Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Віктар Гардзей - Каламутная вада

Увага!!! Поўны змест

   У Малым Сяле, дзе ў крайняй хаце ад лесу жыве Дзімка, няма рэчкі. Укруга вёскі цягнуцца засмужаныя сухадолы, гразкія балотцы і камяністыя пагоркі. На сухадолах грыўкамі стаіць бярэзнік, за гразкія імшэчкі і ператочыны ўчэпіста трымаецца шэры алешнік, а на пясчаных выдмах, апрача сіўцу, лебяды і конскага шчаўя, нічога болей не расце.
   Напэўна, сотні гадоў жывуць тут людзі – выкошваюць у лагчынах марную траву, пасуць на няўдобіцы статак, але ім, здаецца, і гора мала, што ў Малым Сяле няма рэчкі. А хлопцам нельга без вады. Няма рэчкі, і няма вясёлых забаў, няма разгону, а ў самую спёку хоць і праўда ў ночвах купайся. Сорамна прызнацца, але Дзімка рачнога шчупака толькі на малюнку бачыў.
   Прырода моцна, бессардэчна пакрыўдзіла маласельцаў. Як быццам у насмешку, яна прыстаралася для іх нешырокую, звілістую канаву, што паціху струменіцца паўз Дзімкаву хату, цячэ далей цераз балоцісты поплаў і губляецца ў змрочным алешніку. Дзесьці там, далёка, яна ўпадае ў Цну. Несправядліва ўсё ж: каму Цна, а каму – гэтая мізэрная канава, у якой вада заўсёды пратухлая, іржавая, з каляровымі скалкамі.
   Дзімка сумаваў па рэчцы, зайздросціў дзецям, якія нарадзіліся каля вялікай вады. Там і рыбы поўна, і купайся колькі хочаш. Там акуні і плоткі, а тут лупатыя жабы і чорныя пляскатыя жукі. Вось бы ўзяць экскаватар і прачысціць канаву, паглыбіць дно, выраўняць аерыстыя берагі. I дзіўна, што знайшоўся чалавек, які быццам падслухаў Дзімкавы жаданні. Аднойчы Дзімка ўбачыў непадалёку ад сваёй хаты самы сапраўдны экскаватар. Рыпелі на лябёдках тоўстыя трасы, пакручвалася страла, зубасты коўш раз-пораз падаў у канаву і выплёхваў на бераг рыжую балотную твань.
   – Дзядзька, што вы тут капаеце? – спытаў Дзімка ў экскаватаршчыка, калі той на момант вылез з кабіны. – Рэчку?
   – Якую табе рэчку? – здзівіўся дзядзька. – Чорнае мора капаю! Чуў пра такое?
   – Чуў.
   – Дык ідзі і не перашкаджай мне.
   Дзімка не пакрыўдзіўся, бо і крыўдзіцца не было за што.
   Чалавекам, які так дарэчы падслухаў Дзімкавы жаданні, аказаўся калгасны старшыня Фянота. І хоць ён, як высветлілася, зусім не думаў унаравіць хлапчукам, а болей клапаціўся, што ў спёку няма дзе паіць жывёлу,
   Дзімка быў удзячны яму. Надвячоркам экскаватар перабраўся ў другое месца, за чэзлы алешнік, пакінуўшы на ўспамін аб сабе кучу торфу і немалую прадаўгаватую сажалку. Выкапаць Чорнае мора ў мурзатага экскаватаршчыка, відаць, не хапіла духу і цярпення. Але і без таго мора Дзімка прыйшоў у захапленне: гэта ж столькі вады! Ужо і па рэчцы можна не сумаваць, і канаву не трэба глыбіць.
   Зімой, калі падмерзне балацявіна, кучу рыжага торфу перавязуць на ферму, а з вясны бераг сажалкі пачне зарастаць аерам, брацца чаротам і рагозам. Нехта і назву прыдумаў – Фянотава сажалка. Адно толькі кепска: купацца ў ёй нельга. Паспрабавалі хлопцы сунуцца з дна ўсплыў патрывожаны торф, вада ўскаламуцілася, стала што дзёгаць. Вылезлі на бераг чорныя, як чэрці. Але непадалёк, за шэрым алешнікам, была яшчэ адна Фянотава сажалка. I хлопцы пабеглі туды, і там надзіва дно аказалася гліністым, вада не чарнела і не рабіла Дзімкавых сяброў падобнымі на тых мурзатых стварэнняў з пекла. Першая сажалка была назаўсёды забыта, і адзіным гаспадаром тут застаўся Дзімка. Цяпер ён ужо нікому не зайздросціў.
