Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Барыс Сачанка - Зерне і млын

Увага!!! Поўны змест

   Ён, Іван, нават сказаць пэўна не можа, куды і з кім тады ехаў. Помніць толькі... шырокае, да самага небакраю, поле, дарога, што шызым павівастым паскам то падымаецца на пагорак, то па волі спадае ў лагчыну. Па ёй, гэтай дарозе, трасецца, паўзе нагружаная цяжкімі мяхамі збожжа, падвода, на якой сядзіць ён, Іван, ці то са сваім бацькам, ці то з дзедам. Вось вынырнула, паказалася ўдалечы нешта дзіўнае,— стаіць, махае, быццам вялізная птушка, крыламі — няйнакш спрабуе падняцца ў паветра, паляцець. I не ляціць — стаіць і стаіць на месцы.
   — Што гэта? — пытае, паказвае рукою наперад ён, Іван.
   — Гэта млын. Вятрак,— тлумачаць яму. — Ён меле на муку зерне. А з мукі, як ты ведаеш, пякуць смачныя, пульхныя блінцы, аладкі, духмяны хлеб...
   Там жа, ля млына, праз нейкі час, калі пад'ехалі бліжэй, ён заўважыў босага, апранутага ва ўсё белае, палатнянае — штаны, доўгую, па калені, кашулю,— старога з сівою барадою, што даволі борзда хадзіў па полі і размашыста сеяў, рассяваў рукою з ліповае сявенькі нейкае насенне...

   З той ці не першай далёкай паездкі Іванава памяць больш нічога не захавала. Але малюнак — ён, Іван, на мяшках на падводзе, сівенькі белы дзядок, што сее нешта на полі, млын-вятрак наперадзе — не-не дый мільгане, паўстане ў вачах. I, як заўсёды, апячэ, скалане думка: «Чаму, чаму адно зерне павінна легчы ў зямлю, каб набрацца сіл, прарасці, узгадаваць жменю, прыгаршчы новых зярнят, а другое, такое ж самае зерне, мусіць упасці на камяні млына і быць расцёртым, змолатым на муку? Што гэта — выпадковасць, якому зярняці куды трапіць — у цёплую, пульхную раллю ці на цвёрды, бязлітасны камень млына? А мо — не, не выпадковасць?..»

 

1

   ...У той дзень ён, Іван, з самай раніцы пайшоў да Толіка. У Толіка была кніга, якую аднекуль прынесла маці. Называлася кніга «Палескія рабінзоны», і ў ёй надта ж цікава расказвалася пра прыгоды двух хлопцаў-равеснікаў Мірона і Віктара, якія зусім нечакана для сябе апынуліся адны на неабжытым востраве сярод вады. Пачаўшы чытаць кнігу напераменку ўголас, нельга было адарвацца — хацелася ведаць, як, не маючы ні лодкі, ні яды, хлопцы будуць жыць на тым востраве, як будуць шукаць выйсця — дарогі дадому. I таму ён, Іван, бачачы, што ні бацька, ні маці, ні дзед нікуды сёння не збіраюцца ісці ці ехаць — была якраз нядзеля — і яму не трэба глядзець маленькую Наташку, адпрасіўся, каб пайсці да Толіка.
   — Хочам «Палескіх рабінзонаў» дачытаць,— сказаў ён.
   — Добра, добра,— махнуў рукою бацька.— Ідзі. I ён, Іван, пайшоў.
   Жыў Толік удваіх з маці ў баку ад вёскі, на выселках, у вялікай, на дзве палавіны, хаце. Толікаў бацька, як і большасць мужчын, быў на фронце — ішла ж вайна. Ім ніхто не замінаў чытаць кнігу — сеўшы за стол упобачкі, яны папераменна старонка за старонкай чыталі і чыталі, захопленыя знаходлівасцю Мірона і Віктара — астаўшыся без запалак, хлопцы і агонь запалілі, і яду сабе згатавалі. Ды і жытло, каб увесь час не быць пад адкрытым небам, прыдбалі. Толікава маці, цётка Дар'я, прадучы кудзелю, і сама заслухалася тым, пра што расказвалася ў кнізе, бо час ад часу перапытвала:
   — Што, што яны зрабілі?
   I ён, Іван, і Толік спынялі чытанне, з захапленнем расказвалі, тлумачылі маці, што зрабілі ці прыдумалі Мірон і Віктар.
   У абед, калі цётка Дар'я дастала з печы чорны, закопчаны чыгун, наліла і яму, Івану, і Толіку па поўнай місе ўпрэлага, заскваранага салам крупніку, раптоўна пачуліся стрэлы — і не адкуль-небудзь, а... з вёскі.
   — Зноў, мабыць, немцы прыехалі,— падхапіўся з-за стала, спалохаўся ён, Іван. I нацягнуў на галаву шапку, як не бегма кінуўся з хаты.
   Але яго спыніла, не даўшы выйсці, Толікава маці — цётка Дар'я.
   — Не спяшайся,— сказала яна, стаўшы на парозе.— Пачакай, пакуль паедуць з вёскі гэтыя злыдні. Бо калі на вуліцы ўбачаць... Ды яшчэ ты бегчы будзеш... Не, лепш не трапляць на вочы...
   Ён, Іван, хоць і рвалася душа дадому, паслухаўся Толікавай маці, астаўся ў хаце. Нават шапку з галавы зняў, за стол сеў, пачаў, хоць і неахвотна, есці крупнік.
   — Чаму ты так? — глядзела на яго, Івана, са шкадобай, жалем Толікава маці.— Ці мала хто там чаго страляе?.. Можа, і не немцы гэта зусім, а так хто... Абедай, еш!
   Але ён, Іван, не мог абедаць, есці — не лезла яда ў рот, і ён адсунуў ад сябе міску з крупнікам. I ні з таго ні з сяго заплакаў. Нават не заплакаў — зарыдаў, заліўся слязьмі, уткнуўшыся тварам у стол, на рукі.
   I Толікава маці, і сам Толік не ведалі, што і рабіць — узяліся, як толькі ўмелі і маглі, яго суцяшаць. Нарэшце, калі страляніна аціхла, Толікава маці ўзяла яго, Івана, за руку.
   — Хадзем, я завяду цябе дадому.
   — Не трэба, цётка Дар'я, я сам...
   I вырваўся з цётчыных рук, пабег з хаты.
   Была восень, імжыў дождж. Нават не дождж, а нейкая морась. Тут і там стаялі, стылі лужы. I без таго гразкая дарога расплылася, проста нагу не было дзе паставіць, каб не трапіць у ваду. Ды ён, Іван, і не выбіраў, дзе сушэй,— спяшаўся, імчаў, каб хутчэй быць дома, нібы прадчуваў, што не ўсё там ладна. Заўважыўшы людзей, што тоўпіліся на вуліцы, спыніўся.
   — Што тут? — спытаў, ледзь стрымліваючы дыханне.
   — Немцы ўсю Семенчукову сям'ю пастралялі,— адказала яму незнаёмая цётка, выціраючы хусткаю вочы.— I самога яго, і жонку, і дзяцей... Ых, ых,— зарумзала, абліваючыся слязьмі, яна.
   Ёкнула сэрца ў яго, у Івана.
   «А раптам і маіх бацьку, маці, Наташку, дзеда немцы застрэлілі, пакуль быў я ў Толіка?»
   Прыпусціў што было сілы, з усіх ног дадому.
   Але не, не дабег, бо ўбачыў таксама натоўп ля свайго двара, свае хаты. Спярша не паверыў — ці не памыліўся? Не, памылкі не было — гэта быў іхні двор, іхняя хата. Першая ж жанчына, якая яго ўбачыла, здаецца, гэта была суседка, цётка Пятруля,— закрычала:
   — Іванка, не ідзі дадому... У лес уцякай... Яны забілі тату, маму, Наташку, дзеда... I цябе, калі зловяць, заб'юць...
   Што далей і як ён, Іван, рабіў — не помніў. У памяці асталіся толькі нейчыя расчыненыя нахлашч весніцы, у якія ён, Іван, ускочыў, абгароджаны штакетнікам двор, хлеў, паркан, праз які ён, Іван, перамахнуў, потым гароды, лазняк, лес...

