Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Міхась Стральцоў - Дома

Увага!!! Поўны змест

   Доўгім і нізкім дваром яны дайшлі да пуні.
   Сцяпан зняў з прабоя клямку, і вароты са скрыпам расчыніліся. З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. Ён дастаў з кішэні карабок і асцярожна чыркнуў запалкай.
   – Ну, Сцёпа, – з дакорам сказала сястра і дыхнула на агеньчык. – Ты ж ведаеш: тата. Ён прасіў...
   Стала цёмна. Сцяпан усміхнуўся: «Як яна, аднак, вырасла. Дзевяцікласніца!»
   Вось ужо два гады, як ён не наведваўся дамоў. Калі ад’язджаў апошні раз з вёскі, сястра была амаль што дзіцём; ён нават помніў: часта плакала, рыхтуючы ўрокі. А цяпер – без якога тыдня нявеста.
   Было вельмі цёмна пасля запалкі. Сцяпан нічога не бачыў.
   – Сюды, – шэптам сказала сястра, – ці ж ты забыўся? – Сцяпан выставіў упоцемку перад сабою рукі і пайшоў за ёю.
   Па драбінах падняліся на вышкі. Не паспеў Сцяпан і кроку ступіць, як сена пад яго нагамі загайдалася, зашамацела – ён не ўтрымаўся і ўпаў. Сястра засмяялася. I яму самому раптам зрабілася весела і прыемна.
   – Як хораша, Ніна, га? – на ўсе грудзі выдыхнуў ён і яшчэ глыбей зашыўся ў цёплае, пахкае сена.
   – Хораша, праўда, – жвава адгукнулася Ніна. – Я яшчэ да экзаменаў тут спаць збіралася, ды мама не дазволіла. Гэта яна баіцца, што буду позна прыходзіць з сяла.
   – I правільна робіць. На вечарынкі, нябось, даўно ходзіш... I запіскі на ўроках палучаеш... Што, можа, скажаш, няпраўда?
   Братаў голас гучаў хітравата і лагодна.
   Ніна адказала з прытворным нездавальненнем:
   – Якія вы, настаўнікі, бурклівыя, злосныя. А я яшчэ некалі думала, што вы не такія людзі, як усе... Ну, спі, выдумшчык, я пайшла.
   Сцяпан смяяўся.
   Калі Ніна выйшла, ён распрануўся і лёг. Захацелася курыць. Успомніў перасцярогу сястры і ўсміхнуўся, запаліў папяросу. Запалку раструшчыў у пальцах і адкінуў далей ад сябе. «Каб не ўбачыў часам бацька».
   Ён ляжаў і думаў. Было ціха, толькі ўнізе перарывіста дыхала карова, ды над самым вухам надакучліва звінеў камар. У адным месцы праз страху прасвечвала неба, і Сцяпан доўга глядзеў туды, пакуль недзе зусім непадалёку не зайграў гармонік і не ўзрадаваўся раптам песняй высокі і прыгожы дзявочы голас. Сцяпан устрапянуўся. Нешта варухнулася, заказытала ўнутры, і ён адчуў, як незразумелая радасць агортвае яго.
   Ён ужо не мог ляжаць спакойна, варочаўся. «Што гэта, – думаў ён, – чаго я так расхваляваўся?» I раптам зразумеў: «Я дома! Як жа не здагадацца? Я дома!»
   А гармонік усё граў і граў, і ўсё той жа дзявочы голас спяваў пра закаханых, што ніяк не могуць расстацца, пра росную сцежку ў жыце і туманы над ракой...
   I Сцяпан успомніў, як у восьмым класе закахаўся ў Кацю, жвавую тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі, і як смешна раўнаваў яе да свайго школьнага сябра Уладзіка, разважлівага і не па гадах сталага хлопца. Уладзік нават пра маці сваю, калі тая рабіла ці гаварыла што не так, як яму хацелася, па-даросламу казаў: «Ведама, жанчына». Уладзік рос без бацькі. З дзяўчынкамі ў класе, акрамя Каці, ён не сябраваў. Утраіх яны часта хадзілі за вёску на шлях, узлазілі там на вербы і спявалі песні. Сцяпану ад такіх пагулянак было мала радасці. Уладзік тады ўжо курыў і, калі скручваў цыгарку, дастаўшы з кішэні шматок газеціны і шчопаць самасаду, заўсёды папярэджваў Кацю: «Глядзі, каб нікому ні слова». I Каця заўсёды пакорліва адказвала: «Добра, Уладзік», – і чамусьці ўздыхала. А Сцяпан увесь час сачыў за ёю, пакутаваў і даваў сабе слова нават не глядзець на яе. Потым праходзіў нейкі час, і ён браўся за запіскі. Каця рабіла выгляд, што нічога не разумее, малявала на тых запісках смешных чалавечкаў і адсылала Сцяпану.