   Бераг Фянотавай сажалкі пакрысе травянеў, зарастаў аерам, асакой і рагозам. На грудку, далей ад вады, пачалі прабівацца ружовыя пруткі вербалозу. Сажалка зарастала, а Дзімка сталеў, пайшоў у школу, і калі скончыў трэці клас, ужо нельга было нават здагадацца, што такую прыгажосць выкапаў экскаватар. У траве паблісквала люстэркам гожае невялічкае азерца. Вада, добра адстаяўшыся за колькі гадоў, зіхацела на сонцы, рассыпалася залатымі іскаркамі. Над сажалкай пырхалі матылькі, паволі кружыліся сінія стракозы.
   Калі Дзімку было сумна, ён прыбягаў на сажалку і падоўгу сядзеў тут у адзіноце. Глядзеў, як над вадой кружацца сінія стракозы, і думаў, што яны вельмі ж падобныя на маленькія верталёцікі. Іншы раз Дзімка рабіў папяровыя караблікі і пускаў іх па вадзе. Падхопленыя ветрыкам, яны пагойдваліся на хвалях і ўпарта плылі насустрач небяспецы. Пасярод сажалкі іх чакалі буры і штормы, жахалі маланкі і грымеў гром, але белыя каравелы ўдала прыставалі да незнаёмага берага. А яшчэ Дзімка любіў шпурляць па вадзе дробныя каменьчыкі. Не проста кінуць, а каб той каменьчык праляцеў, як ластаўка, і некалькі разоў падскочыў, пакуль уткнецца ў траву з другога боку сажалкі. Дзімка ведае сакрэт: трэба выбіраць пляскатыя каменьчыкі-пліткі, а пляскачыкі могуць адбіцца ад люстра вады і пяць, і шэсць разоў.
   Але бывалі дні, калі Дзімка, захапіўшыся гульнямі, не прыходзіў на сажалку. I тады Фянотава сажалка сумавала, крыўдзілася, што пра яе забылі. На самоце, у цішыні ёй пачыналі ўжо дакучаць камары і мошкі, матылькі і сінія стракозы. Сажалка хмурылася, цямнела і пускала па вадзе слабыя кругі. Над лесам садзілася сонца, змрок гусцеў, а кругоў рабілася больш і больш. Яны нечакана ўзнікалі то пасярэдзіне сажалкі, то каля берага. Часам чуўся булькат, ціхі ўсплёск. Сажалка сумавала, нервавалася без Дзімкі. I ён прыбег і ўбачыў на вадзе мноства кругоў, пачуў ціхі ўсплёск. Здагадка ашаламіла: у Фянотавай сажалцы завялася рыба!
   Увесну, калі віхлястая канава разліваецца, рыба магла прыплысці з Цны. Рыбу маглі таксама занеспі птушкі, бо Дзімка сам бачыў каля сажалкі дзікіх качак. Да пер’я прылепліваюцца рыбіныя ікрынкі, і качкі пераносяць іх з аднаго месца ў другое. Чыстая вада не можа быць без рыбы. Але смешна, што рыба завялася ў Малым Сяле, дзе яе зроду не было. Дзякуй вам, добрыя качкі!