   ...Мокрага, галоднага, знясіленага, яго знайшлі ў лаўжы галля партызаны, калі неяк на досвітку вярталіся з задання...

 

2

   ...Гэта было ў самым канцы яго партызанства, усяго за дзень да вызвалення. Атрад, у якім ён, Іван, быў пры камандзіру як бы за пасыльнога, заняў абарону па ўскрайку лесу па абодва бакі шашы. Па ўсіх правілах былі выкапаны глыбокія акопы, пракладзены траншэі, зроблены завалы. Працавалі, не адчуваючы стомы, усю ноч, бо ведалі — будзе бой з рэгулярнымі часцямі нямецкай арміі, што адступаюць, не вытрымліваючы націску савецкіх войск. I таму да сустрэчы з ворагам рыхтаваліся асабліва старанна. Ды і заданне ж было — чаго б ні каштавала, затрымаць ворага, не пусціць далей: шаша тут, у балотах, адна, і калі яе перагарадзіць, створыцца затор, ворагу проста не будзе куды дзявацца, ён змушаны будзе ратавацца хіба што пеша, пакідаючы тэхніку — машыны, танкі, гарматы...
   Быў верасень, і жаўталістая восень ужо кранула пышнай пазалотай кроны дрэў. Гэтая пазалота асабліва кінулася ў вочы, калі ўзышло сонца і яго гуллівыя промні асвятлілі наваколле. Быццам запаленыя свечкі, то тут, то там успыхнулі, засвяціліся бярозы, асіны, клёны. На лужку, што разлёгся зводдалі, ірдзелі, чырванелі гронкі спелай каліны, арабіны. Там, ля стагоў сена, клубіўся мутна-белы, быццам дым, туман. I было ціха, так ціха, што чуваць было, як падалі, стукаючыся аб сукі і кару дрэў, спелыя жалуды.
   Камандзір атрада дзядзька Максім — партызаны звалі яго «Бацька» — і раз, і два, і тры абышоў, накульгваючы на левую, параненую нагу, акопы, траншэі, пагаварыў, перакінуўся словамі з камандзірамі ўзводаў, з партызанамі, якіх ведаў, бо былі ў болынасці з той вёскі, што і ён сам, ці з суседніх. Спыніўшыся ля густога зарасніку ажынніку — у ім густа і звабліва чырванелі, чарнелі ягады,— доўга глядзеў на яго, Івана. Потым раптам, нібы нешта ўспомніўшы, дастаў з сумкі, што заўсёды насіў пры боку, ніколі з ёй не расставаўся, лісток паперы, нешта напісаў.
   — Вось што, — павярнуўся ён тварам — зямлістым, чорным ад бессані і клопату — да яго, Івана.— Хоць і ведаю, што хочаш пабачыць на свае вочы гэты бой, а ўсё ж... Справы ёсць справы. Імчы, брат, у атрад да Мігуна. Занясі, аддай яму гэту пісулю,— сказаў па-камандзірску даволі сурова.
   I падаў яму, Івану, складзены ў чатыры столкі лісток паперы.
   Ён, Іван, прывучаны быў да дысцыпліны. Просьба, загад камандзіра — былі для яго закон. I ўсё ж...
   — Не шморгай носам, не плач,— сказаў яшчэ больш строга дзядзька Максім.— Выконвай!
   I павярнуўся, хутка зашастаў ботамі па жорсткай, парыжэлай ужо, быццам свіная шчаціна, траве — пайшоў, заспяшаўся туды, дзе былі людзі, акопы, траншэі.
   Ён, Іван, ведаў, дзе стаяў партызанскі атрад Мігуна. Неаднойчы бываў там з самымі рознымі даручэннямі. Гэта было кіламетраў за дваццаць ад тутэйшых мясцін. «Мусіць, не вельмі спадзяецца на свае сілы дзядзька Максім, дапамогі просіць. Дзіва што — рэгулярныя ж нямецкія часці... I мне... Спяшацца трэба!.. Пакуль дабягу туды, пакуль назад... Ого, колькі часу пройдзе...»
   Заціснуўшы лісток паперы ў кулачок, прыпусціў у гушчар лесу. Як заўсёды — напрасцяк, не пільнуючыся дарог і сцежак...

