Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Віктар Гардзей - Быль урочышча Рэпіхава

урывак з артыкула

   У школьных падручніках (дзесьці яшчэ на пачатку шасцідзясятых гадоў) пра Яна Чачота пісалася вельмі скупа, ды і тыя мізэрныя звесткі былі надрукаваны дробным шрыфтам. Але час усё ставіць на месцы, вяртае з забыцця імёны лепшых сыноў Беларусі, і сёння, бадай, не знойдзецца чалавека, які б не ведаў Яна Тадэвушавіча Чачота – яркую зорку нацыянальнага Адраджэння, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, сябра польскага паэта Адама Міцкевіча. Наш славуты зямляк, хоць нарадзіўся і жыў у часы прыгонніцтва, пісаў на пагарджанай магнатамі сялянскай мове, збіраў і вывучаў фальклор, пакінуўшы нашчадкам багатую спадчыну. Вялікія людзі на тое і вялікія, каб іхняе жыццё і лёс пастаянна прываблівалі даследчыкаў неспадзяванымі загадкамі і тайнамі.
   Вось і гэтая быль – з таго ж самага шэрагу.
   Калі ехаць у Залужжа, што некалькімі дзясяткамі хат раскінулася наўсцяж ціхаплыннай Шчары, то акурат на паўдарозе, між вёскамі Крывошын і Нетчын, зялёным астраўком сярод маўклівых палёў і заліўных лугоў ушчамілася маляўнічае ўрочышча Рэпіхава. Расказваюць, дзесьці паблізу, ідучы на Маскву, Напалеон з высокага капца, насыпанага салдатамі, аглядаў сваё войска і тут жа, на Шчары, амаль бяззбройныя байцы Чырвонай Арміі, абараняючы мост, надоўга заступілі шлях фашысцкім калонам. Ад фрацузскага нашэсця ў тутэйшых мясцінах застаўся знакаміты курган, ад першай імперыялістычнай вайны – даўно разбураныя акопы і безліч абеліскаў. Бурныя вятры двух стагоддзяў прашумелі над Рэпіхавым, і яшчэ стаяць у ім, чаруючы велічнай панурасцю, векавыя дрэвы, якія, акрамя кровапралітных бітваў, помняць багата іншых дат і падзей.
   Да нядаўняга часу, ды і то сярод мясцовага насельніцтва, Рэпіхава было вядомае як родавае памесце графаў Патоцкіх, але ніхто з сучаснікаў нават і не падазраваў, што гэтае слыннае ўрочышча самым цесным чынам звязана з імем Яна Чачота. Сюды ўпершыню, здаецца, зусім выпадкова я трапіў роўна трыццаць гадоў таму назад, калі яшчэ бязвусым хлопцам працаваў у ляхавіцкай раённай газеце.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!