   Фянотава сажалка, калі меркаваць па кругах на вадзе, ажно трашчала ад рыбы. Сажалка стамілася гадаваць дураслівых карасёў і вельмі хацела падзяліцца з Дзімкам сваім багаццем. Але Дзімка глядзеў, як надвячоркам або перад навальніцай дурэе рыба, і нічога не мог зрабіць. У яго не было рыбацкай снасці, хоць жаданне злавіць жывую рыбку ўсё большала. Дзімка ажно пахудзеў. На шчасце, у нядзелю бацька сабраўся ў Ганцавічы. Ён пасмяяўся з дзіўнай сынавай просьбы, але ўсё ж прывёз добры капец зялёнай жылкі і некалькі сапраўдных рыбацкіх кручкоў. У той жа дзень Дзімка пабег у ляшчыннік, выразаў гнуткіх дубцоў на вудзільны, змайстраваў вудачку, накапаў чарвякоў і за вячэрай папрасіў:
   – Мама, ты мяне заўтра збудзіш рана. Як будзеш карову на пашу выганяць, добра?
   – Гэта ж чаму, сынок?
   – Рыбу пайду лавіць у Фянотавай сажалцы.
   – А жабу ты не зловіш?
   – Ну, сказала! Карасёў прынясу.
   – Ясь, ты чуеш? Дзімка заўтра карасёў прынясе.
   – А смятана ў нас е? – весела папытаў бацька. – Кажуць, карасі ў смятане вельмі смачныя.
   – Е, е! Я і снедання не буду рабіць. Свежай рыбкі паямо.
   Раніцай выйшаў Дзімка за весніцы, а старыя вязы, што растуць каля хаты, зашумелі, галінкамі калыхнулі. Дзівяцца вязы, дзівіцца поплаў: і куды гэта бяжыць па расе заспаны пастушок з такім доўгім дубцом і маленькім вядзерцам у руках? А тут яшчэ і сусед, несусветны зайздроснік Змітрок Цыган, сустрэўся на поплаве. Ён худы і доўгі, як цыб. На плячы Змітрок нясе касу. Убачыў у Дзімкі вуду і – вочы на лоб.
   – Куды, малеча, бяжыш? Няўжэ дзе рыба завялася?
   – У Фянотавай сажалцы, – прызнаўся нехаця Дзімка. – Праўда, я не рыбу, а толькі кругі на вадзе бачыў.
   Бліскучая каса адразу спаўзла з плячэй.
   – Хто б падумаў, што ў гэтай лужыне рыба е? Ну, лаві, лаві. Блізка касіць буду, то пагляджу...
   Змітрок, абіваючы гумовымі ботамі расу, мінуў сажалку і пайшоў далей. Бліжэй да лесу на поплаве вырасла ніштаватая трава. Там ужо свішчуць, пабліскваючы на сонцы, дзве касы. Змітрок далучыўся да грамады. А Дзімка застаўся на беразе сажалкі. Разматаў вуду, пачапіў на кручок прынаду. Ой, і холадна, мусіць, будзе чарвяку ў стылай ранішняй вадзе!
   Пасярэдзіне сажалкі разышоўся шырокі круг. Дзімка яшчэ не ўмее закідваць вудачку, каб не патрывожыць ваду. Каля берага, у аеры, нешта плёхнула. Над лесам вышэй паднялося сонца. Дзімка сядзіць і не дыхае, бо рыба не любіць шуму. Адчуўшы Дзімкава хваляванне, нават сажалка прыціхла. Паплавок, зроблены з гусінага пяра, не варухнецца, не дрогне. Дзімка не зводзіць вачэй з белага пяра. Паплавок падскочыў, прыўзняўся, зноў лёг плазам. Прайшла яшчэ секунда, і раптам пяро калыхнулася, стала старчма і схавалася ў вадзе. Дзімка, не помнячы сябе, ірвануў вудзільна ўверх, і над сажалкай, апісаўшы дугу, бліснула серабрыстая маланка.
   Жывы кавалачак срэбра трапятаўся ўжо на беразе, у густой траве. Дзімку хацелася скакаць ад вялікай радасці, крычаць на ўсю ваколіцу. Малое Сяло павінна ведаць, які ў ім жыве шчаслівы чалавек! Дзімка кінуў вудачку, выхапіў з травы бліскучую маленькую рыбку. Яшчэ нямала клопату каштавала, каб, не ўмеючы, зняць карася з кручка. Але і тады, калі шустры карасік апынуўся ў вядзерцы з вадою, шчаслівы чалавек адчуваў, як у грудзях шалёна тахкае сэрца.