   Атрад Мігуна стаяў на невялікай паляне, якая была акружана з усіх бакоў лесам, балотамі. Перш чым трапіць туды, трэба было мінуць доўгі гнілы брод. Па правую руку ад яго ляжалі круглыя слізкія кладкі, на якія, калі б не ішоў, як толькі ступіш — заўсёды аклікалі. Нечакана, грозна:
   — Стой, куды ідзеш?
   I далей ужо вялі, завязаўшы чорнаю хусткаю вочы.
   Ён, Іван, і цяпер, калі дабег да кладак, спыніўся, пачакаў, калі яго аклікнуць. Але гэтага не здарылася — ні тады, калі ступіў на кладкі, ні пасля, калі пайшоў па іх.
   «Дзіўна»,— аж сумеўся, сцепануўся ён.
   Ніхто не аклікнуў, не спыніў яго, Івана, і далей, нават калі дайшоў да самой паляны, дзе былі партызанскія буданы, зямлянкі, выкапаныя да іх і ў лес ходы. Больш таго — нідзе не гарэў, не дыміўся агонь, ніхто не хадзіў.
   «Што такое?»
   Зазірнуў у самы вялікі будан, дзе заўсёды нехта быў, спачываў на нарах, зазірнуў і ў самы малы, дзе размяшчаўся разам са штабам камандзір,— ні там, ні там не было нікога.
   «Цікава, дзе ж гэта падзяваліся людзі?»
   Акінуў вачыма, агледзеў паляну. Буданы, зямлянкі, дрэвы... Ціха, пуста! Быццам і не жыў ніхто тут.
   «Няйнакш. падаліся, пайшлі кудысьці партызаны. Але куды? I што, што мне рабіць? У мяне ж — заданне... Не выканаць яго? Не, не, нельга...»
   Хвілін колькі стаяў у роздуме.
   «Бегчы назад, да камандзіра дзядзькі Максіма? А мо?.. Пашукаць атрад Мігуна? Але дзе, дзе яго шукаць?»
   Паволі, нага за нагу, падаўся з паляны назад да броду — на кладкі...
   «Бачыш, нават варты не пакінулі. Спяшаліся куды-небудзь ці іншае што здарылася? Але што, што?.. Хіба... Узяць ды крыкнуць? Раптам абзавецца, адгукнецца хто-небудзь?..»
   Набраў поўныя грудзі паветра — крыкнуў:
   — Ого-го-о!
   — Ого-го-оў? — адказала рэха, лес.
   «Не сказаў мне дзядзька Максім, што рабіць, калі не застану ў лагеры Мігуна ды і іншых партызан. А я, галава, не спытаўся таксама пра гэта. Ды і не думаў жа, што так будзе...»
   Спыніўся, зноў пастаяў, падумаў.
   «Каб жа я ведаў, што хоча дзядзька Максім ад Мігуна... А то ж...»
   Расчапіў кулак, паглядзеў на запіску.
   «А мо...»
   Не, гэтага ён ніколі не рабіў — не чытаў чужых запісак. Тым больш тых, што пасылаліся самім камандзірам іншаму камандзіру. Але цяпер, калі нікога няма ў лагеры, ды і не ведаеш, дзе хто...
   Усё ж не вытрымаў, разгарнуў складзены ў чатыры столкі лісток.
   «Іван, жыві! Таму і пасылаю, каб не загінуў»,— прачытаў ён, і доўга не мог здагадацца, што гэта не каму-небудзь, а яму, Івану, адрасавана запіска.
   «Камандзіра ж звалі Пятро... А тут...»
   Калі ж нарэшце дайшло, што запіска напісана самому яму, Івану, і ён зразумеў, уцяміў гэта, усхліпнуў, заплакаў.
   «Я так верыў дзядзьку Максіму, кожнаму яго слову... А ён...»
   З усіх ног прыпусціў назад, на ўзлесак, дзе былі акопы, траншэі, завалы, дзе партызаны ля шашы рыхтаваліся сустрэць ворага...

   Там, на ўзлеску, адкуль яго адаслалі ў атрад з запіскай, ён, Іван, быў апаўдні. I спярша разгубіўся, не паверыў сам сабе, сваім вачам, што гэта той самы ўзлесак, дзе рыхтаваліся партызаны сустрэць ворага — капалі акопы, траншэі, рабілі завалы... Дрэвы былі вывернуты, зламаны, паздзірана кара, абабіта голле... Чарнелі тут і там ямы ад выбухаў снарадаў, была ўскапана і перакапана зямля. I ўсюды, усюды, куды ні паглядзі, у самых неверагодных позах ляжалі тыя, каго ён, Іван, ведаў і каго з цяжкасцю цяпер пазнаваў — так яны былі знявечаны — з разварочанымі жыватамі, з адарванымі рукамі, нагамі і нават галовамі...
   Ён, Іван, заплакаў...

   ...Там, на ўзлеску, яго і адшукалі жывога сярод усіх мёртвых савецкія салдаты, што з'явіліся да досвітку. I калі няслі яго на насілках, ён убачыў вялізную калону варожых — нямецкіх — танкаў, машын, гармат, што працягнулася, нібы хвост вялізарнай гадзюкі, няйнакш на некалькі кіламетраў і звівалася гэтак жа, як і шаша...

 

