Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Духоўная літаратура

Кнопка отправить на печать

   Духоўная літаратура - сукупнасць літаратурных твораў розных відаў і жанраў, аб'яднаных рэлігійнай тэматыкай.
   Беларуская літаратура ў яе пісьмовым выглядзе, як і іншыя еўрапейскія, пачалася з духоўнай літаратуры. Эпічную частку яе складалі: пераклады Бібліі і Евангелля; аратарская проза — пропаведзі славутых святароў-красамоўцаў, накшталт "словаў" Кірылы Тураўскага або казанняў Л. Карповіча, Iпація Пацея, Мялеція Сматрыцкага і іншых; агіяграфічныя творы (ад грэч. hagios — святы і grapho — пішу), або жыційная літаратура, — апісанні жыцця кананізаваных царквою асоб — святых ("Жыціе Ефрасінні Полацкай", "Жыціе Аўрамія Смаленскага", "Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія"); апокрыфы (ад грэч. apokryphos - таямнічае) - не пагоджаныя з царквою сярэдневяковыя аповесці, заснаваныя на біблейскіх сюжэтах; хаджэнні, або паломніцкая літаратура, — апісанні падарожжаў да святых мясцін, на Блізкі Усход ("Хаджэнне" ігумена Данііла, "Хаджэнне ў Царград і Іерусалім" Ігната Смаляніна, "Падарожжа да святой зямлі" М. К. Радзівіла); перакладныя духоўныя аповесці і раманы ("Аповесць пра трох каралёў"). У XVI-XVII стст. асаблівае развіццё набыла рэлігійная публіцыстыка (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, А. Волан і інш.), а ў сувязі з заключэннем Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. — палемічная літаратура: выступленні выдатных святароў — майстроў аратарскай прозы — за унію і супраць яе (Iпаці Пацей, П. Скарга, Х. Філалет, С. Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Л. Карповіч, Афанасій Філіповіч, I. Руцкі, I. Кунцэвіч, А. Сялява і інш.).
    Даволі рана (з XVI ст.) на Беларусі з'явіліся драматычныя творы духоўнай літаратуры — п'есы, разлічаныя на батлейку ("Цар Ірад"), драму народную — тэатралізаваныя відовішчы ў час розных рэлігійных святаў ("Цар Максімілян"), школьны тэатр — тэатральныя выставы Віленскай і Полацкай езуіцкіх калегій, праваслаўных брацкіх школ і інш. навучальных устаноў ("Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба", "Камедыя пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў").
   Лірыка таксама з даўніх часоў падключалася да вырашэння розных рэлігійных мэт і задач праз духоўныя песні, гімны, вершы.
   Да духоўнай літаратуры, створанай на Беларусі, адносяцца і аль-кітабы (арабскія святыя кнігі) — рукапісныя кнігі рэлігійнага зместу, напісаныя ў XVII-XIX стст. беларускімі татарамі на беларускай мове, але арабскім алфавітам. Татары, якія пасяліліся на нашай зямлі яшчэ ў XIV-XVI стст., паступова асіміляваліся, забылі мову сваёй мусульманскай рэлігіі — арабскую. Іхнія святары пачалі перакладаць рэлігійныя кнігі на мову штодзённага ўжытку — на беларускую, а каб захаваць знешнюю святасць сваёй духоўнай літаратуры, прыстасавалі для перадачы беларускіх гукаў арабскі алфавіт.
   Бадай, у адначассе з узнікненнем духоўнай літаратуры нарадзілася і антырэлігійная, літаратура, у якой адмаўляюцца рэлігійныя дагматы, вера ў існаванне Бога, звышнатуральных сіл. Атэізм як сістэма поглядаў, што ўзнік яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і прайшоў дарогамі вальнадумства, асветніцтва і гуманізму Сярэдневякоўя і Адраджэння (Эразм Ратэрдамскі, Д. Дзідро, Ф. Бэкан і інш.), этыку і эстэтыку рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў (В. Бялінскі, А. Герцэн, М. Дабралюбаў, Дз. Пісараў, М. Чарнышэўскі), нарэшце, матэрыялізм і марксізм новага часу, асаблівае пашырэнне набыў у ХХ ст. Адпаведна пашырылася і антырэлігійная літаратура. У прыватнасці, беларуская літаратура атэістычнага зместу, заявіўшы пра сябе яшчэ ў асобных фальклорных творах, у ананімных парадыйна-травесційных паэмах XVIII-XIX стст. ("Уваскрэсенне Хрыстова", "Энеіда навыварат", "Тарас на Парнасе"), свайго апагею дасягнула ў савецкі час. Гэтаму садзейнічаў ваяўнічы атэізм бальшавіцкай улады, якая вызначала ідэйную скіраванасць усёй літаратуры. Беларуская антырэлігійная літаратура рэалізавалася ў розных відах і жанрах: вершах, песнях, паэмах ("Малебен" Якуба Коласа, "Біблія" Кандрата Крапівы), раманах і аповесцях ("Вершалінскі рай" А. Карпюка), драмах ("Адкуль грэх?" Алеся Петрашкевіча) і інш. Асобныя яе ўзоры ў выданні: "Туман трэба развеяць" (1981).

   Шматканфесійнаму беларускаму народу характэрная талерантнасць, верацярпімасць. Таму ён аднолькава не прымае як рэлігійны фанатызм, што выявіўся, у прыватнасці, у фізічнай расправе (спаленні на кастры ў Варшаве) беларускага атэіста Казіміра Лышчынскага за трактат "Аб неіснаванні бога" (1697), так і савецкі ваяўнічы атэізм, у выніку якога знішчаны многія творы духоўнай літаратуры.