   I зноў гусінае пяро плазам ляжыць на вадзе. Дзімка то зірне на сажалку, то залюбуецца карасікам, які, супакоіўшыся, плавае на дне вядзерца. А ўжо блізка свішчуць косы, чуюцца людскія галасы, карацейшымі становяцца цені. Дзімка хмурыцца. Хіба ж но ведаюць балбатлівыя касцы, што іх галасы палохаюць рыбу? I дзядзькі быццам зразумелі, што ім нельга шумець. Уторкнуўшы косы ў купіны, яны кіруюцца сюды. Першым шыбуе Змітрок Цыган – абяцаў жа паглядзець на Дзімкаву рыбалку; за Змітраком, выціраючы потны лоб, ідзе Дзям’ян Ломскі; за Дзям’янам ледзь не подбегам коціцца круглы, што кацёлка, Хведар Заяц. За іх спінамі адпачываюць па прыгрэве бліскучыя косы і аж да самага лесу плывуць тры зялёныя пракосы.
   – Няўжэ і праўда злавіў? – дзівіцца Змітрок. – Каб не ўгледзеў на свае вочы, то не паверыў бы.
   – Але, ладная плотка, – хваліць Дзімкаў улоў лахматы Дзям’ян, – Акурат паўхвунта заважыць.
   – То якая ж плотка, калі падлешчык, – смяецца таўсматы Хведар.
   – I не плотка, і не падлешчык, – смяецца ўжо і Дзімка. – Карась гэта!
   – А што ж яшчэ? Карась, – запэўнівае Змітрок і бярэ карася ў рукі. – Рыбакі мне называюцца!
   – Адна трасца – ці плотка, ці карась.
   Дзядзькі закурылі, пусцілі ў неба сіні дым, селі на траву. Лаві, Дзімка, пацеш старых дзівакоў! Хвалюецца рыбак, не зводзіць вачэй з гусінага пяра. I Фянотава сажалка зразумела, адчула Дзімкава хваляванне. Невядома, чым яна там падмагла, але неўзабаве пяро ўздрыгнула, зноў стала старчма і паехала ў ваду.
   – Цягні, Дзімка! – падхапіўся з травы Змітрок. – Цягні, бо сарвецца, акаянец!
   Дзімка пацягнуў, і над галовамі касцоў бліснула яшчэ адна серабрыстая маланка. Другі карась улавіўся намнога большы, чым першы. Ён мацней трапятаў у траве, выпручваўся, латашыў хвастом. Дзімка ўжо спраўней зняў рыбіну з кручка, і карась, быццам які заморскі цуд, пайшоў па руках.
   – Дальбо, цэлы хвунт.
   – Вышэй бяры. Паўкілі яму сама меней.
   – Яшчэ б адзін такі, і добрае смажэнне выйдзе.
   Змітрок шпурлянуў у аер недакурак і стаяў над вядзерцам нейкі дзіўны, збянтэжаны, у вачах чыталася зайздрасць, і па гэтым было відаць, што ў яго галаве круціліся неразумныя думкі. Дзімка сцяўся, адчуўшы нядобрае.
   – Аднак тут гэтых карасёў да халеры, – сказаў Змітрок і пачухаў патыліцу. – Не шкодзіла б і сабе нацёгаць на сняданак.
   – А чым ты яе лавіць будзеш? – спытаў Дзям’ян. – Лапцем хіба?
   – Можна нешта прыдумаць. У мяне дома кош е. Два пуды картоплі лезе. А што, калі – кашом?..
   Змітрок паглядзеў на мужчын, чакаючы адабрэння.
   – Кош, канечне, не сак, але чаму ж – папробаваць трэба.
   – То нясі ткале свой кош.
   – Я хуценька. Адна мінута...
   Над Фянотавай сажалкай навіслі чорныя хмары. Дзімка збялеў, але перайначыць нічога не мог. Сажалка ўсё-такі не яго – калгасная, а Змітрок не такі чалавек, каб уважыць, паступіцца. На бяду і жыве ён зусім блізенька. Вунь ужо і назад бяжыць з велізарным кашом, у якім, бадай, схаваліся б два такія хлопцы, як Дзімка. Неспадзявана варухнуўся ветрык, пахіліў аер і рагоз. У вядры пляснуў хвастом карась, не разумеючы, што за зверская сіла выхапіла яго з вады.
