Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Вячаслаў Адамчык - Дзень ранняе восені

Увага! Поўны змест  

   Яны ішлі ўдвух выкатанаю нячутна-пругкімі веласіпедамі сцежкаю ля шэрых нямогла нахіленых да вуліцы платоў. Стаяла лета, блізкае да восені. Можна было ўжо есці яблыкі. Быў спас: дробна і весела званілі ў белай царкве, што стаяла на грудку сярод мястэчка і была відаць адсюль, з прымесця. За царквою, за густа-цёмным навалам прысад, хаваўся раймаг, таксама белы. Яны ішлі туды: там недзе было людна, гармідарна, густа, у нешта адно мяшалася людская гаворка. На плошчы перад царквою лёгка патрэсквалі і трасліся па бруку чырвона-слізкія «Явы» з каляскамі; ад ветравога шкла, суха мільгаючы, адсвечвала сонца.
   А тут была цішыня, бязлюднасць і пустая вуліца. Цёмна цвілі пад нечымі глухімі вокнамі чырвоныя вяргіні.
   Яны ішлі ўдвух: бацька — высокі мужчына, чырвона-здаровы ў твары, у карычневым касцюме з шырокімі, не па-цяперашняму, штанамі, і сын — востры плячыма і худы, як хрушч, падлетак у выцвілай кепцы з пераламаным брылём і ў вялікіх чаравіках.
   З нечага падворку высунуліся і паглядзелі ім услед, цвёрда расставіўшы ногі і цяжка склаўшы на нізкім жываце рукі, дападныя бабы ў белых, насунутых на лоб хустках. Яны ведалі ўсё, мусіць, яшчэ з учарашняга вечара, калі ў самую крайнюю хату, да Івана Ходаса, за якой пачыналіся неабгароджаныя, з павыварочванымі плітамі жыдоўскія могілкі і быў канец горада, прыйшоў гэты падлетак.
   ...Быў сіні прыцемак, цёпла жаўцелі за сполахам ціхага бэзу чужыя вокны.
   У хаце вячэралі. Горка пахла і рэзала ў вочы свежа нашаткаваная капуста з алеем. Ад маладое празрыстае картоплі вілася і мяшалася сырая пара. Над параю трасла, разганяючы яе, скрылікам замучанага вялага сала чарнявая дзяўчынка з тоненькай белаю шыяй. Круглы тварык яе слізка блішчаў ад тлушчу.
   Ходас сядзеў нізка на табурэтцы, шэраю, глухою спінаю да дзвярэй, і нават не павярнуўся. Гаспадыня, круглая ў плячах, у абвіслай, няроўнай у падоле, сукенцы, гладканогая, зачыніла за хлопчыкам дзверы, перастала жаваць і спытала:
   — А ты да каго ж?
   Валасы яе, рыжыя, сабраныя недзе ззаду, на патыліцы, у тугі вузел, адсвечвалі мяккаю жаўцізною золата — і хлопчык, жаласна шкадуючы, падумаў, што яна прыгажэйшая за маму, зморшчаную, худую ў твары, з тонкім ротам, некалі таксама прыгожую, маладую на фатаграфіі з тым салдатам, валасы ў якога гладка зачэсаны і блішчаць, нібы змочаныя вадою.
   Шырокая глухая спіна павярнулася, і хлопчык убачыў твар, толькі не гэтакі смутна-мяккі, як на фатаграфіі, а сінявата-няголены, вялікі і жывы, з ямачкай над пераноссем, нібы хто там выціснуў чым вострым. І ён успомніў, што казала мама: «Ён харошы, твой бацька...»
   — А чый жа ты будзеш? — спытаў ён, бацька, цяпер у невайсковым: у шэрай рубашцы, з вялікай ад мазуту плямай на грудзях, што, пэўна, не адмывалася.