3

   ...Што на атамнай станцыі ля Чарнобыля адбылася аварыя, ён, Іван, даведаўся ад незнаёмай жанчыны, якую падабраў па дарозе і якая прасіла падвезці яе да павароткі на Рэчыцу,
   — А то зусім змарылася я,— сказала яна, сядаючы ў аўтобус.— Гэта ж на спадарожных машынах дабіралася... З самага Чарнобыля. Там, на атамнай станцыі, пажар... Усю ноч тушылі. I цяпер яшчэ дым ідзе... I як бы зарыва стаіць... Малінавае...
   На другі дзень пра аварыю на атамнай станцыі загаварыла ўжо жанчына, што села ў аўтобус з дваімі малымі дзецьмі.
   — Гэта ж у нас эвакуацыя ідзе... Усіх людзей вывозяць... Каго куды... Дык я дзяцей схапіла ды да маці во еду... Пакуль што якое, там пабуду...
   — Не мялі абы-чаго языком, кабетка,— кінуў жанчыне, недавольны тым, што пачуў, мужчына: у капелюшы, з гальштукам — ці не нейкі камандзіраваны.
   — Я праўду кажу,— падняла вочы на мужчыну жанчына — змучаная — і гэта відаць было па твары, па вачах. Аварыя на атамнай станцыі. I цяпер радыяцыя павышаная...
   — Яшчэ раз кажу,— ужо злосна буркнуў на жанчыну мужчына.— Не сей панікі...
   — Табе б тое перажыць, што ўсе там перажываюць, ды і я перажыла,— зноў не вытрымала, агрызнулася жанчына.— Паглядзела б я на цябе, як бы ты сябе паводзіў. А то капялюш на галаву напяліў, гальштук пачапіў...
   — Пры чым тут мой капялюш і гальштук?
   — А пры тым, што такія, як ты, усё панікі баяліся, не сказалі людзям адразу ж, як аварыя адбылася, каб уцякалі. I што?.. Панабіраліся той радыяцыі пад самую завязку... А цяпер спахапіліся і гадзіны на зборы не даюць. У чым быў — у тым і ўцякай... Нічога-нічагусенькі браць з сабою нельга. Што на табе — у тым і ідзі...
   Чым скончылася тая спрэчка мужчыны з жанчынай, ён, Іван, не даслухаў — час быў ад'язджаць аўтобусу, і ён завёў матор, крануўся з месца, пачаў вырульваць на добра знаёмую дарогу, каб ужо не чуць, што гавораць пасажыры, а пільна глядзець, сачыць і за шашой, і за работай матора.    Праўда, калі высаджваў жанчыну з дзецьмі з аўтобуса, спытаўся, ці праўду яна казала пра эвакуацыю.
   — Анягож,— адказала як бы са злосцю жанчына.— Каму ні скажы — усе не вераць... А там жа, на электрастанцыі,— бяда... Людзі — пажарнікі — загінулі... Змагаюцца з агнём і з радыяцыяй... У мяне муж там астаўся... О-е-ёй!..
   Жанчына заплакала, амаль загаласіла...
   «Нешта і праўда там, на атамнай станцыі, здарылася,— упершыню падумаў ён, Іван.— I ўчора жанчына гаварыла пра аварыю, і во сёння...»
   Калі вярнуўся з маршруту, даведаўся ад шафёраў — вадзіцеляў аўтобусаў — больш. Асабліва тых, чый маршрут пралягаў у самыя паўднёвыя вёскі раёна, ды і ў Брагін, Нароўлю. Шафёры, хоць і пошапкам, расказвалі пра тое, што здарылася ля Чарнобыля на атамнай станцыі — там адбыўся выбух, развярнула сцяну станцыі, і пажар не затухае — над станцыяй кружаць верталёты, едзе туды міліцыя, салдаты. Людзей не толькі з горада Прыпяці выселілі, але і з некаторых вёсак. Не даюць нічога з сабою браць — ці каб транспарт не загружаць, ці то атрутнае ўсё, што там.
   Жонка Ліда, прыйшоўшы ўвечары з бальніцы, дзе працавала медсястрою, напалохала яшчэ больш.
   — Бяда ў Чарнобылі,— паведаміла яна.— Павысіўся радыяцыйны фон нават у нас у некалькі разоў.
   — А гэта што — небяспечна? — спытаў ён, Іван, у жонкі.
   — Дактары кажуць, што вельмі небяспечна. Пажадана менш бываць на паветры, асцерагацца пылу...
   — Але ж усюды на палях ідзе сяўба. Ды і загараць некаторыя пачалі — цяплынь жа стаіць, як улетку. Чаму б не папярэдзіць людзей?
   — Не ведаю. Пра аварыю ды і пра радыяцыю гавораць усе з вуха на вуха, быццам баяцца чагось. I ты, калі ласка, таксама язык не распускай,— папрасіла Ліда.
   — Знайшла каго папярэджваць! — аж быў пакрыўдзіўся ён, Іван.— Я думаю, каб было нешта там сур'ёзнае, па тэлебачанні і па радыё перадалі б. Цяпер жа галоснасць...
   — Можа, яшчэ перададуць. Трэба будзе праграму «Час» паглядзець.
   У праграме «Час», калі яе ўключылі, сапраўды перадалі пра аварыю. Праўда, не багата. Ну, здарылася такая аварыя. Прымаюцца меры, каб яе ліквідаваць. Вялікі акцэнт чамусьці рабіўся на сродкі масавай інфармацыі Захаду, якія паднялі вакол аварыі страшэнны гвалт...
   — Ну вось, а ты казала, павярнуўся да жонкі Іван.— Мусіць, дактары твае слухаюць розныя перадачы з Захаду і вераць ім.
   — Не,— не згадзілася Ліда.— Калі на тое пайшло, скажу табе — наш галоўны ездзіў з сакратаром райкома аж у Баршчоўку. Там, ля Прыпяці, горка ёсць, адкуль рэактар як на далоні відаць. I мералі гэтую самую радыяцыю... Не сказаў, якая яна там, але што высокая, у некалькі разоў большая, чым дапускаецца, то гэта факт. Ён, галоўны, сёння на пяцімінутцы сказаў, каб ніхто нікуды не адлучаўся, гатовыя былі да самых нечаканых выклікаў і дзеянняў...
   — Але ж па тэлебачанні ты чула, што перадалі? Каб было сур'ёзнае... Сказалі б.
   — Дай бог. А ўрэшце, пажывём — пабачым...