   Яшчэ на хаду Змітрок пачаў расшпільваць гузікі кашулі.
   – Галоўнае, трэба ваду ўзбоўтаць, – павучаў ён дзядзькоў. – Дно тарфяное, дык хутка скаламуціцца. А тады яе – кашом, кашом! – Змітрок першы плюхнуўся ў сажалку і ўжо адтуль падбадзёрыў: – Смялей, мужыкі. Вада цёплая, як у лазні.
   Таўсматы Хведар, застаўшыся ў чорных сацінавых трусах да калень, азірнуўся на Дзімку, весела падміргнуў:
   – Ты вуду прымі! Яшчэ ўчэпіш за што...
   – Не прымай, Дзімка, – зарагатаў Дзям’ян. – Будзе тапіцца, то выцягнеш.
   – Хутчэй вы там, маруды!
   Сажалка спалохалася вялізнага каша, сплеценага з дубовай дранкі. Вада завірыла, забулькала. На пясок адна за другой пабеглі цёмныя хвалі.
   – Дзям’ян, ты ля берага тапчы, ля берага!
   – А гразішчы тут!
   – Гэта ж добра, што торфу багата. Хутчэй вада скаламуціцца.
   Дзімкава вуда, непатрэбная цяпер, ляжыць у траве. З перавернутай бляшанкі распаўзліся чарвякі, шыюцца ў зямлю. На вачах у Дзімкі круцяцца слёзы. Яму балюча глядзець, як дзядзькі боўтаюцца ў вадзе. Пасля такога разбою Фянотава сажалка не будзе любіць Дзімку. Мог бы абмінуць Змітрака, не лезці ў вочы з гэтай сваёй вудачкай. Сажалка пачарнела, узбурылася. Зводдаль, уторкнутыя ў торф, сумна звесілі доўгія дзюбы тры касы. Яны саромеюцца Дзімкі. Ім трэба касіць траву, таму што хутка падсохне раса, трэба касіць, а не займацца глупствам.
   – Змітрок, няма тут рыбы!
   – А ў хлопцавым вядры што? Хвост сабачы?
   – Выходзіць, і праўда е.
   Змітрок увішна махае кашом. Апусціць з дужкай у сажалку, падвядзе да берага і выхапіць наверх. З дзірак ва ўсе бакі свішчуць тонкія струменьчыкі. Пуста. I зноў кош чэрпае ваду. Ёсць! У кашы штосьці бліснула, затрапятала.
   – Злавіў! – нема зароў Змітрок. – Злавіў!
   – Няўжэ злавіў?..
   – Пакажы?..
   У руцэ Змітрака выпручваецца, б’е хвастом фунтовы карась. Яму крыўдна, што яго злавілі. Карась варушыць ружовымі жабрамі, разяўляе рот, просіцца назад у сажалку. Але яго мовы, акрамя Дзімкі, ніхто не разумее. Карасік, пабываўшы ў шурпатых мужчынскіх далонях, ляціць на груд, у траву.
   – Вы ля берагоў тапчыце! – крычыць на дзядзькоў чырвоны і мокры да вушэй Змітрок. – Не давайце, каб рыба ў аеры хавалася.
   – Ды топчам жа, – бурчыць Дзям’ян. – Як можна лепш?
   – Ні мінуткі не стаім, – пакрыўдзіўся Хведар.
   Карасік прыдаў лаўцам настрою і азарту. З новай сілай закіпела, забурліла вада. Дубовы кош стаў зусім шчаслівы.
   – Лінь! Глядзіце, лінь!
   – Карась!
   – Яшчэ лінь!
   На вачах у Дзімкі слязінак няма. Круглымі гарошынкамі яны ўжо коцяцца па шчоках.
   – Весялей, не драміце! – падбадзёрвае лаўцоў увішны Змітрок.
