Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



«Яшчэ адзін Міцкевіч...»

Кнопка отправить на печать

   Пасля заканчэння школы ў Мікалаеўшчыне Кастусь два гады рыхтаваўся да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
   Праўда, калі гаварыць больш дакладна, то не два гады, а дзве зімы. Толькі сыдзе снег – і да позняй восені не было часу займацца падрыхтоўкай – хапала іншай, больш пільнай работы!
   Бацька вечна заняты: то ў абходзе, то высочвае для паноў глушцоў ці лася, то вязе ў замак князю рыбу або качак. Да таго ж у апошні час ён пачаў прыхворваць. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу...
   На службе бацьку замяшчаў Уладзік. Алеся дома ўжо не было: ён паехаў у Данбас. А Косцік памагаў дзядзьку Антосю ўпраўляцца з гаспадаркай. Абсяваў поле, касіў, вазіў дровы, ездзіў у млын – ды хіба мала працы каля дома?! Прылаўчыўся нават так жаць, што мала адставаў ад маці і дзядзькі. А выпадзе якая вольная часіна – чытаў кнігі ці ішоў збіраць грыбы.
   Затое зімою Косцік цалюткі дзень праседжваў за сталом. Рыхтаваўся ўдумліва і без прынукі. Перарашаў усе задачкі з задачніка. Старанна вучыў граматыку, у якой правілы падмацоўваліся прыкладамі з вершаў. Трапляліся тут і дзівосныя радкі. Косцік выпісваў іх у свой сшытак і вучыў на памяць. Шкада толькі было, што гэтыя вершы ў граматыцы надрукаваны не поўнасцю і абрываліся на самым цікавым месцы...
   Кастусь сядзіць з кнігай...
   Заглядае ў акно месяц, кідае на падлогу зеленаваты водбліск. Гэта страляе мароз. Косцік узіраецца ў замерзлую шыбу. Пад ззяннем месяца хлеў і клуня, што схаваліся ў гурбах, нават сосны, зацярушаныя снегам, здаюцца нейкімі іншымі – маленькімі, прысадзістымі. Дрыжаць зоркі, пабліскваюць, пераліваюцца рознымі колерамі сняжынкі...
   Кастусь углядаецца ў акно і доўга любуецца хараством зімовай ночы. Пасля адкладвае кнігу, і самі сабою нараджаюцца ў думках, плывуць радкі верша на лісток паперы.
   Праўда, заўтра можа здарыцца так, што перачытае ён свой верш і лісток паляціць у печ. Цяжка складаць верш...
   Кастусь прагна чытае кнігі, а дастаць іх – бяда. Часам кажа ён бацьку:
   – Папрасі, татачка, кніжак у пані Аксені... Бяры з вершамі.
   Міхал то забудзецца на сынаву просьбу, то неахвота ісці ў хату да пана ляснічага, лішні раз пападацца яму на вочы. Аднойчы жонка ляснічага, пані Аксеня, сама запытала, як маецца Кастусь.
   – У настаўніцкую семінарыю рыхтуецца. Прасіў ён у вас, дарагая панечка, кніг з вершамі, ды я не адважыўся вас турбаваць...
   – З вершамі? – здзівілася жонка ляснічага.
   – Ведаеце, блазнота... Сам нешта такое складае, – тлумачыў ляснік.
   – Няхай, няхай піша... Можа, яшчэ адзін Міцкевіч паэтам стане... Быў такі польскі паэт Адам Міцкевіч. Родам з Беларусі, з-пад Навагрудка, хораша апісваў нашыя мясціны, асабліва возера Свіцязь...
   Прынёс у той дзень бацька Кастусю два томікі вершаў рускага паэта Лермантава, балады Міцкевіча на польскай мове і расказаў сыну пра размову з жонкай ляснічага.
   Кастусь з цікаўнасцю прыступіў да чытання.
(419 слоў)

Паводле С. Александровіча.