Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Кемлівая казуля

Кнопка отправить на печать

   Зіма прымчалася з поўначы на лютых вятрах.
   Віхры гойсалі па палях, тармасілі дрэвы, валтузіліся ў кустах, біліся аб сцены, вылі, скуголілі, свісталі. Мароз з кожным днём мацнеў. Застылі рэчкі, азёры, зямля стала цвёрдай як камень.
   Ад сцюдзёных вятроў звяры і птушкі шукалі ратунку ў густых лясах.
   Разважны воўк прыйшоў у лясны гушчар, каб пагрэцца і пашукаць спажывы. Брыдзе шэры па заснежаным лесе, уважліва аглядае малыя і вялікія сляды, прынюхваецца да іх.
   Абышоў воўк лес і даведаўся, хто і калі тут быў. Пад раніцу рабілі хітрыя петлі асцярожныя зайцы, скакалі казулі, прабягалі лісіцы. Нечакана воўк заўважыў на снезе незвычайныя сляды. Яны былі крыху большыя за лісіныя, з адбіткамі доўгіх, як цвікі, кіпцюроў. Невядома, чаго можна чакаць ад такога звера, але голад не цётка, і шэры разбойнік рушыў па свежых слядах.
   Ідзе воўк па следзе, аглядвае снежныя заносы. Ад яго не схаваешся, не! Вось у цёмным маладым ельніку чарнее нара. Да яе пратаптана сцежка. Пацягнуў шэры носам і пачуў смачны барсуковы дух. Воўк, завіхаючыся, пачаў раскопваць нару. Ды дарэмна: мёрзлая зямля была занадта цвёрдая. Воўк пастаяў крыху над нарой і падаўся ў гушчар.
   Надыходзіла раніца, мароз мацнеў. Стыла ў жылах кроў, ледзянелі лапы. У жываце ў шэрага было пуста, голад даймаў яго. Белае маўчанне лесу, холад і голад абудзілі ў звера дзікі страх. Воўк выбег на прагаліну, падціснуў хвост, узняў галаву да нізкага неба і завыў.
   У адказ дзесьці далёка ў лесе пачулася воўчае выццё. Спачатку басам выла, відаць, старая ваўчыца, потым тонка і працяжна ёй пачалі падвываць маладыя.
   Воўк кінуўся ў той бок, адкуль чулася выццё. Хутка праскочыў стары лес і апынуўся ў дробным хмызняку, які падняўся на высечках.
   Палымнела на ўсходзе зара, яе ружовыя водбліскі лажыліся на абмеценыя снегам кусты, на калматыя ад інею маладыя дрэўцы. Крыху ў баку ад прасёкі, на якую воўк выбег, ён убачыў казулю.
   Са смакам абгрызаючы лазовую кару, казуля перабягала ад аднаго куста да другога. Воўк пачаў падкрадвацца да яе. Прапаўзе некалькі крокаў і прыпадзе да зямлі, ляжыць, цікуе, не зводзіць вачэй.
   Вось цела звера наструнілася, хіб натапырыўся. Воўк падрыхтаваўся да скачка. Ён ужо быццам адчуваў у зубах свежыну. Сліна пузырылася ў кутках яго разяўленай пашчы.
   У гэты небяспечны момант казуля падняла галаву і ўбачыла ваўка. Доўга не думаючы, яна зрабіла пругкі скачок убок і кінулася ў лес. Воўк выскачыў з-за кустоў з такім спрытам, што ажно снег слупам паляцеў угору, і прыпусціў за ёю. Стройнае цела казулі выцягнулася ў імклівым бегу. Яна, нібы на крылах, пералятала цераз кусты, завалы, калоды, кідалася то ў адзін, то ў другі бок. Але воўк не адставаў. Ён нават стаў забягаць ёй наперад. Тады казуля, шукаючы ратунку, зноў памчалася ў густы маладняк. Воўк пайшоў ёй наперарэз. Шэры вось-вось дагоніць яе.
   Адзін момант – і казуля скочыла ўбок і крута павярнула на лясную дарогу, што вяла да леснічоўкі. Воўк не мог адразу спыніць шалёнага бегу і з разгону зарыўся мордай у снег. Але тут жа падхапіўся і рынуўся следам.
   Яшчэ хвіліна, яшчэ другая... I вось леснічоўка. Магутным скачком казуля пераляцела цераз плот і кінулася ў расчыненыя сенцы.
(498 слоў)

Паводле Я. Зазекі.