   Дзям’ян і Хведар так не касілі, як апантана, без супачынку боўтаюць сажалку. Вада пачарнела, стала падобнай на смалу. Выкочваюцца на бераг пеністыя хвалі, па ўсёй сажалцы лопаюцца бурбалкі. З тарфянога дна пухіркамі падымаецца балотны газ. У каламутнай вадзе не хапае кіслароду, рыбе няма чым дыхаць. Як і думаў Змітрок, яна ашалела, ачмурэла ад балотнага газу. Карасі б’юць хвастамі, высоўваюцца з вады, шчэлепамі прагна хапаюць паветра. Рыбу цяпер можна лавіць голымі рукамі. I кош не дрэмле.
   На траве вакол сажалкі блішчаць ужо сапраўдныя каралі з серабрыстых карасёў і лінёў. Віруе вада, драпежнічае дубовы кош.
   – Хопіць на сёння! – сказаў нарэшце Змітрок і, мокры, заляпаны ў твань, вылез на бераг, кінуўшы ненасытны кош у рагоз. – Яшчэ калі парыбалім...
   – Змёрз я, бы цуцік, – паскардзіўся Дзям’ян.
   – Добра ўлавілі, – радуецца Хведар. – Будзем дзяліць.
   Лаўцы абышлі ўкруга сажалку, падабралі з травы серабрыстыя каралі, знеслі ў адну кучу. Не саромеючыся Дзімкі, знялі мокрыя трусы, выкруцілі і, калі трохі падсушыліся на сонцы, адзеліся, селі дзяліць рыбу.
   – Э-э, Змітрок! Не хітры, ты ўжэ такога палажыў сабе.
   – Падалося табе, Дзям’ян. Я правільна дзялю, па-чэснаму.
   – А мне, Змітрок, вунь таго лінька. Акурат усім па два ліні выйдзе.
   Рыбу падзялілі. Дзядзькі падняліся з травы, закурылі і тут апомніліся, што іх косы цэлую раніцу прастаялі без работы. Але касіць ужо нельга: высока паднялося сонца, раса высахла.
   – Пойдзем дахаты, – сказаў Змітрок.
   Сваіх карасёў ён высыпаў у кош. Хведар знізаў на вербалозавы дубчык. Сваю дзель Дзям’ян завязаў у кашулю. Вузел важка адчуўся ў руцэ. Улоў не абы-які, а значыць, і пахваліцца можна. Дзям’ян паварочваецца, шукае вачыма Дзімку і шчыра дзівіцца:
   – Ты што, хлопец? Плачаш?
   – Не-а, не плачу, – матнуў Дзімка бялявай галоўкай і строс са шчок дзве слязінкі.
   Дзям’ян збянтэжыўся, спахмурнеў, бо адразу здагадаўся, чаго плача Дзімка.
   – Была б прычына раўці. Ну, пабоўталіся трохі, адвялі душу. А ты – і ў слёзы. Не румзай, я табе сваёй рыбы дам.
   Дзям’ян развязаў кашулю, укінуў у Дзімкава вядро колькі асалавелых карасікаў.
   – Дзімка, ад мяне тэж вазьмі, – сашморгнуў з вязанкі дзве рыбіны таўсматы Хведар. – I ты, Цыган, дай!
   – За што яму рыбу? Не памагаў, – паціснуў плячыма Змітрок. – Бачыш, расплакаўся! Бытта мы ўсю рыбу палавілі? Засталося яшчэ і рыбаку такому...
   Пабраўшы косы, дзядзькі пайшлі. Зашоргала трава пад нагамі, паныла звесіліся з плячэй доўгія косы. Спалохаецца Малое Сяло: пайшлі касіць, а нясуць што?
   На выхадзе з поплава Дзям’ян азірнуўся. Каля сажалкі нерухома, задумліва стаяў Дзімка.
   Фянотава сажалка яшчэ не супакоілася. Яна ўздрыгвала, пасылала па бераг шыпучыя хвалі. З вады выступалі і лопаліся белыя пухіры, плаваў падняты з дна торф. Плавала ціна, пакручваліся на хвалях зялёныя травінкі і абламаныя вяршкі аеру. Над сажалкай не пырхалі матылькі, не кружыліся сінія стракозы.
   Не хутка адстаіцца каламутная вада.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!