Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

   Нацыянальнае як умова і крытэрый мастацкага шэдэўра сусветнай культуры, якім і з'яўляецца паэма «Новая зямля», выявілася і ў майстэрстве Коласа-пейзажыста.  

   Энцыклапедычнасць паэмы, яе жанр і кампазіцыя спрыяюць таму, што перад намі паўстае вобраз роднага краю ва ўсе поры года: ранняй вясной, у летнюю спёку, і кал і «на ніцях белай павуціны прывозяць восень павучкі», і зімой, калі мароз «ідзе, сярдзіта пагражае, па даху гонтамі страляе». Мароз — мастак, ён «на небе ставіць троны, Вянцы на месяц ускладае, На снезе зоркі рассыпае; і так прыгожа, так старанна Бярозы белай тчэ убранне».

   Прырода ў паэме — не толькі фон, але і дзейная асоба, жывая істота, і апісвае яе Колас-рэаліст часцей за ўсё рамантычнымі сродкамі, робячы для гэтага «героя» сваёй паэмы выключэнне. Мароз у паэме не толькі мастак, будаўнік, але і «штукар»:  

Не раз, жартуючы, загубіць

Таго, хто ў лапы пападзецца,

Яшчэ над бедным насмяецца:

«Прыляж, бядача, ты з дарогі,

Няблізкі хатнія парогі...

Прыляж, сагрэйся, мой пахілы,

Пакуль табе прыбудуць сілы.

А я салодкі сон навею

І гожай казкаю сагрэю...

   Чытаючы паэму, мы можам уявіць усход сонца і летнюю раніцу, пачуць жураўліны клёкат і спеў жаўрука, пабываць на квітнеючым лузе і пясчаным беразе.  

Усход жыве, усход палае,

Слупы-праменні падымае.

І вось яна, жыцця крыніца...

   «Малюнкі родныя і з'явы», прырода роднага краю для коласаўскіх герояў - «жыцця крыніца», крыніца радасці і натхнення, гаючая сіла, што таксама, як і плён працы, «цешыць душу леснікову». Ніхто так, як Колас, з такой мастацкай сілай не паказаў гармонію чалавека і прыроды. Прырода «з людзьмі жыве супольна», — падкрэслівае паэт.  

   Сюжэт «Новай зямлі» грунтуецца на гісторыі апісання жыцця сям'і Міхала. І аснова гэтага жыцця — нястомная праца, якая, як і прырода, услаўлена, апаэтызавана Коласам:  

Эх, час касьбы, вясёлы час!

і я ім цешыўся не раз.

і з таго часу па сягоння

Мне сонцам свеціць Панямонне!

   Хараство навакольнага свету і праца хлебароба падаюцца як непадзельнае, найвышэйшай красы адзінства. Паэт у аднолькавай ступені захапляецца і прыгажосцю прыроды, і веліччу чалавека працы.  

   Метафарычнасцю, вобразнасцю вылучаецца і апісанне прыроды: (Елка ў пары з хваіною, Абняўшысь цесна над вадою, Як маладыя ў час кахання, Ў апошні вечар расставання), і апісанне працы, яе плёну: снапы «стаяць, бы лялечкі якія, Глядзяць, як госці дарагія». Малацьба асацыіруецца з музыкай: «Не малацьба, а бубнаў хоры!.. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна». Дзядзька Антось не арэ, а «тчэ сахою кросны-ролі.  

   Усведамленне роднай зямлі і яе прыроды як найвялікшай каштоўнасці ў паэта настолькі моцнае, што ў лірычных адступленнях ён звяртаецца да радзімы, родных мясцін, як да маці, і просіць у яе дапамогі і благаславення для сваіх любімых герояў. Аўтар перакананы, што радзіма для чалавека — прошча:  

Дзень добры, родная мясціна!

Спаткай ты нас, як маці сына

Па часе доўгае разлукі,

і разгарні прыветна рукі

Для тых, хто змушаны ў няволі

Жывіцца хлебам твайго поля...

   Афарыстычна матывавана паэтава просьба ўзброіць «надзеямі грудзі» герояў: «бо мы твае, зямелька, людзі!»  

   Жанр паэмы (яна ліра-эпічная) праз лірычныя і філасофскія адступленні садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што родная зямля для кожнага чалавека — зямля святая, надзеленая надпрыроднымі сіламі. Гэтая філасофская думка гучыць ужо ў самім лірычным уступе, якім і пачынаецца паэма:  

Мой родны кут, як ты мне мілы!...

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае ўбогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.

   Менавіта ў родным краі чэрпалі таксама сілы, спачын і лекі для душы і героі паэмы, калі былі ў нялёгкай дарозе да сваёй мэты — да волі.  

   Лейтматывам волі і новай зямлі прасякнута ўся паэма. Эпічныя раздзелы паэмы размешчаны так, што паслядоўна паказваюць вытокі мары Міхала, шлях яго і яго сям'і да яе здзяйснення.  

   Апісанне жыццёвых калізій, што здараюцца з героямі, спрыяе панарамнаму паказу ўсёй Беларусі, а не толькі некаторых яе мясцін.  

   Пярэбары сям'і Міхала ў Парэчча, паездка братоў у Заблонне да Хадыкі («прад імі Случчына ляжала, старонка міла і багата») і дзядзькі Антося ў Вільню — галоўныя моманты знешняга дзеяння. Прыём вандровак, па-майстэрску выкарыстаны паэтам, садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што дадзеная нам Богам зямля — найбагацейшы край, у якім ёсць выключна ўсё, што неабходна для жыцця чалавеку. Толькі «ўсё гэта — скарбы нужаніцы, магната князя Радзівіла», чужая краса і багацце. Але «што краса без аўладання ?».  

   Верай у лепшы лёс сваёй зямелькі, у якой толькі і можна «пазычыць сілу», у лепшую долю народа гэтай зямлі прасякнута ўся паэма:  

Жыві ж, наш край!

Няхай надзея

Гарыць у сэрцы і мацнее... 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКраса роднай зямлі

Пераказы, дыктантыЛюбіць родную зямлю

Пераказы, дыктантыЗімовы начлег

Пераказы, дыктантыСэрца рвецца дадому

Пераказы, дыктантыЧалавек і прырода