   Ішлі, набліжаліся майскія святы, і пра аварыю на атамнай станцыі ля Чарнобыля вельмі не было калі думаць. Трэба было сёе-тое і купіць да святаў, ды і людзей, як заўсёды, у такія дні куды пабольшала ўсюды, асабліва на дарогах. Святы меліся быць доўгія, аж чатыры дні, і людзі ехалі хто ў гарады, хто ў вёскі — перабачыцца з роднымі, з блізкімі, пабыць каму дома, каму ў гасцях. А тут яшчэ і надвор'е спрыяла — сонечна было, цёпла, як улетку. Нават зазелянела на ўзлобках і лугавінах, праклюнулася лісце на кустах смуродзіны, парэчак, агрэсту. Замест двух рэйсаў Івану даводзілася рабіць і па тры, і па чатыры... Дадому вяртаўся позна, еў і клаўся спаць — так стамляўся за дзень, седзячы за рулём аўтобуса, амаль не ўстаючы, не распрамляючы спіны і ног. У Ліды, як і заўсёды перад святамі, пачаліся адно за адным дзяжурствы — сёй-той хацеў наведаць у святы сваю радню і прасіў замяніць. I Ліда, якой ехаць не было куды, замяняла — суткамі не выходзіла з бальніцы. Ведала ж — муж таксама ў гэтыя дні заняты больш чым калі, дык чаму ж і ёй не запрацаваць лішні адгул. Спатрэбіцца ж — гарод трэба будзе сеяць ды і ці мала што. Дзеці ж — і Максім, і Лена — не дома: Максім у войску, аж у Хабараўску, а Лена замужам, жыве ў Рызе. Раптам пад'ехаць да каго-небудзь з іх давядзецца?    I Іван з Лідаю амаль не бачыліся — то ён у ад'ездзе быў, то яна на дзяжурстве. I хоць расло адчуванне быццам нейкай трывогі, бяды, аднак пры сустрэчы яны пра гэта не гаварылі. Ды і гавары ці не гавары, усё адно ж нічога не зменіш, чаму быць, таму не мінаваць. Гэта і ён, Іван, і Ліда ведалі з свайго, хоць і не вельмі вялікага вопыту. I трывога, бяда — гэта яны адчувалі, нават ведалі — звязана была з Чарнобылем, той аварыяй, што там, ля яго, адбылася... Пра яе, аварыю, гаварылі ўжо ўсюды адкрыта, не баючыся. Прычым з самымі рознымі падрабязнасцямі — і пра пажарнікаў, якія, рызыкуючы сваім жыццём, змагаліся з агнём, і пра міліцыю, вайскоўцаў, што акружылі станцыю і нікога туды не пускаюць, і пра эвакуацыю людзей з горада Прыпяць, ды і вёсак, што непадалёку ад атамнай станцыі... Верыць гэтым размовам ці не верыць — ніхто не ведаў. I адносіліся да іх як хто — хто смяяўся, жартаваў, маўляў, іншых слухай, а свой розум май, хто ўгінаў глыбей у плечы галаву і маўчаў — курыў папяросу ці адварочваўся, рабіў выгляд, што не чуе. Дваістае пачуццё да аварыі і ўсяго таго, што з ёю звязана, было і ў Івана. З аднаго боку, ён чуў, што гаварылі людзі, з другога — чуў і бачыў, што перадавалі і паказвалі па тэлевізары — ішлі поўным ходам палявыя работы паблізу рэактара, значыцца, нічога страшнага не адбылося, аварыя як аварыя... На Першае мая была, як і заўсёды, дэманстрацыя, мітынг на плошчы. Гаварылі пра поспехі, пра здабыткі працоўных раёна, пра выкананне і перавыкананне абавязацельстваў і заданняў. Праўда, галасы ў выступленнях былі менш натхнёныя, самі прамоўцы неяк быццам палахліва глядзелі на людзей. Ды і твары — і ў тых, хто быў на трыбуне, і ў тых, хто стаяў наўкруг яе, былі не радасныя. I калі павяваў вецер адтуль, з Чарнобыля, падымаў пыл — адварочваліся ўсе. I не глядзелі адзін аднаму ў вочы, не ўсміхаліся, як гэта бывала раней у святы, а імкнуліся скіраваць іх у зямлю, сабе пад ногі. А мо гэта толькі здавалася так яму, Івану?.. Сам мітынг цягнуўся не доўга, карацей, як звычайна — яго скончылі за якую гадзіну. Ды і быў ён не такі шматлюдны, як заўсёды на Першамай. Усё ж размовы, што трэба бываць менш на сонцы, на паветры, падзейнічалі. I Івана Ліда не пускала на дэманстрацыю. «Падумаеш, без цябе быццам не пройдзе». Але ён, Іван, усё адно пайшоў — сарамнавата перад таварышамі было, маўляў, радыяцыі спалохаўся! Ды і не прывык ён на Першамай дома сядзець, калі, здаецца, сама душа рвецца разам з людзьмі быць — хадзіць, спяваць, радавацца, смяяцца. Што-што, а Першамай Іван любіў, лічыў яго сапраўдным святам працоўнага чалавека. Гадамі ж людзі дамагаліся, каб яго святкаваць. I калі дамагліся, то быць дома, у сваёй хаце... О, не!
   Вярнуўшыся з дэманстрацыі і мітынгу, Іван пасядзеў за святочным сталом, які прыгатавала Ліда, нават ці не чаркі тры гарэлкі выпіў. I заваліўся ў пасцель. Відаць, дала пра сябе знаць стома, перанапружанне перадсвяточных дзён. I адразу ж заснуў. Нават не заснуў, а быццам праваліўся ў яму...

   Прахапіўся ён ад таго, што хтосьці зайшоў у хату, моцна грукнуўшы дзвярыма, зачыняючы іх. I тады ж пачуў незнаёмы голас:
   — Ваш муж дома?
   — Дома,— адказала Ліда.
   — Пазавіце яго!
   Іван, праціраючы вочы, выйшаў з-за перагародкі. Убачыў — у парозе стаіць не па-святочнаму апрануты чалавек — у шэрай, насунутай на самыя вочы кепцы, зеленаватай, ахоўнага колеру куртцы і такіх жа, быццам пашытых з брызенту, штанах. Не стары, хутчэй малады.
   — Вы Іван Лапаток? — спытаў чалавек, бліснуўшы з-пад казырка кепкі, быццам падазрона, вачыма.
   — Я,— адказаў Іван.
   — Пераапраніцеся ў рабочае, будзённае — і паедзем са мной,— не сказаў, а загадаў незнаёмец.
   — Проста зараз? — спытаў Іван.
   — Так, я вас пачакаю.
   Ліда, якая стаяла ля ўмывальніка і мыла посуд, устрывожылася, са страхам паглядзела на незнаёмца.
   — Што здарылася? — спытала яна.
   — Вы ж ведаеце, у Чарнобылі аварыя,— адказаў чалавек неахвотна.
   — Дык яго...— перавяла свае вочы, паглядзела на мужа Ліда,— у Чарнобыль?
   — Гэтага я не ведаю,— адказаў чалавек.— Мне загадана яго знайсці і даставіць на пункт збораў. Вось і ўсё. А там скажуць, размяркуюць, каго куды.
   Больш Ліда ні пра што не пытала. Ды і ён, Іван.
   Пераапрануўся хутка, за якія пяць-шэсць хвілін. Аставалася ў яго, не забывалася армейская вывучка. I калі трэба было — гатоўнасць заўсёды была нумар адзін, ці, як казалі калісьці ў партызанах, на адной назе... З жонкай не развітваўся, сказаў толькі, выходзячы з хаты:
   — Спадзяюся, ненадоўга, хутка вярнуся...

