць штук усіх пайшло).
Сам пастух сядзеў у хаце,
Стрыг авечак, скуру дзёр,
Ды гуляў каля азёр,
I качаўся ў сенажаці.
Выйшаў ўперад, пакланіўся
Пастуху стары баран
I сказаў: «Вяльможны пан!
Ці на нас ты прагнявіўся,
Ці за што ты нас караеш,
Што ў загон нас заганяеш.
Б'юць падпаскі нас няшчадна,
Нас сабакамі шкуюць,
Дарма воўну нашу рвуць...»
Гаварыў ён доўга, складна,
Пастух слухаў усё да слова:
– Зробім, – кажа, – ўсё нанова:
Волю дам вам, небажаткі;
Будуць цешыцца ягняткі,
Вас не будуць болей біць,
Будзе што вам есці, піць...
Забляяла усё стада,
Скача з радасці грамада...
К пастуху прыйшлі падпаскі,
Сталі радзіцца яны,
Каб не страціць ў стадзе ласкі,
Каб маўчалі бараны.
Што ж, пусціць авец на волю?
Больш работы будзе ім:
Авец трудна пасвіць ў полі,
Як заманіш іх і чым?
Покі там яны судзілі,
Злосць напала на авец,
Бараны паркан пабілі,
Бачаць – кепскі тут канец.
Бягуць падпаскі, пастух з імі:
– Стойце, стойце! Усё дамо.
Скінем цяжкае ярмо.
– Эй, падпаскі! жэрдзе вымі!
Як пачула стада волю,
Дык давай гуляць па полю –
Па аўсе ды па ячмені.
Сціснуў палку пастух у жмені:
– Мы ж далі ім, што хацелі,
На зямлі ляжыць паркан,
А яны авёс паелі!
Кліч сабак сюды, Іван!

Як вам, хлопчыкі, здаецца:
Як я ў кадзь вады налью,
Клёпкі вон падастаю,
Дык вада ці астанецца?
 


1905

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!