   Так ішоў час. Неўзабаве яны скончылі дзесяцігодку. Уладзік паступіў у ваеннае вучылішча. Каця паехала да сястры ў горад, і больш Сцяпан яе не бачыў.
   «Як гэта было даўно, – думаў цяпер ён. – Дзе цяпер Уладзік, дзе Каця? Ах, як нядобра: я нават не ведаю, дзе яны».
   Ён папракаў сябе, і яму чамусьці стала маркотна. Ранейшы настрой адразу прапаў. Другія, непрыемныя ўспаміны агарнулі яго. Цяпер ён бачыў сябе студэнтам, нязграбным і нясмелым, які больш за ўсё на свеце баяўся быць смешным. Студэнтам Сцяпан насіў акуляры і адчуваў сябе ў іх вельмі ж няёмка. На людзях ён амаль увесь час маўчаў, бачыў, што выглядае і недарэчным і смешным, але нічога не мог зрабіць з сабою.
   Два гады, што прайшлі пасля інстытута, ён працаваў настаўнікам у палескай вёсцы Альхоўцы. Ён ніколі не задумваўся, падабаецца яму настаўнічаць або не: рыхтаваўся да ўрокаў, чытаў калгаснікам лекцыі, калі прасілі, вечарамі сумаваў у сваёй халасцяцкай кватэры – яму здавалася, што так і трэба было. Ён выкладаў літаратуру. Урокі праходзілі гладка, вучні як быццам паважалі яго, але ён адчуваў: каб быць ва ўсім аўтарытэтам для іх, яму нечага не хапала. Але чаго – Сцяпан не ведаў.
   Прыходзіла лета, канчаліся экзамены, і неяк здаралася так, што Сцяпан заставаўся ў Альхоўцы і суцяшаў сябе, што нічога лепшага яму не трэба. Часам ён успамінаў горад, інстытут, сяброў. Былыя аднакурснікі даўно ўжо мелі свае сем’і, а ён пасля інстытута нават не закахаўся. У такія мінуты на душы было горка.
   I вось цяпер далёка Альхоўка, ён – дома.
   Гармонік ужо сціх, і ў цішыні Сцяпан добра чуў, як у кустах за пуняй конь скубе траву і як пад яго нагамі хлюпае мокрая зямля. Ён павярнуўся на другі бок і, заплюшчыўшы вочы, стараўся ўявіць сабе што-небудзь белае, мяккае, як вучыла ў дзяцінстве маці, калі ён доўга не мог заснуць. Але сон не даваўся.
   Так ён ляжаў доўга, пакуль на двары не пачуліся крокі. Сцяпан насцярожыўся: хто ж гэта?
   – Пастой яшчэ крыху, Ніна! – гаварыў нехта. Голас быў незнаёмы, хлапечы. Сцяпан прыўзняўся і стаў слухаць.
   – Не крычы, брат пачуць можа...
   Гэта гаварыла яна, сястра, – Сцяпан адразу пазнаў яе голас.
   Нехта паспешліва зашаптаў, і нічога нельга было разабраць.
   – Мне пара ісці, – сказала Ніна.
   Потым быў зноў шэпт, і потым зноў выразна голас сястры:
   – А хто Васілю сказаў, што мы з табой учора гулялі на шляху?
   Я не гаварыў, ён сам, мусіць, здагадаўся, Запанавала маўчанне,
   – Ты мне нават хусцінку даць не хочаш, – пачуў Сцяпан праз хвіліну пакрыўджаны, невясёлы голас.
   – Не хачу, не хачу... А калі хто ўбачыць...
   – Не ўбачыць, я панашу крыху і аддам.
   «А, відаць, добры хлапчук, – падумаў Сцяпан. – Нябось, каб цяпер убачыў, дык і не пазнаў бы чый... А Ніна! Вось табе і дзевяцікласніца!»
   I ён зноў стаў слухаць. Ніна гаварыла:
   – Ды перастань ты пра хусцінку. Вышыю – тады і дам... Пусці руку... Мне ісці трэба...
   Яны яшчэ пра нешта шапталіся, а потым Сцяпан чуў, як сястра ўзбегла на ганак і адчыніла дзверы ў сенцы.
   «Вось табе і дзевяцікласніца! – зноў у думках сказаў сабе ён і са здзіўленнем адчуў, што яму стала чамусьці радасна і прыемна. – Дзіўна! Пры чым тут я? Ля ганка я не стаяў, у каханні нікому не прызнаваўся...»
   Але дзесьці на дне душы жыла ўпэўненасць, што ён ашуквае сябе. Перад вачамі паўстала Каця: ён думаў, што тады, у школе, Каці было столькі ж гадоў, як цяпер сястры. А хіба гэта было даўно? «Дурны ты корч ,– сказаў ён сабе, – нічога яшчэ не страчана, усё ў цябе наперадзе. А ты разводзіш розныя міноры». Ён увесь напружыўся, нейкі цёплы клубочак падкаціўся да сэрца, мякка крануў яго. Маркотнасці больш не было.
   На седале залопаў крыллямі певень і голасна кукарэкнуў. Яму адгукнуліся з нейчага двара, і хутка бадзёры петушыны спеў пракаціўся па вёсцы.
   Спаць не хацелася.

1956

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!