   — Аксенін... — Хлопчык сцягнуў з галасы шапку, мусіць, успомніўшы тое, што дома казала мама, стоячы ля прыпека, у чырвоным споласе агню, калі ўчора вечарам грэла яму ваду.
   На стале клейка блішчала цырата. Ходас выцер аб край цыраты рукі і паклаў іх на калені.
   — То ўзяў бы ручнік, — сказала гаспадыня і неяк бокам падступілася да вёдраў, падняла руку, белую спаднізу, — на цвіку на сцяне вісеў чысты выгладжаны ручнік, але не знала: муж недзе далёка глядзеў сабе пад ногі і нічога не бачыў.
   — Якое гэта Аксені?
   — Ну, Петручковае... — Хлопчык павёў вачыма сабе за плячо, мусіць, недзе там шукаючы ратунку.
   Ходасава рука шорстка папаўзла па назе ўверх, у кішэню. Ходас закурыў, жмурачыся, зацягнуўся.
   — Гэта з Моладава, ці што?
   — Ыгы.
   Цяжка ўпаў і востра зазвінеў на падлозе пад сталом жалезны відэлец — скінула дзяўчынка.
   — Гэта ж во адтуль, дзе ты служыў у войску, — невядома чаму зарадавалася жонка, прымошчваючыся на лаве, каля стала, і беручы пад пахі дзяўчынку да сябе на калені.
   Ходас устаў, хістаючыся, дастаючы галавою да столі.
   — А да каго ж ты прыехаў?
   — Да вас. — Адтапыраныя вушы ў хлопчыка чырванелі і тонка свіціліся. — Мама казала, што вы мой бацька.
   Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню і пайшоў да дзвярэй, наступаючы на адну ўсё дошку: яна гнулася і рыпела пад ліштвою, каля перагародкі. Жонка глядзела недзе міма, на чыстыя белыя дзверы, пафарбаваныя ім учора, і, пэўна, бачыла тую ціхую чарнату, што была там, за белымі дзвярыма ў пустых сенцах. У яе з каленяў нячутна спаўзала дзіця, і яна раптам падхапіла яго.
   — А як жа цябе завуць? То садзіся вячэраць...
   — Ванька.
   Яна няўпэўна, як пасля віна, паднялася і, сінеючы ў губах, пайшла з дзіцём на руках да белае печы. Недзе ў пячорцы холадна і востра зазвінелі нажы і відэльцы.
   — То на выпадак чаго можа бутэльку... — сказаў ён, квола і нямоцна ўсміхаючыся.
   Яна маўчала, цяжка абярнуўшыся да яго плячамі.
   Ірванаю дзяружкаю на сцежцы калыхаўся цень: ад маладое грушы за плотам. Цесна павязаны пучкамі, на вострым частаколе ветраў насенны кмен. У глыбіні нечага падворку стракаталі і мільгалі белым воллем у нерухомым вішняку быстрыя сарокі.
   Хлопчык ішоў наперадзе, мільгаючы парэпанымі, як у лусцэ, нагамі.
   «Які ён вялікі, — нешта цёплае, абамлелае падкацілася Ходасу пад грудзі. — І калі гэта я хадзіў да Аксені? Дванаццаць год... А як учора...» — і раптам у яго перад вачыма гэтая вуліца, зеляніна гародчыкаў змяшалася з тым далёкім і гэтак нечакана выразным, нібы ўсё было ўчора.

   Была вось гэтакая пара, блізкая да восені, калі ў садах пачынаюць цяжэць яблыкі, а скрозь па вёсках пяюць нядужыя, маладыя пеўнікі, яшчэ не ўзлятаючы на плот. Быў гарадок з белымі атынкаванымі хаткамі ў цёплым сасняку. На стрэхах, на зялёнай гонце прэла нацярушаная ігліца. На вуліцы пад нагамі мякка качаліся леташнія растаптаныя шышкі. Над галавою ў хвойках трашчалі сухім галлём сытыя гракі, укладваючыся нанач, і трывожна-рэдка крычалі ў густой цемнаце. Гэта пазней. А перад тым як пачынала шарэць, з раптоўным шумам абсядалі старую таполю, што стаяла недалёка ад іхняй часці, каля вакзала. У часці салодка пахла дымам ад блізкіх чорных паравозаў і было чуваць, як цяжка лязгалі мяккім жалезам буферы, калі паравозы падаваліся назад, каб зрушыць з месца.