   Гэтае «хутка» доўжылася некалькі сутак. I ўвесь гэты час ён, Іван, быў быццам сам не свой — не помніў, што і як рабіў. Адно, толькі адно кіравала ім, падганяла, вяло — хутчэй сесці за руль аўтобуса і ехаць, імчаць па знаёмых і незнаёмых дарогах, асфальтавых і прасёлкавых, набіраць людзей і выгружаць, вызваляць зноў месцы. Ён ані не клапаціўся, не думаў пра сябе — думаў, клапаціўся толькі пра тых, хто трапіў у бяду. Ведаў — чым менш людзі будуць там, у зоне небяспекі, тым менш схопяць, набяруць радыяцыі. Не, не сказаць, каб ён зусім не адпачываў, не спаў. I адпачываў, і спаў, і нават еў. Але рабіў усё гэта як бы механічна — было такое адчуванне, што, як толькі скончыцца гэта, трэба зноў бегчы да аўтобуса, садзіцца за руль, заводзіць матор, зноў ехаць, зноў імчаць.
   Калі вывезлі людзей з тых вёсак, што апынуліся непасрэдна ў зоне небяспекі, пачалі вывозіць цяжарных жанчын, потым дзяцей. Гэта ўжо з іншых вёсак, з тых, што былі далёка ад рэактара...
   Расстанне з роднымі мясцінамі, слёзы і размовы людзей яго не краналі. Ён як бы сцяўся, закамянеў...
   Адчуў, што яму блага, неяк надвячоркам. Надта ж біла ў вочы, аж сляпіла, сонца, калі сядзеў за рулём. Ды і дарога блішчэла ўсё адно што люстра.    Налілася цяжарам галава, схлупіла сэрца — не прадыхнуць. Падумаў: добра, што паражняком еду, людзей няма... Адчыніў кабіну, і...

   ...ачнуўся ў бальніцы. Убачыў схіленыя над сабою твары, белыя халаты...
   — Што са мной? — спытаў з цяжкасцю перасохлымі губамі.
   — Нічога, супакойцеся,— пачуў ён.— Цяпер усё добра...
   — Я што, разбіўся, у аварыю трапіў?
   — Не.
   I тады раптам у мностве твараў, што быццам у тумане мітусіліся, схіліліся над ім, ён пазнаў, вылучыў адзін знаёмы твар. Жончын, Лідзін. Заўважыў: з яе вачэй беглі двума ручайкамі слёзы...

   ...Ён, Іван, апынуўся чамусьці на вакзале, некуды вельмі ж спяшаўся. Дабег да платформы, на якой стаяў цягнік, і — трэба ж! — цягнік крануўся. Ён кінуўся ўслед, дагнаў свой вагон, ухапіўся рукамі за поручні і некалькі хвілін бег, бег. Аставалася адарвацца ад зямлі, павіснуць на руках і падняць, закінуць на падножку вагона ногі. Але... на гэта ў яго якраз і не хапіла сілы. I ён, зажмурыўшы вочы, падае, ляціць потырч носам ці то пад колы вагона, ці то ў кювет...

   ...Ужо вясна, цяплынь, а ён, Іван, не зняў з сябе зімняе апраткі — шапкі-зімоўкі, кажушка і валёнак. I яму горача, аж, здаецца, дыхаць няма чым. А тут, як на тое, немцы, паліцаі. Акружылі яго і хочуць узяць жывога. Трэба ўцякаць. I ён уцякае — па лесе, між дрэў, пятляючы, каб, на выпадак стрэлу, не пацэлілі. I бяжыць туды, дзе ведае, што няма ні немцаў, ні паліцаяў — там балота, рака. Грузне як не па самыя пахі ў багне, вадзе, грэбаецца рукамі, нагамі. I адчувае, бачыць — яго даганяе нейкі даўгалыгі, з ашчэраным зубастым тварам немец. Вось-вось ён дагоніць і ўваткне ў яго цела цясак, праніжа навылёт... I ён, Іван, не маючы сілы больш уцякаць, застывае на месцы, і...

   ...Ён вяртаецца з мястэчка, куды хадзіў у разведку, на сувязь з падпольшчыкамі, і трапіў у засаду. Ды так, што каб і хацеў уцячы — не ўцячэш: з усіх бакоў, падняўшыся на поўны рост, на яго ідуць, наступаюць немцы. Кола з кожнай хвілінай сціскаецца, яшчэ мінута, другая — і... Яго зловяць, возьмуць у палон жывога. О, толькі не гэта...
   Дуб, тоўсты, карысты дуб,— вось хто яго збаўца. I ён, Іван, сігае да гэтага дуба, пачынае на яго лезці, узбірацца. «Няхай заб'юць, і гэта будзе лепш, чым трапіць у рукі ворага жывым»,— думае ён.
   Немцы здагадваюцца, што ён, Іван, задумаў, кідаюцца бягом да дуба, імкнуцца дастаць Івана. Але не, гэта ім не ўдаецца — ён ужо высока. «Каб да голля дабрацца, тады б я...»
   Глядзіць угору — голле яшчэ далёка. Але ён караскаецца, лезе...
   Унізе крычаць, гарлапаняць немцы. Адзін нават страляе. Куля дзыўкае ля самага вуха...
   «Ага, страляйце, забіце,— думае ён.— Але жывы я вам не дамся, не, не дамся...»
   Хапаецца рукою за галлё...
   I тут адчувае — няма больш сілы, стаміўся.
   Глядзіць уніз і бачыць — дуб акружаны з усіх бакоў немцамі, яны пападымалі ўгору вінтоўкі з адкінутымі цесакамі, стаяць, чакаюць, калі ён сарвецца...
   «Не, не дачакаецеся таго!» — нібы грозіць ён немцам.
   Закідвае адну, другую руку наперад, падцягваецца... Але не, няма больш сілы, не хапае паветра. I ён... Не ўтрымліваецца, зрываецца, падае ўніз, туды, дзе стаяць немцы, дзе падняты ўгору сталёвыя, блішчастыя цесакі...

