Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Барыс Сачанка - Ля даўняга селішча

Увага!!! Поўны змест

   Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном і быльнёгам селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі...
   Ля селішча двое: высокі аднарукі мужчына і яго сын – хлопчык год шасці-сямі.
   – Тата, чаго ты зноў прыйшоў сюды? – пазіраючы на селішча, пытае хлопчык. – I летась, калі прыязджалі ў вёску, былі мы тут, і во цяпер, сёння...
   – Чаго? – перапытвае ні то сам у сябе, ні то ў сына бацька і, нібыта адумаўшыся, раптам змаўкае.
   Дый што ён можа сказаць? Хіба зразумее, уявіць дзіця, што тут, дзе сівее, раскашуецца на волі палын ды быльнёг, некалі стаяла хата. Хата, у якой жыў ён, Мікалай, жыла добрая, мілая Надзя, жонка. I ў той хаце бегаў, звінеў званочкам шустры Косцік. Косцік-хвосцік... Іхні, яго і Надзін, сынок... Яны з Надзяй не зводзілі з сына вачэй, любаваліся, як борзда перабірае ножкамі, тупае па чыстых, вымытых да жаўцізны маснічынах маленечкі чалавечак, і ціха смяяліся ад радасці...
   Потым... Потым пачалася вайна. Яго, Мікалая, на фронт не ўзялі – пакінулі партызаніць. Немцы аднекуль даведаліся, што ён тут, у сваім лесе. Некалькі дзён пільнавалі яго ў засадзе, спадзеючыся, мабыць, што партызанскі камандзір наведаецца дадому, да жонкі. I, не дачакаўшыся таго, спапялілі хату. А разам з хатаю і тых, каго ён, Мікалай, любіў больш за ўсё на свеце...
   ...Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном і быльнёгам селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі...
   Ля селішча двое: высокі аднарукі мужчына і яго сын – хлопчык год шасці-сямі.
   – Тата, а тат? – пазіраючы на селішча, пытае хлопчык.– Скажы, га, чаго мы зноў прыйшлі сюды?..
   Нічога не кажа бацька, маўчыць, упарта, сцята маўчыць...
   Дый што ён можа сказаць? Хіба зразумее, уявіць дзіця, што і сын у бацькі не першы і жонка таксама не першая, што ў яго былі ўжо і жонка, і сын...
   Былі...
   I на вачах у бацькі нагортваюцца, блішчаць слёзы. Ці то ад сонца, якое надта ж шчыруе, аж слепіць, быццам спяшаецца аддаць назапашанае цяпло і святло, ці то ад чагосьці іншага, таго, пра што пытае і ніяк не можа пачуць ад бацькі адказу хлопчык, сын...
   Другі сын...

1969 г.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!