   Чорныя паравозы беглі за Моладава, туды, куды ён, Ходас, кожнае нядзелі хадзіў на вечарынку. У Моладаве жыла і соладка мучыла яго раздабрэлаю дзявочай чысцінёй Аксеня.
   Ад Івана Ходаса холадна пахла трайным адэкалонам і на нагах блішчалі сабраныя ў гармонік хромавыя боты, калі ён падыходзіў да сяла. Ля рэдкага цвілога частаколу, туга нацягнуўшы на каленях спадніцы і пахаваўшы пад лаўку босыя ногі — мусіць, ад камароў, — сядзелі моладаўскія дзяўчаты. Хлопцы недзе пілі і паілі музыканта. Дзяўчат весяліў прасцякаваты, няхітры, прыгожы ў твары конюх Мікіта.
   Іван Ходас стаяў зводдаль, бачыў, як шчасліва саромелася і мякка хавала ад яго свае вочы Аксеня. Горача чырванела і на вечарынцы, калі ішла з ім у танец. Ціха-радасна нагінала галаву; валасы яе пахлі далёкаю ласкава-зялёнаю мятаю. І толькі праваю рукою праз нячутную блузку ў белыя ёлачкі, ад якіх балюча кружылася ў вачах, Іван Ходас адчуваў яе ўсю, сарамліва і стомлена паслухмяную.
   Да Аксені хадзіў Мікіта, і ёй было сорамна перад людзьмі, перад сабою, перад Мікітам: казала, быў у сватах, з паўтараком, з боханам хлеба ў ручніку, і яна сядзела за сталом, піла і ўсё яшчэ не заплаціла за гарэлку. А Мікіта на нешта спадзяваўся: ленавата і моцна абдымаў дзяўчат, а Аксені паблажліва і стрымана стараніўся. І няхітра-затоена хаваў злосць на яго, на Івана Ходаса. Але нядоўга. Раз, набраўшыся, як смалы, асалавелы, брыдка выпусціўшы з портак рубашку, уваліўся на вечарынку, убіўся ў вёдры і нарабіў раптоўнага адчайнага звону. А потым, блытаючыся ў вясёлых дзявочых падолах, пралез сюды, дзе на лаве, спіною да акна, сядзеў ён, Іван Ходас. Замахнуўся пустым кулаком. Але Ходас злавіў гэты кулак і пхнуў недзе ад сябе. Мікіта, заплюшчыўшы вочы, паехаў спіною на гарманіста. Хтосьці падхапіў яго пад пахі. Мікіта стаяў, апусціўшы рукі, нібы мокры, нібы вылез з вады, і раптам працверазіўся. Гармонік, густа выпусціўшы апошні дух, нечакана сціх. Бабы процьмаю збіліся ля парога, зашапталіся і палахліва замільгалі ў чорную прорву сяней. Але бойкі не было.
   Ходас выйшаў з хаты. На дварэ стаяла рэдкая і халодная відната — усходзіў месяц: за хатамі трывожна, як на пажар, чырванела неба. Ля парога, студзячы плечы, рагаталі хлопцы. З-пад акна сюды, да парога, смутна мільганула постаць, і Ходас пазнаў ці, скарэй, здагадаўся — Аксеня.
   — Ах, божа, я гэтак перапалохалася! — сказала яна здалёк, яшчэ не дайшоўшы да яго.
