Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Вяртанне дадому

Кнопка отправить на печать

   Стары бабёр выправіўся ў дарогу позна. Толькі недзе далёка на ўсходзе крыху абазначылася святло на небе, але была яшчэ ноч, кароткая, летняя. Стары бабёр ціха, не плюхнуўшы, выйшаў з-пад вады недалёка ад сваёй хаткі, доўга прыслухоўваўся, паволі падграбаючы да невялікага астраўка. Вылез на яго, сядзеў, прыслухоўваўся і прыглядаўся.
   Недалёка сонна крыкнула вадзяная птушка, зашалясцела ў траве, ціха, нібы незадаволена, адазвалася на яе крык за трыснягом другая, і зноў усё супакоілася.
   Тут віўся маленькі ручаёк. Выцякаў ён з крыніц за кіламетры два адсюль, з-пад вялікіх, як горы, узгоркаў. Там, у балотнай лагчыне, парослай алешнікам, і жыла іх невялікая калонія. Сюды мала хто хадзіў, мала хто ездзіў, і яны жылі тут спакойна, без клопату. Хапала на іх і лазы, і карэньчыкаў, і травы. Тут была іх маленькая радзіма.
   Але стары бабёр ведаў, што сюды яны прыйшлі. Прыйшлі з вялікай, прасторнай рэчкі, не раўня гэтаму раўчуку, які праз пяць кіламетраў прападае ў чыстым полі.
   Сюды паўз лес, па глыбокай лагчыне, вясной, як на рацэ, шумела расталая вада, была дарога да вялікай рэчкі, дзе жылі спрадвеку вольна і спакойна бабры. Стары бабёр памятаў і ведаў гэта. Цяпер ён сабраўся пайсці туды. Ён шукаў дарогу да свайго прасторнага спрадвечнага пасялення.
   Ісці трэба было цяпер. Стары бабёр адчуваў, што трэба ісці не пазней за гэта лета. Бо пазней невядома, ці застанецца ў яго сіла, каб прывесці туды сваю сям’ю, пабудавацца і пакінуць яе там, на спрадвечным месцы. А зрабіць гэта можа толькі ён адзін, бо памятае пра тое, што яму расказвалі старыя бабры, яго бацькі, і толькі ён адзін можа знайсці туды дарогу. Ён хацеў вярнуцца назад, туды, дзе было так вольна і шчасліва.
   Стары бабёр ішоў павольна, бо хадзіць бабры не любяць і не ўмеюць. Ідуць толькі тады, калі няма ўжо другога выйсця.
   Наперадзе было поле. Пераступаючы нябачную мяжу і выходзячы ў поле, стары бабёр азірнуўся. Ён быццам пераступаў у новы свет, чужы, з якога невядома, ці можна будзе вярнуцца. Поле палохала яго сваёй адкрытасцю, на якой няма вады, і таму схавацца яму, калі што, не будзе дзе.
   Ішоў ён доўга, прадзіраючыся праз густыя зараснікі лубіну, якім было засеяна поле. Ішоў, пакуль неспадзявана не наткнуўся на вымыты дажджавою вадою раўчук. Стары бабёр з палёгкай уздыхнуў: след вады не падмане, выведзе да большай вады.
   Ішоў бабёр упарта, цвёрда. Не спыніў яго і сабака, які заступіў яму дарогу і гаўкаў, гаўкаў, не даючы праходу. Неўзабаве перад ім пачалася вузкая, метра на паўтара, палоска чыстай вады, над якою нахілілася асака.
   Стары бабёр амаль подбегам кінуўся да вады, ад радасці забыўшыся на асцярогу, ныраў, быццам не верыў, што скончылася нарэшце яго сухая дарога. Толькі калі нацешыўся, спахапіўся і ціха, так, што не аставалася на вадзе следу, паплыў на агледзіны возера.
   Стары бабёр пакарміўся карэннем рагозніку, травы. Перачакаў, пакуль доўга – аж за абед пераваліла – купалася чародка хлапчукоў і купала прыведзенага з імі белага сабачку. Той баяўся вады і адчайна, колькі ставала сілы, звінеў брэхам. Потым прыехаў на матацыкле чалавек і доўга хадзіў па грэблі, біў спінінгам па вадзе.
   Стары бабёр адчуваў сябе вельмі няўтульна ў такім шумным суседстве. Пасля абеду ён перайшоў грэблю і падаўся далей па крыніцы, якая канчалася ў лагчыне, парослай маладымі кустамі лазняку. Але там стары бабёр натрапіў на канаву, вялікую, з зарослымі травою берагамі. Канава была дастаткова шырокай, у ёй можна было плысці, таму стары бабёр апусціўся ў ваду і паплыў насустрач халоднай плыні.
   На гэтай канаве і пераначаваў стары бабёр. Назаўтра ён яшчэ раз абышоў і агледзеў усё навокал, пасля гэтага сабраўся і той самай дарогай пайшоў назад. Хутка ён прывёў з сабою на новае селішча двух маладых баброў.
(586 слоў)

Паводле А. Жука.