Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сарока-белабока

Варыянт 1 (249 слоў)

   Аднойчы Язэп ішоў густым ельнікам. Адчуўшы стому, выбраў шырокі пень і сеў. Побач тарабанілі дзве сарокі. Калі ён падняўся і зрабіў некалькі крокаў, сарокі яшчэ больш закрычалі. Гэта азначала трывогу: чалавек блізка. Цэлую гадзіну круціўся чалавек па ельніку: адшукаць гняздо сарокі цяжка. Але ён усё-такі знайшоў яго, злавіў маладую сароку і пасадзіў у сетку. Меў намер падарыць яе мясцовай школе для кутка прыроды.
   Пляменніца Аленка адразу ж ухапілася за сароку. Сказала, што навучыць яе гаварыць. Язэп растлумачыў Аленцы, што з сарокай трэба доўга і настойліва займацца. Ды Аленка не адступілася і ўгаварыла аддаць ёй сароку.
   Птушка аказалася рахманая. Калі дзяўчынка прыходзіла са школы, сарока падскоквала, узмахвала крыламі і прасіла есці. Потым садзілася Аленцы на плячо і задаволена ківала сваім доўгім хвастом. Вучоба сарокі вялася так. Аленка садзіла птушку перад сабой і паўтарала: «Сарока-белабока па свеце лятала, навіны збірала...» Птушка пазірала на дзяўчынку і шчоўкала дзюбай. Так працягвалася гадзіну, а потым птушцы надакучвалі заняткі, і яна вылятала з хаты ў сад. «Някемлівая птушка, неразумная!» – казала Аленка.
   З кожным днём сарока рабілася заўзятай зладзейкай. Яе вабілі бліскучыя рэчы: яна крала чайныя лыжкі, нажніцы, гузікі, завушніцы. Аднойчы прапаў наручны гадзіннік. Маці загадала Аленцы аднесці сароку ў лес. Дзяўчынцы было шкада птушкі, але не паслухацца маці Аленка не магла. Яна занесла сароку ў лес і выпусціла: «Ляці, дурная!»
   Калі Аленка прыйшла дадому, на калодзежы сядзела сарока. Птушка выцягнула шыю і картава пракрычала: «Дурная, дурная!» Потым узнялася і паляцела ў лес. Аленка падумала, што гаварыла пра сароку нядобра. А ўсё ж яна разумная птушка.
(249 слоў).
 


 

Варыянт 2 (568 слоў)

   Аднойчы раніцай я ішоў густым старым ельнікам. У лесе было ціха, толькі ўгары стаяў глухі працяглы шум.
   Чым далей падаваўся я ў лес, тым больш глушэла. Галасоў птушак, што так звінелі на ўскраіне, цяпер амаль не было чуваць. Адчуўшы стому, я выбраў шырокі стары пень і сеў. Побач тарабанілі дзве сарокі. Калі я падняўся з пня і зрабіў некалькі крокаў да іх, сарокі закрьгчалі. Гэта азначала трывогу: чалавек блізка.
   Драпежніцы пераляталі з аднаго дрэва на другое і надакучліва крычалі, адводзячы мяне ад гнязда. Цэлую гадзіну круціўся я па ельніку: адшукаць гняздо сарокі цяжэй, чым знайсці іголку ў стозе сена. Але я знайшоў яго ўсё-такі ў непралазным гушчары і быў вельмі здзіўлены спрытам маладых сарок. Толькі пачаў пазіраць на елку, як яны вылецелі з гнязда, шмыгнулі пад лапкі і прытаіліся там.
   Старыя сарокі трашчалі, як аўтаматы. Я злавіў адну маладую і пасадзіў у сетку. Меў намер падарыць яе мясцовай школе для кутка прыроды.
   Пляменніца Аленка адразу ж ухапілася за сароку. Дзяўчынка сказала, што навучыць яе гаварыць. Я растлумачыў Аленцы, што з сарокай трэба доўга і настойліва займацца, каб яна вывучыла два-тры словы. I то будзе гаварыць яна іх картава, з прышчоўкваннем. Ды Аленка не адступілася і ўгаварыла-такі аддаць ёй сароку на выхаванне.
   Птушка аказалася на дзіва рахманая. Калі дзяўчынка прыходзіла са школы, сарока падскоквала, узмахвала крыламі і прасіла есці. А потым садзілася Аленцы на плячо і задаволена ківала пры гэтым уніз-уверх сваім доўгім хвастом.
   Вучоба сарокі вялася так. Аленка садзіла яе перад сабой і настойліва паўтарала:
   – Сарока-белабока па свеце лятала, навіны збірала...
   «Вучаніца» пазірала на дзяўчынку і толькі шчоўкала дзюбай.
   Так працягвалася з гадзіну. А калі птушцы надакучвалі заняткі, яна выскоквала з хаты, узлятала на яблыню.
   – Цьфу, дурніца! От някемлівая птушка! – звычайна казала Аленка.
   Мінула некалькі тыдняў. Сарока стала зусім дарослая. Лятала па садзе і нават у лес, любіла дражніцца з пеўнем на двары, не давала праходу кату.
   Аднаго разу на школьным агародзе вучні палолі грады. Аленка праполвала агуркі. Сарока сядзела тут жа і ўважліва прыглядалася да работы дзяўчынкі. Потым падскочыла да Аленкі ды давай ірваць дзюбай з грады траву і складаць яе ў кучку, як гэта рабілі вучні. А калі траплялася травінка, якая моцна трымалася ў зямлі, сарока перакусвала яе дзюбай. Вось толькі не разбіралася яна: разам з травой цягала з градкі і агурочнік. Вучні ад смеху аж за бакі хапаліся, гледзячы на яе.
   Назаўтра, калі яшчэ сонца не ўзышло, сарока паляцела на школьны агарод і ўзялася за «праполку»: пачала вырываць на градах агурочнік і складваць яго ў кучу.
   Дасталося тады Аленцы і ад дырэктара школы, і ад вучняў.
   Сарока з кожным днём рабілася ўсё больш заўзятай зладзейкай. Яе вабілі бліскучыя рэчы. Яна крала чайныя лыжкі, нажніцы, гузікі, завушніцы, выпівала ў курыных гнёздах яйкі. Аднойчы прапаў наручны гадзіннік. Усе ведалі, што гэта работа сарокі. Намучыўшыся з такою кватаранткаю, маці загадала Аленцы аднесці сароку ў лес.
   Дзяўчынцы было шкада птушкі. Але і не паслухацца маці Аленка не магла. Яна злавіла сароку, пасадзіла ў кошык, накрыла хусткай, занесла ў лес і выпусціла.
   Весела крычалі птушкі, ціўкалі, шчабяталі. А сарока сядзела каля Аленчыных ног і не хацела нікуды ляцець. Дзяўчынка падкінула яе ўгору:
   – Ляці, дурніца!
   Сарока села на елку і прарэзліва закрычала. Мабыць, птушка ўсё зразумела.
   Калі Аленка прыйшла дадому, на калодзежы сядзела сарока. Птушка выцягнула шыю, хітравата паглядзела на дзяўчынку і картава прагаварыла:
   – Дурніца!.. Дурніца!..
   Крылатая выхаванка не сказала больш нічога, узнялася і паляцела ў лес.
   А Аленка падумала, што гаварыла пра сароку нядобра. Усё ж яна разумная птушка.

Паводле Я. Зазекі

 

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіБелая Сарока

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Сарочына цырульня

Пераказы, дыктантыСарока-нянька

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Лясная трывога

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Сарочыны блінцы