   — Ды нічога тут не было. — Ён адчуў, як моцна абняло яго здаровым, празрыстым холадам пасля гарачыні і пылу.
   Ён узяў яе за руку. Яна была халодная і дрыжала.
   Ноч стаяла вільготная, з расою — за ногі браўся сыры пясок. Спалі познія хаты, стомлена адсвечваючы сляпою цемнатою акон. Каля плота хрумсталі зялёнымі абабранымі яблыкамі дзеці.
   Аксеня павяла Ходаса чужымі надворкамі.
   У нечым хляве цяжка ўздыхала карова і з грукатам ціснуліся да сцяны перапалоханыя авечкі. Пахла цёплым гноем і авечым потам.
   — Нешта холадна, — сказала Аксеня, небаязлівая, блізкая з ім у густой адзіноце ночы.
   Ён шчасна маўчаў, чуючы, як яна тамліва і цёпла ўздыхала, мусіць, ад таго, што ён быў поруч.
   Сырым чырванаватым жаўтком з-за хат слізка выплыў месяц. З гародаў пахла сопкаю свежаю зямлёю — днём капалі раннюю картоплю.

   За папярочнаю вуліцаю пачаўся брук. У тлустых зеленаватых плямах мазуту, рэдка прыцярушаныя сенам, гладкія камяні мутна блішчалі, як падталы лёд. Ля плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры і шорсткі, як каровін язык. Тут пачынаўся горад. Уздоўж вуліцы стаялі нізкія, у два паверхі, домікі. За мутным цюлем на падаконніках грэліся гліняныя каты, збуялыя вазоны лісцямі адпіралі цёплае тугое шкло — ім было цесна.
   Домікі былі новыя, жаўтаватыя, як з суцэльных вялікіх вафляў. Ходас ведаў, што тут недзе жыла — вокнамі на двор — іхняя касірка з маленькім і свежым, як у дзіцяці, ротам, маладая татарка, што веяла на мужчын раптоўным хмельным скразняком, калі ішла па калідоры, дзе тыя стаялі ў дзень зарплаты, весела-мурзатыя, у вільготных ад мазуты фуфайках. Мужчыны скалілі здаровыя белыя зубы, падморгвалі адзін аднаму зайздросным калючым вокам і сыта ржалі. Ходас ведаў, што татарка кінула мужа, дэмабілізаванага афіцэра, але ведаў і другое, што да чыста-свежага рота ніхто, мусіць, не падступаўся бліжэй, як праз гэтае замусоленае, у залацістых кляксах густога чарніла акенца. І, мусіць, дарэмна адсылалі да яе сваіх слінява-ласкавых пасля палучкі мужоў, калі тыя позна варочаліся дадому, ціхія, злыя жонкі.
   Дарэмна злавала і яго, калі ён паволі ўвайшоў у хату адзін раз, занадта добры і вясёлы, мякка адчуваючы рукамі сцены, і сказаў, перапытваючы ў цёмную духату кухні: «Дзе быў? Вядома, у касіркі». Жонка ўключыла лямпачку і, жмурачыся ад рэзкага святла, ад злосці, цёпла павеяўшы на яго пасцеллю, нячутна босая пайшла на ложак.
   Да яе ён прыйшоў счакаўшы, пакуль спадзе, адхлыне злосць. Але яна мокра шмаргнула носам, глуха адвярнулася ад яго плячамі і адчайна затаілася ў плачы. Гэтак, як і сёння. А потым абярнулася, знайшла мокрым тварам, схаладзелым носам яго грудзі, добры і спакойны стук яго сэрца і сцішэла ў блізкім сне. І, мусіць, ёй было добра.
   Сёння ноччу яна была другая, можа нават спакойная — ён нават пабойваўся таго спакою — і гаварыла другое:
   — Дурная, нашто я так?.. Усё роўна люблю цябе... І хлопчык няхай астаецца ў нас...
   Рука яе, цёплая, недзе мякка ляжала ў яго пад пахаю. І твар, як і тады, быў мокры, і слёзы, цёпла-салёныя, смачныя, калі ён цалаваў яе ў вочы, закрыўшы свае, і яму было сорамна і добра, што яна любіць яго, і страшна, што ніколі яму, пэўна, не даруе.
   Ён маўчаў... А потым недзе адтуль, здалёк, з невыразнага свету, прыйшла на памяць Аксеня — тая хата з нізкаю столлю, з гліняным токам, з белаю грубкаю, з парудзелым, нібы туды зацякла вада, люстэркам, з наклеенымі на сцяну жоўтымі выцвілымі газетамі, каб не браўся мел. І яна, Аксеня, з распушчанымі квола-мяккімі валасамі на ложку, прыгожая, ласкавая, як малое дзіця, у той вечар. І ён лавіў яе гарачыя вільготныя вусны...
   Яму стала непрыемна, брыдка за тое далёкае; ён да пякучае цемнаты, да болю заплюшчыў вочы і адкрыў — Аксеня прапала: на сцяне коса калыхалася і дрыжала месячнае святло, нібы па шыбе сцякала вада. За топкаю перагародкаю ў большай палавіне скрыпнула канапа — там нанач паклалі хлопчыка.
   — Ідзі глянь, каб не скінуўся, — сказала яна, жонка, з тою добраю звычайнаю прастатою, нібы там спала дачка, але рукі яе доўга не расшчапляліся ў яго за спіною, мусіць, ад радасці, што маюць над ім такую ўладу. А потым асцярожна і хутка лавілі яго, калі ён ссунуўся з ложка і стаў, баючыся так нечакана і раптам адысціся ад гэтых рук.
   Хлопчык спаў, прыціскаючы да шчакі падушку. І яму, пэўна, снілася вялікая і добрая маміна рука. Коўдра спаўзла на падлогу.
   «Няўжо сын?» — нешта перавярнулася ў Ходасавых грудзях: ён ніколі не думаў, што так вырастуць недзе таемна і нязнана яго дзеці. Ходасу стала жаласна і невядома чаму шкада сябе.
   «Чаго я стаю, трэба ж накрыць яго», — схамянуўся ён і нагнуўся падняць коўдру; яна была мяккая і цёплая, як мох, той белы, нагрэты на сонцы мох... Даўно і далёка адсюль — пад Моладавам. І з памяці зноў, як з шэрага густога дажджу, невыразна і мякка выплыў далёкі і светлы Аксенін твар.
   Цяпер Ходасу было сумна і дзіўна, што ён пастарэў, а яна будзе ўсё гэтак прыходзіць да яго, свежая, набрынялая хараством і маладосцю.
   І раптам яму да шчымлівага суму закарцела ведаць, якая яна стала цяпер, і няўжо трывожна-адзінока, пасля раптоўных светлых слоў, успамінае яго і ўсё яшчэ любіць. Яму, няведама чаму, хацелася гэтага...

   Сярэдзінаю вуліцы грукацела, падскакваючы заднімі коламі, фурманка. На парожнім, разведзеным і без драбінак возе, укленчыўшы, стаяў малады пругкі цыган з худою нямытаю шыяй. Конь бег трушком, у цыгана за спіною туга надзімалася чырвоная рубашка.
   — А як маці? — спытаў Ходас, калі фурманка завярнула за востры рог плота і грукат колаў пасыпаўся на плошчу. — Можа ў цябе другі бацька ёсць?
   — Не-э, — пакруціў галавою хлопчык, і на каўнер у яго вылезлі доўгія валасы.
   «Трэба было б падстрыгчы», — падумаў Ходас. І ён уявіў, як там перад светлаю нядзеляю, падмёўшы падворак, Аксеня ідзе ў чужую хату, дзе, шыкуючыся да свята, цэлаю вёскаю падстрыгаюцца хлопцы, і просіць, каб давялі да ладу малога, «бо зарос — і вушэй не відаць».