   ...Ён, Іван, сядзіць за рулём, вядзе, як і штодзень, аўтобус. Дарога амаль пустая — зрэдку пакажацца грузавік, мільгане «Волга» ці «Жыгулі». I зноў пуста, хоць бокам каціся. I раптам... Што гэта?.. Проста на яго імчыць гружаны бярвеннем «МАЗ». Калі і адкуль ён выскачыў — ён, Іван, не заўважыў. I за рулём сядзіць нехта ці не п'яны, бо «МАЗ» імчыць, нясецца на вялізнай хуткасці, прычым улукаткі, з аднаго краю дарогі на другі. I змятае ў кювет, разбівае «Волгі», «Жыгулі», іншыя машыны, што трапляюцца па дарозе. Ён, Іван, разумее, што яму трэба звярнуць, збочыць, бо інакш яго аўтобус таксама будзе змецены ў кювет, збіты, раздаўлены. Але куды збочыць, куды звярнуць? Якраз жа месца такое... Ды і руль нешта не слухаецца, як ні напружваецца, як ні імкнецца Іван — аўтобус імчыць прама, нікуды не зварочвае. I бачыць, адчувае ён, Іван — не ўдасца яму нікуды звярнуць, трэба выскокваць, уцякаць з кабіны. Ён хапаецца за ручку дзвярэй, адчыняе, і...
...................................................................
   ...ачынаючыся ў жаху, кожны раз хапаецца рукамі за сэрца. Здаецца — яно не вытрымала, разарвалася і баліць, баліць...
   — Што, родненькі? — чуе, даходзіць да яго, быццам праз тоўшчу вады, голас Ліды.— Не бойся, я тут, усё будзе добра...
   I Лідзіна рука — цёплая, ласкавая, гладзіць, гладзіць яго — па лбе, па шчоках, па твары...
   Ён зноў заплюшчвае вочы...
   «Ліда... Лідачка... Лідуся!..— шэпча, гаворыць, крычыць ён. А мо і не шэпча, не гаворыць, не крычыць, а паўтарае сам сабе ў думках.— Дзякуй, за ўсё табе дзякуй, што ты дала мне, прынесла з сабою ў маё жыццё. Каб не ты, каб цябе я не ўбачыў, не сустрэў... Не ведаю, як бы і жыў, што б са мною было...»

   I цяпер ужо ўяўляецца яму — ён, Іван, зноў за рулём аўтобуса. Выехаў на звыклую, знаёмую дарогу, мінуў мястэчка, потым — абсаджаную бярозамі шашу — суцэльны зялёны калідор — і ўляцеў па гэтым калідоры ў лес. Тут дарога раўнейшая — нядаўна яе паправілі, падсыпалі бітага шчэбеню. Ды і цвярдзейшая. Аўтобус ідзе роўна, матор працуе, як і заўсёды — без натугі, і весці аўтобус прыемна, нават радасна. Ён, Іван, седзячы за рулём, адчувае, як наліваюцца сілаю яго мускулы, як хочацца нешта ці то падняць, ці то зрабіць. У душы ўзнікае, аж быццам перапаўняе яго музыка, песня без слоў...

   ...Яе, Ліду, ён убачыў упершыню пад восень — яна стаяла на абочыне дарогі на выездзе з Дубровіцы, падняўшы ўгору руку, каб не прайшоў міма, спыніўся аўтобус. У светла-зялёным плашчы, белай пуховай шапачцы. «Як дзьмухавец»,— падумаў чамусьці весела ён яшчэ пра адну пасажырку, якую трэба падабраць, і, параўняўшыся з ёю, спыніўся, як спыняўся кожнаму, хто хацеў пад'ехаць, зусім не думаючы, што гэта спыняе яго лёс. Адчыніў дзверы, і «Дзьмухавец» не ўскочыў, а як бы лёгенька ўляцеў у аўтобус.
   I ў аўтобусе адразу ж зрабілася весела, а ў яго, шафёра, зайграла на душы музыка. Ды такая, што хацелася спяваць, свістаць, скакаць. I ён ехаў, можа быць, як ніколі яшчэ ўпэўнена, абмінаючы выбоіны, лужыны, абганяючы спадарожныя машыны, даючы дарогу сустрэчным.
   «Хто яна такая? — не накідала яго, хвалявала думка.— Першы раз бачу, першы раз падвожу...»
   Калі праз нейкі час яна падышла да дзвярэй, каб абілеціцца, заплаціць за праезд, ён не мог падняць вачэй, паглядзець ёй у твар. Такое здарылася з ім упершыню. «Чаму б гэта?» — падумаў. Звярнуў увагу толькі на яе рукі — яны былі надта ж маленькія, быццам дзіцячыя, і кволыя-кволыя...

   Мінуў тыдзень, і ў нядзелю ён зноў убачыў на выездзе з Дубровіцы «Дзьмухаўца», як у думках ахрысціў ён дзяўчыну. Зноў яна стаяла на абочыне дарогі і зноў прасіла спыніцца, падвезці. Гэты раз вольных месцаў у аўтобусе не было, але ён усё адно спыніўся, забраў дзяўчыну. I зноў заўважыў — у душы ў яго зайграла музыка — цэлы аркестр...
   I гэты раз ён не змог пераадолець сваю сарамлівасць, падняць вочы, паглядзець на дзяўчыну — быццам баяўся ашукацца, што дзяўчына акажацца не такой, якую ён уяўляў усе гэтыя дні, пра якую думаў, лежачы адзін у сваім халасцяцкім ложку.
   Толькі мо на пяты ці шосты раз, калі падабраў дзяўчыну з абочыны дарогі, асмеліўся падняць вочы, паглядзець ёй у твар. I сам засаромеўся сябе — такая прыгожая здалася яна яму.
   «Няйнакш вучыцца дзесьці і ездзіць дадому... А ў нядзелю ад'язджае»,— думаў ён пра дзяўчыну.
   Аднойчы, калі праязджаў у нядзелю міма Дубровіцы і не ўбачыў на абочыне дарогі дзяўчыны, аж не ведаў, што рабіць. Раптам запазнілася, у час сюды не паспела? А мо хутчэй, чым іншыя разы, ехаў — гнаў аўтобус, каб сустрэцца, убачыць яе?
   З'ехаў з дарогі, спыніўся. Потым, пастаяўшы якую хвіліну, вылез з кабіны, пачаў, хоць і не было ў тым патрэбы, корпацца ў маторы.
   Але дзяўчыны не было — не ішла яна...
   «Можа, захварэла? Ці нешта іншае здарылася?.. Там, на вучобе, у горадзе ці ў вёсцы, дома?..»
   Калі сеў зноў у кабіну і рушыў далей — адчуў: у душы няма, як заўсёды была, музыкі, а ёсць трывога, неспакой...
   «Дзе ж падзелася дзяўчына, што з ёй?»
   Тыдзень доўжыўся, як год. Думаў — не вытрывае. Нядзелі чакаў, як немаведама чаго. I калі зноў убачыў на абочыне «Дзьмухаўца» — аж расцвіў.    Нават спытаўся быў:
   — Што ж вас у мінулую нядзелю не было?
   — А я дадому не прыязджала. Ангіна ў мяне была,— сказала вельмі прыемным галаском дзяўчына. I ўсміхнулася. Добра так, неяк даверліва, быццам па-змоўніцку.
   — Вы што, вучыцеся?
   — Ага,— і, падумаўшы, дадала: — У медвучылішчы. З гэтага дня ўжо не абыходзілася без таго, каб ён, Іван, падбіраючы на дарозе дзяўчыну, не пагаварыў з ёю. Усяго некалькі слоў, кінутых быццам між іншым, а як сагравалі яны яго, колькі нараджалі думак, надзей. Седзячы ў кабіне за рулём ці лежачы ўвечары ў ложку, перабіраў ён потым словы, успамінаў, як яна, быццам выпадковая пасажырка, паглядзела на яго, усміхнулася...

