Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Міхася Стральцова

   Міхась Стральцоў — з таго пакалення, якое потым будуць называць "пакаленнем бязбацькавічаў" ці "пакаленнем, абпаленым вайной". Творы яго — гэта ўражанні ваеннага дзяцінства, расказаныя шчыра, даверліва, з мяккай пяшчотай і светлым сумам. "Там шмат свайго, біяграфічнага", — скажа пазней М. Стральцоў.
   Міхась Стральцоў нарадзіўся і вырас у вёсцы. Менавіта дзіцячыя гады вызначылі змест яго творчасці, як і многіх тых пісьменнікаў, дзяцінства і юнацтва якіх прыпалі на Вялікую Айчынную вайну. Галоўнай тэмай яго творчасці стала тэма духоўнага сталення таго пакалення, якое рана стала дарослым, перажыло смерць блізкіх і родных, пасляваенны голад, навучылася пераадольваць цяжкасці, цаніць жыццё, захоўваць памяць пра мінулае. Адной з важных тэм апавяданняў Міхася Стральцова з'яўляецца тэма духоўнай лучнасці паміж горадам і вёскай, сувязі вясковых каранёў і гарадскога прагрэсу. Герой яго твораў — малады чалавек, былы вясковец, які ўжываецца ў гарадскую стыхію, імкнецца пазнаць сэнс жыцця, шукае магчымасць прымірыць вясковы і гарадскі ўклад, знайсці нейкую гармонію таго і другога на аснове векавых народных традыцый. У многіх апавяданнях гучыць голас аўтара — сына вёскі, які імкнецца да сваіх вытокаў, каранёў, якому дорага ўсё, што звязана з дзяцінствам, з роднымі мясцінамі, з вясковым укладам жыцця. Многія апавяданні М. Стральцова напісаны ў форме ўнутранага маналога ці самога аўтара, ці яго герояў, якім ён перадавярае свае думкі. Гэтыя маналогі вельмі блізкія да лірыкі, таму проза Стральцова — гэта лірычная проза, якая вызначаецца павышанай эмацыянальнасцю герояў і аўтара, маналагічнай спавядальнасцю, вобразнасцю.
   Істотнай асаблівасцю твораў Міхася Стральцова з'яўляецца лірызм. Апавяданні не толькі знаёмяць чытача з падзеямі жыцця, але і дазваляюць яму стаць сведкам унутранай псіхалагічнай дзейнасці персанажаў; іх пачуццяў і перажыванняў. Гэта можна здзяйсняцца праз унутраны маналог пры поўнай адсутнасці аўтарскага "ўмяшання" ў думкі персанажа. Унутраны маналог у літаратурным творы — прамова героя, звернутая да самога сябе, якая служыць для найбольш поўнага паказу і раскрыцця яго ўнутранага свету. Часта ў такіх творах сюжэт не цэласны, а эпізадычныя сцэны і падзеі "працуюць" на раскрыццё пачуццяў, перажыванняў, думак, настрою герояў і апавядальніка ва ўсёй іх натуральнасці і непасрэднасці. Гэтымі асаблівасцямі лірычная проза адрозніваецца ад эпічнай. Акрамя Міхася Стральцова лірычную прозу пісалі Іван Чыгрынаў, Іван Навуменка, Віктар Карамазаў і іншыя беларускія пісьменнікі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!