   — А як вы цяпер жывяце?
   — Лепей, — хлопчык цыркнуў вялаю слінаю на тратуар. — Мама даяркаю стала. Старшыня казаў, што хату паставіць.
   І Ходас успомніў тую хату, купіны зялёнага моху на страсе і слупок, што падпіраў у хаце старую, выкручаную бэльку. І перад хатаю шэрае ў сухіх лішаях шула — знак, што некалі быў плот, весніцы і што ў хаце няма гаспадара. У шуле ў глыбокай шчыліне сядзела газета. Газеты сядзелі ва ўсіх весніцах, іх выпісвала ўсім, пэўна, праўленне. Мусіць, у гэтым слупку сядзела і яго пісьмо — першае і апошняе, на якое нязграбна і, пэўна, мучачыся куды цяжэй, чым на жніве, зліваючы два словы ў адно, Аксеня адпісвала, што ўжо звыклася без яго і нашто варушыць старое. Ад пісьма, быццам ад нежылое хаты, цягнула адзінотай, холадам. Аксеня маўчала, што знайшлося дзіця, пэўна, адзінока, цяжка і трывожна радуючыся, што ўдваіх некалі будзе лягчэй. А цяпер недзе глядзіць на сына, хмялеючы ад шчасця і не верачы, што можна было б жыць без яго.
   Ён злавіў хлопчыка за плячо, квола-худое і вострае, — і яно не вырывалася — адчуў нейкую незразумелую для сябе вінаватасць, якую не адчуваў даўно.
   — Дык ты прыязджай і на другую восень, — сказаў ён, не знімаючы рукі з худога пляча. — Тут у мяне во: груш, яблыкаў. Дома ж няма.
   — Чаму, ёсцека. Дзічка за хатаю.
   Светлым нядзельным днём, людскою мешанінаю панесла іх з-пад белае царквы, з-пад раймага — яны выйшлі на плошчу. І дыхнула асалавелаю гарачынёю позняга прывялага лета. Паколваючы, як іголкамі, суха прыпякала ў плечы. Каля царквы, каля халоднай бочкі з хлебным квасам, калыхалася сапрэлая чарга. Нехта ліў недапіты квас на пухкі гарачы пясок, на сцежку; квас шумеў, збягаючыся, як у прысаку.
   — Дык ты прыязджай усё роўна, — сказаў Ходас.
   — Прыеду, чаму не, — адказаў хлопчык абыякава і стала.
   Была радаснаю гэта шчырая няўмелая дзіцячая сталасць.
   «Вялікі. І, мусіць, вялікае яму трэба палітцо, — думаў Ходас. — Навырост...»
   Ён успомніў тое, што казала жонка, калі даставала загорнутыя ў старую зношаную хустку грошы, прыхаваныя недзе пад свежаю бялізнаю ў шафе; ён нават не ведаў, што яна іх там хавае.
   Казала і другое, каб хлопчык пабыў, пакуль у школу.
   — Можа з палітом успеецца? Можа зойдзем у сталовую? Мы ж яшчэ і прыезд твой не замачылі. Га?
   Хлопчык па-даросламу і цвёрда кіўнуў галавою. І яны пайшлі, мінаючы белую царкву, раймаг, мінаючы дробны рынак за раймагам, што таптаўся ў пыле, гаманіў і весела бялеў жаночымі хусткамі. Там, за рынкам, была сталовая: з адчыненых насцеж сенцаў нясло духатою, півам, і адтуль выходзілі чырвона-раздабрэлыя мужчыны, пахнучы смажаным алеем і тушанаю капустаю.
   Яны ішлі туды, бацька і сын. На іх ніхто не глядзеў: усё было чалавечае — дзень, сонца, позняе лета і хараство нядзелі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!