   Дзіва дзіўнае, дый годзе, было з гэтай дзяўчынай. З галавы яна не выходзіла ў Івана, па начах снілася. Ды як, як! То сядзелі з ёй на лавачцы, то хадзілі, узяўшыся за рукі, быццам дзеці, па лузе, на якім надта ж густа цвілі кветкі — люцікі, смолкі, зязюлькі, рамонкі,— абдымаліся, цалаваліся...
   «Трэба будзе даведацца хоць, як зваць яе,— наказваў сам сабе наперад Іван.— Ды і наогул...»
   Што наогул — ён і сам не ведаў...
   Неяк, ужо зімою — мароз аж дыханне схлупліваў, і мяло, выла — завея ўсчалася, ён, Іван, хоць і гнаў аўтобус на ўсю хуткасць, а спазніўся хвілін на дваццаць у Дубровіцу. I, убачыўшы «Дзьмухаўца», аж рахваляваўся — здалося яму, што зусім замерзла, чакаючы яго на абочыне, дзяўчына.
   — Вы б мне паказалі, дзе жывяце,— сказаў ён дзяўчыне.— Я заехаў бы па вас.
   — А хіба так можна? — спытала дзяўчына.
   — Можна не можна, а я заязджаць буду. Бо так, чакаючы, і прастудзіцца нядоўга.
   Дзяўчына паказала — хата, дзе яна жыла, была пятая ад дарогі, па левы бок вуліцы — каля яе стаялі дзве высозныя старыя ліпы.
   — А каго мне пытаць на выпадак чаго? — спытаў ён, Іван.
   — Мікалая Раманенку,— адказала дзяўчына.— Гэта мой бацька.
   — А вас як жа зваць? — асмеліўся падняць вочы, паглядзець на дзяўчыну ён, Іван.
   — Ліда...
   I ўспыхнула, залілася ўся чырванню.

   З гэтага дня заўсёды ў нядзелю ён, Іван, збочваў з шашы на звычайную вясковую вуліцу, пад'язджаў да пятай хаты, што стаяла за дзвюма высознымі, старымі ліпамі, забіраў Ліду — балазе яна падрыхтаваная была ў дарогу, выбягала адразу ж, як толькі бачыла аўтобус.

   Мінулі халады, зіма, вясна прыйшла, а потым і лета, а ён, Іван, усё адно кожную нядзелю пад'язджаў да хаты Мікалая Раманенкі. I нават калі Лідзе не трэба было нікуды ехаць — на канікулах была яна, усё адно пад'язджаў Іван, спыняўся, чакаў, калі выйдзе з хаты дзяўчына, скажа яму хоць колькі слоў...
   Закончыла Ліда вучобу, дык ён, Іван, заслаў да яе сватоў. I хоць была Ліда намнога маладзейшая за яго, аднак не дала сватам ад варот паварот, згадзілася выйсці замуж...
...................................................................
   I ў вайну, і пасля вайны ды і потым ён, Іван, неаднойчы думаў, а то і пытаў сам у сябе, чаму ён не загінуў, астаўся жыць — прычын на тое было больш чым дастаткова. Што яго ратавала? Выпадак? А мо іншае што? А калі не загінуў, астаўся жыць, дык дзеля чаго, што ён павінен зрабіць, каб апраўдаць дарованае яму жыццё?
   Не пакідала гэтая думка яго і ў бальніцы, у рэдкія хвіліны, калі канчалася трызненне, зноў і зноў прыходзіла ў галаву. Цяпер быццам ужо і адказ быў. Хоць... Можа, і не адказ, а здагадка — каб вывезці з небяспечнай зоны тых, хто трапіў у бяду.
   «Але ж гэта і іншыя маглі зрабіць, не толькі я?»
   «А можа, і не маглі... Ды і Ліду ж я сустрэў, замуж узяў, жыў з ёю столькі гадоў... Дзяцей — Максіма і Лену — нарадзілі, выгадавалі, на ногі паставілі... I аўтобус вадзіў, людзей, каму куды трэба, перавозіў... I ці мала што яшчэ рабіў — і ў арміі служыў, і гарод капаў, сеяў і сад даглядаў, і ўсё-ўсё рабіў...»
   «Але ж з усяго нешта галоўнае павінна быць, тое, што ніхто зрабіць не мог, толькі я, адзін я...»
   Перабіраў у галаве Іван усё, што зрабіў за жыццё, сілячыся даўмецца, зразумець ці хоць бы здагадацца, дзе ж яно, тое галоўнае, што толькі ён, адзін ён мог і павінен быў зрабіць, і больш ніхто, ніхто на свеце.
   I не бачыў яго, не знаходзіў.
   «А можа, усё, усё, што я рабіў, чым жыў, і было галоўнае?»
   Тады і згадалася, успомнілася яму — як ехаў на падводзе і бачыў удалечы млын і сейбіта, што сеяў, рассяваў на полі насенне...
   «А мы, людзі, хіба ж не тыя самыя зярняты, хіба мы вольныя, выбіраем, куды каму ўпасці — у цёплую пульхную раллю, каб набрацца сіл, прарасці, узгадаваць жменю, прыгаршчы новых зярнят, ці ўпасці на цвёрдыя, бязлітасныя камяні млына і быць расцёртымі, змолатымі на муку?..» — падумалася яму.

   ...Ехаў, імчаў па дарозе аўтобус, і ён, Іван, быў зноў за рулём — рукі, усё цела наліваліся мускуламі, сілай, а душа поўнілася музыкай, песняй без слоў... Свяціла, пякло гарачае летняе сонца, лілі змрочныя асеннія дажджы, круціла, слала кудзелю зіма, адзявала лясы, палі ў новыя зялёныя ўборы вясна, а ён, Іван, сядзеў і сядзеў за рулём, ехаў і ехаў, імчаў і імчаў...
   Куды, чаго — і сам не ведаў, не мог сказаць...

1987 г.

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Сляды

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Жаніх і нявеста

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча