Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Анатоль Вярцінскі - Гора – не бяда, бяда — не гора

«Гора – не бяда, бяда — не гора:
пабыла – сплыла, нібы вада.
Няма праўды – гэта ўжо горай,
гэта ўжо цэлая бяда.
Гора – не бяда, бяда – не гора...» –
гаварыў так часта дзед Рыгор,
хоць да майго дзеда да Рыгора
гора і заходзіла на двор.
Спіць мой продак, соснамі адпеты.
Я жыву – яго і плоць і косць.
На маім рахунку ёсць і беды,
на маім рахунку гора ёсць.
Знаю добра іхні горкі прысмак,
іхні смак. І знаю я яшчэ –
як несправядлівасць, нібы прысак,
тваё сэрца раптам апячэ.
Я спасціг, што беды – непазбежнасць,
немінучы спадарожнік мой.
Я прызнаў жалезную залежнасць
ад прыроды – мёртвай і жывой.
Я сцярплю усе яе няміласці,
i капрызы, і сюрпрызы ўсе.
Толькі аднаго –
несправядлівасці
чалавечы дух мой не знясе.
«Гора – не бяда, бяда – не гора,–
я кажу, як гаварыў мой дзед.–
Вось несправядлівасць – гэта горай,
гэта горай ад усякіх бед».

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!