Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Падземны паляўнічы

Кнопка отправить на печать

   Аднаго разу бацька расказаў Мішу пра сабачак таксаў, падземных паляўнічых, якія ідуць у лісіныя і барсуковыя норы. Мішу вельмі захацелася мець такога сабачку, і хлопец стаў дакучаць бацьку, каб той купіў яму сабаку.
   I вось летам знаёмы паляўнічы прывёз Мішу з горада Таксіка – так звалі сабачку. Мянушку, відаць, далі па пародзе.
   Мішу Таксік спачатку не спадабаўся. Сабачка сапраўды быў смешны з выгляду: чорны, як галавешка, на кароценькіх, нібы вывіхнутых, крывых ножках.
   Жыццё Таксіка ў новых гаспадароў, можна сказаць, было някепскае. Яму, праўда, не дазвалялі брахаць на чужых людзей, што часам заходзілі ў хату, хоць ён добра ведаў, што гэта сабачы абавязак. А зганяць з двара курэй або свіней, дык гэта справа не таксаў, і ён лічыў такі занятак для сябе ганебным. Хай гэтым займаюцца звычайныя дварнякі.
   Хутка Міша прывык да Таксіка, ахвотна і падоўгу гуляў з ім. Каб больш дагадзіць чатырохногаму сябру, хлапчук уволю даваў яму аладак, пячэння і нават цукерак.
   Таксік палюбіў сваё новае жыццё. У вёсцы было добра. Двор абгароджаны, пад вокнамі кветкі. У гарачыню можна паваляцца ў цяньку пад дрэвамі. А што ў горадзе? Сядзі ў пакоі, чакай, пакуль хто-небудзь выведзе на двор.
   Сярод хлапчукоў вёскі пайшлі розныя чуткі. Некаторыя гаварылі, што ў Мішы не сабака, а нейкая пачвара. Цяжка было Мішу цярпець насмешкі, таму ён не паказваўся на вуліцы з Таксікам.
   Ішлі дні. Плыло цёплае, сонечнае лета. I аднойчы хлопчык вырашыў пайсці з Таксікам на рэчку і не звяртаць увагі на кпіны. Вясковыя хлапчукі, што загаралі і купаліся на рэчцы, убачыўшы Мішу з Таксікам, умомант падхапіліся і абступілі іх. Некаторыя насміхаліся, гаварылі, што такія страхоцці, як Таксік, не павінны жыць на свеце. Мішка абараняў свайго сябра, казаў, што гэты падземны паляўнічы ліс і барсукоў бярэ ў норах.
   I раптам Віктар прапанаваў:
   – А калі б Таксіка павесці ў Замкавы лес, дзе шмат лісіных нор. А лісіцы, брыгадзір казаў, панадзіліся калгасных курэй цягаць. Давайце паганяем іх трохі. Паглядзім, на што Таксік здатны.
   Міша падумаў і згадзіўся. Назаўтра Віктар прыйшоў да Мішы зранку. Узяўшы сабаку, хлапчукі падаліся ў лес. Спачатку Таксік неахвотна ішоў следам. Сяк-так ён дайшоў да кустоў, што раслі на ўскраіне лесу, а потым пачаў адставаць. Сядзе, пасядзіць, зробіць некалькі крокаў і зноў сядзе.
   Гэта сапсавала добры настрой Мішу, які нават пачаў думаць, што хлопцы на беразе гаварылі праўду, калі смяяліся з яго сабакі. Паводзіны Таксіка рэзка змяніліся, як толькі яму трапіліся звярыныя сляды. Прынюхваючыся, сабачка бег усё далей і далей у лес.
   Нейкая трывога кальнула Мішу. Хлапчукі выразалі на ўсякі выпадак добрыя кійкі. Таксік усё больш рупліва і старанна абнюхваў сляды. Потым ірвануўся наперад і забрахаў. Хлапчукі кінуліся ўслед за ім. Таксік стаяў над нарою, цела яго было наструнена, пашча грозна ашчэрана. Навокал валяліся абгрызеныя косці і пер’е. Хлапчукі адразу зразумелі, куды падзеліся калгасныя куры.
   Таксік знік у нары. Адтуль даносіўся глухі брэх, потым ён стаў чуваць усё цішэй і цішэй і нарэшце змоўк.
   – Таксіка ліс задушыў, – праз слёзы прамармытаў Міша.
   – Трэба было нам рыдлёўку ўзяць. Раскапалі б нару і дапамаглі Таксіку, – з жалем загаварыў Віктар.
   У лесе было ціха, толькі часам зверху далятаў глухі шум хвой і ялін. Марудна цягнуліся хвіліны. Раптам з нары паказаўся востры чорны хвосцік, потым заднія лапкі, якія моцна ўпіраліся ў зямлю, і нарэшце доўгая, выкачаная ў жоўты пясок спіна Таксіка, а затым галава старога рыжага ліса. Звер не варушыўся. Таксік моцна трымаў яго за карак і доўга не хацеў адпускаць, нібы баяўся, каб ліс не ажыў...
(558 слоў)

Паводле Я. Зазекі.