Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Францішак Багушэвіч. Гора

Каб мне голас добры мець,
Каб мне гора куды дзець,
Каб жа гора Бог не даў,—
Я б вясёла заспяваў:
    Ой, гора ж маё!
Склаў я гора у аклунак,
Склаў бяду сваю, фрасунак,
Кінуў ў рэчку аж да дна, —
Прыйшло гора, як штодня.
    Ой, гора ж маё!
Узяў я гора ды ў анучу,
Кінуў ў полымя-агонь,
Ніяк гора не замучу:
Гора горам, як штодзён.
    Ой, гора ж маё!
Узяў я гора — ды на вожжы,
Завёў ў лес, скруціў да пня,
Заўтра гора, як свет Божы,
Улезла ў хату, як штодня.
    Ой, гора ж маё!
Склаў я гора ды у дошкі,
Закапаў у велькі роў,
Адышоў ад ямы трошкі,
Аж у хаце гора зноў.
    Ой, гора ж маё!
Завярнуўшы у салому,
Гора ў лапаць палажыў,
Абуў лапаць, сышоў з дому;
Гора горам,— лапаць згніў.
    Ой, гора ж маё!
Склаў я гора у тарбіну,
Аж у Мэрыку адвёз,—
Думаў: тут або я згіну,
Або з гора будзе лёс.
    Ой, гора ж маё!
Дык і тут няма пакою:
З горам лёг і з горам ўстаў;
Мусіць, Бог яго з душою
Разам возьме, разам даў!
    Ой, гора ж маё!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!