Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



На Поўначы

Кнопка отправить на печать

   На Поўначы яшчэ, мабыць, вясна, самае лепшае – пара першага лісця. Калі ж самалёт, доўга зніжаючыся над сопкамі, азярынамі і хмызнякамі, сеў нарэшце на аэрадроме, мы зразумелі: і на Поўначы было лета. Роўна свяціла белае іскрыстае і не вельмі высокае сонца. Узбоч дарогі, што аднекуль з-за пакрыўленых, замшэлых дрэў падступала да аэрадрома, навалам ляжала вялікае каменне. Яно панакідана так густа, што шмат якія дрэўцы, заціснутыя паміж камянямі, пасохлі, а ўгору тырчаць тонкія ствалы. Здаецца, у нейкую страшную хвіліну хмызнякі спаліла, высушыла таемным, бязлітасным і злым агнём. А вось паміж дарогай і сопкай нізіна з цёмнай вадой, абкружаная сям-там роўнай сакавіта-зялёнай асакой. Бярозка пахілілася над вадой, зламалася, нібы рука ў локці, і прама пайшла ўгору, густа перапляла пасечаныя, пакалечаныя ветрам сукі. А з вады выступаюць на паверхню, шарэюць сухія спіны валуноў. Едзеш далей – пульхныя, нібы падушкі, купіны паміж лазы, рабін і бяроз. Гэта таксама камяні, засланыя ягаднікам і мохам.
   А што гэта? Я пазнаю цябе, высокая голая сопка з каржакаватай лермантаўскай сасной на кручы. Магутна, страшна агалілася парода, страшна і адзінока, мабыць, на кручы сасне з шатром, раскідзістым і рэдкім, як лісце папараці. Што табе сніцца, сасна, сярод гэтай пустэчы? Цудоўная зялёная пальма, якую песціць залатое сонца? Блакітны шум мора і белыя параходы? Аксамітна-цёмныя ночы з буйнымі зорамі? Зялёныя або белыя казачныя гарады? Ці не тваю тугу нясуць правады ад слупа да слупа, абкладзенага ўнізе шэрым каменем?
   Сопкі, скалы, валуны. Глядзіш – і такое ўражанне ў цябе, што тут, пад гэтым небам, прайшоў, забаўляючыся сваёй сілай, няйначай як волат. Ён ніколі ўжо не вернецца сюды, але ўсё тут жыве яго безнадзейна-разгульнай воляй, на ўсім пячатка яго цяжкай, невымернай сілы рукі. Здаецца, і дрэвы нахіляюцца да зямлі і таму не маюць адвагі расці ўгору, што ўражаны гэтай волатнай сілай і знемагаюць пад ёй.
   Шмат што нагадвае тут пра маладосць зямлі. Пра тое, як плавілася, клекатала гарачая магма, як тысячагоддзямі ліліся на зямлю шумлівыя дажджы. Зямля ўсё клекатала, булькала, ападала паволі, як цеста ў дзяжы. Зямля астывала, расколвалася, мяняліся месцамі суша і мора, узнімаліся ўгору хрыбты, праходзілі мезазоі і палеазоі, перайначваючы на свой лад змрочныя ландшафты. I вось ужо зямля закавана ў ледавік, можа, трыццаць, а можа, дваццаць тысячагоддзяў назад. Недзе там, дзе сыходзяцца цяпер межы Фінляндыі, Нарвегіі і Расіі, быў асяродак ледавіка, халоднае царства якога канчалася не бліжэй як ля Кіева. Колькі часу спатрэбілася, каб парушыўся спакой халоднай магілы, каб прыйшлі ў рух ільды, знішчаючы ўсё на сваім шляху, руйнуючы горы, капаючы азёры, заграбаючы за сабой зямлю? Шырокая спіна ледавіка несла на сабе каменныя глыбы, а ледавіковыя воды далёка на поўдзень змывалі глей. Ледавік спусташаў зямлю ў адным месцы, каб аддаць яе багацці людзям у другім. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. Так Поўнач ахвяравала сабой...
(454 словы)

Паводле М. Стральцова.