Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Якуб Колас - Купальскія светлякі

Увага! Поўны змест

   Расцярушыла ночка свой цёмны пыл, распляла над зямлёю свае чорныя косы, а сама, як маці, прытаілася ў лесе, каб вартаваць і ахоўваць сон людзей і сон прыроды. Гэта была добрая ночка. А каб на зямлі не было так маркотна ў часе яе прыходу, яна пазмятала з неба ўсе хмаркі, і яно заззяла тысячамі рознакаляровых агеньчыкаў-зорак. Слаўна блішчалі гэтыя адвечныя нябесныя вочы. Яны дрыгацелі ў пералівах жывых агнёў, нібы брыльянцістыя матылькі, што, сеўшы на краску, трапечуць крыльцамі, сатканымі з праменняў. А можа, яны, робячы гэтыя дзіўныя рухі, спявалі там свае песні, але голас песень не мог даляцець да зямлі з бяздонных глыбінь, бо зоркі былі вельмі далёка ад яе. Аднак было добра адно тое, што бляск зорак асвятляў і ночку і тым самым рабіў меней адчувальным змрок. Тыя ж, каму прыходзілася ў гэты час быць у далёкай дарозе, калі ў сэрца закрадалася трывожная думка: а ці той гэта шлях? — пазіралі на зоры і па іх знаходзілі дарогу. А калі хто прачынаўся ўночы і таксама заўважаў зоркі на небе, дык і яму было весялей, і ён выказваў уголас сваё здаваленне.
   Адзін чалавек шукаў у гэтую ноч кветку папараці, бо кажуць, што ў купальскую ноч зацвітае яна агнявістым цветам. Многа людзей шукала гэтую кветку, але ніхто не знайшоў па той простай прычыне, што папараць ніколі не цвіла з таго часу, калі пачала расці на свеце. Аднак чалавек усё ж такі знайшоў кветку папараці, і гэта ніколечкі не супярэчыць таму, што гаварылася раней, бо гэты чалавек не сапраўдны, а казачны. У казцы ж усё можа быць. Гэтая знаходка зрабіла чалавека шчаслівым. Усякія згрызоты і непрыемнасці не краналі яго. На душы ў яго было спакойна і радасна.    А цікавей за ўсё тое, што яму сталі вядомы галасы прыроды і ён мог разумець яе думкі.
Ідзе чалавек і чуе, як перамаўляюцца дрэвы між сабою. Ён спыніўся. Яго зацікавіла гутарка двух велізарных дубоў, што стаялі ўскрай лесу. Ноч, цішыня, блісканне тысяч зор, як відаць, настроілі іх на філасофскі лад.
   — Чым цікава жыццё, — казаў адзін дуб, — дык гэта тым, што яно хоць і ідзе па пэўных законах, але вечна змяняецца і разгортвае новыя старонкі. І колькі б ты ні жыў, ніколі не пасягнеш яго мнагалучнасці.
   — У гэтым і ёсць мудрасць жыцця, брат мой дуб, бо калі б мы пазналі яго таямніцы, нам не было б і ахвоты жыць на свеце.
   — І няўжо ж ніколі, ну, не мы, а нашы патомкі, не дасягнуць гэтага сусвету ва ўсёй яго складанасці?
   — Думаю, што ніколі. Бо вось і мы: чым больш высока падымаемся над зямлёю, тым большыя і шырэйшыя далягляды адчыняюцца перад намі... Я, ведаеш, люблю гэтыя бліскучыя зоры: іх святло і вабіць і прыцягвае.
   — Знайшоў чым захапляцца, дурань стары! Хі-хі-хі! — пачуўся новы тоненькі-тоненькі галасок, які ішоў аднекуль з-пад каранёў дуба.
   Чалавек зірнуў уніз. Па дубовых каранях і па траве пад дубамі поўзалі харошанькія светлячкі. Галоўкі ў іх былі цёмныя, можа, іх зацямняла ноч, бо яна стаяла тут недалёка і таксама слухала музыку цішыні і шолахі прыроды, яе гутарку. Затое ж жывоцікі гэтых светлячкоў-жучкоў свяціліся зеленаватымі агеньчыкамі. Але трэба было вельмі ўважліва прыглядацца, каб іх прымеціць. Чалавек стаў слухаць, аб чым гаманілі светлячкі. Іх было тут вельмі многа. З іх чарады абабраўся адзін жучок. Сам ён быў тоненькі, але жывоцік меў крыху таўсцейшы, з прычыны чаго і агеньчык яго выдаваўся крыху больш прыметна. Ён прымасціўся на кары дубовага кораня, нарыхтаваўшыся сказаць прамову жучынай грамадцы. І ён сказаў:
   — Ёсць многа на свеце агнёў, але яны аджылі свой час. Жыццё не стаіць на адным месцы, як казаў — вы чулі самі — і гэты дуб, значыць, і агонь павінен перайсці ў іншыя формы. Такімі формамі і з'яўляемся мы, чуеце, жучкі? Мы! Я засмяяўся — вы чулі? Я засмяяўся, калі пачуў ад гэтага старога дуба, што яму падабаецца святло зорак... Дзіўная справа гэта заскарузласць на свеце! Тут, пад яго ўласным карэннем, на яго ўласнай кары, запаліліся для свету новыя агні, а ён іх не бачыць. Ды якія агні!.. Эй, жучок на лістку суніцы!
   — Я! — адазваўся жучок.
   — Вы паглядзіце на яго агеньчык: колькі хараства! Колькі новых бляскаў, я б сказаў, новых агнявых вобразаў! І што такое зоры ў параўнанні з нашымі агнямі? Бляск гнілякоў, балотны агонь!.. Або звярніце вы ўвагу — я не саромеюся сказаць гэта — на мой агонь: гэта адна, адна чыстая паэзія, паэзія вышэйшага гатунку! Вось што такое нашы агні.
   У сухім леташнім лісці пад карэннямі дуба шаснула яшчарка.
   — Ну, а скажыце, будзьце ласкавы, — прамовіла яна, — каму свеціць ваш агонь?
   — Як каму свеціць? Перш за ўсё ён свеціць нам самім. Мы ствараем новае хараство агнёў, у гэтым стварэнні мы адчуваем радасць. А нам — цьфу на сонца, на зоры, на месяц, на купальскія агні, што пазапальваны па лесе ў гэтую ноч. Каля іх сялянская дурнота спраўляе свае танцы. Мы ж самі — сонца, зоры, месяц!..
   — Ха-ха-ха! — засмяялася ночка. — Мілыя вы жэўжыкі! Усё гэта вельмі пацешна, але самі вы — толькі малюпасенькі адбітак сонца, а вы плюеце на яго. Ну, што ж? Ваш час, пазабаўляйцеся, дзеткі. Я зараз сыду з зямлі, і ваш мілы агеньчык пагасне ў бляску дня.
   Засмяяўся чалавек.
   — Мілыя жучкі! Калі я адыду ад вас на два крокі, вашы агні знікнуць з маіх вачэй.
   Чалавек разумеў іх, але мова чалавека была для іх незразумелая

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!