Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Грамовіч - Выпаў снег

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

    Аднойчы раніцай я прахапіўся і ад нечаканасці аж прысеў на ложку. «Няўжо заспаў?» — мільганула трывожная думка.
    У хаце было зусім светла.
    Гэтымі асеннімі досвіткамі, доўгімі і цёмнымі, я прывык раненька ўставаць, паўтараць урокі і выходзіць з дому так, каб паспець на заняткі.
    Яркае святло дня мяне напалохала. Няўжо спазніўся ў школу?
    Але над ложкам гадзіннік з паржавелай гіраю, якую я, устаючы, заўсёды падцягваў, мерна чэкаў, і стрэлка яго паказвала яшчэ не позні час. Ад чаго ж гэта пабялелі столь, ляжанка і печ і сцены адсвечваюць белізной? Я прынік да шыбы падвойнага акна і ўсё зразумеў.
    На двары ўчарашнія змрочныя будынкі, сад, платы стаялі аснежаныя, і ў хату ад іх лілося белае мяккае святло. Зямля, стрэхі, агарод накрыліся белым покрывам. Лёгкія пушынкі ляталі, кружыліся ў паветры і асядалі на дрэвы, на аголены куст бэзу ў нашым агародчыку пад акном.
    Мяне адразу пацягнула з хаты: я надта люблю гэту часіну...
    Я хуценька сабраўся, схапіў кніжкі і пабег.
    Яшчэ з парога на мяне дыхнула зіма спакойным халодным подыхам. Наўкол сцішылася ўсё. Сырыя вятры доўгай восені, якія штодня надакучліва шумелі ў галлі бярозы і секлі мне ў твар кроплямі дажджу, сёння замоўклі. Шчокі цяпер прыемна шчыпаў бадзёры марозік. А снежная бель адбірала вочы, і на сэрцы ад гэтага рабілася светла і радасна.
    Сам сабою набег у думках і завярцеўся на языку верш — леташні ўрок, які наша настаўніца, Ліда Васільеўна, загадвала вывучыць на памяць. Я вывучыў яго і дэкламаваў. I цяпер помню словы:

Мяккі снег лятае пухам,
I канца яму няма.
I нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма...


    3 кніжкамі пад пахай я спяшаўся ў школу і глядзеў, як кружацца гэтыя белыя пушынкі, і чамусьці мне яшчэ ўявілася тое, што было летась.
    Летась зіма была надта снежная. На вуліцы намяло вялікія гурбы. Платы схаваліся пад снегам, і стрэхі зраўняла з сумётамі.
    Я аднае раніцы ішоў у школу па тых гурбах, што вышэй акон, вышэй брамаў. Ішоў на ўзроўні са стрэхамі хат, дзе дымелі коміны, разносячы прыемныя пахі снедання. А дарослыя выходзілі на ганак з вёдрамі і глядзелі на мяне, малога, знізу ўгору. Крочыў з кніжкамі вышэй за ўсіх...
    Я нават зачапіўся шапкай за сук Мікітавай ліпы. А Мікітава ліпа стаяла высачэзная, як хмара, над усім сялом. Улетку яе разлапістых галін нельга было дастаць, нават праязджаючы па вуліцы з высокім возам сена. Яна пышна ўздымалася ўгору, а ў той самы дзень пасля мяцеліцы ніжняй галінай сарвала з мяне аблавушку...
    У класе Ліда Васільеўна чытала нам пра першы дзень зімы. А я сабе, паглядаючы ў акно, дзе відаць была Мікітава ліпа, сядзеў і думаў, што гэта ж учора яшчэ была восень. А сёння ўжо зіма. Гэта ж ніколі так не адчуеш перамену, як у гэты дзень. Як вясну лета змяняе, не заўважыш. Як лета восень — таксама. А вось як настае зіма — адразу відно з самага світання... Выпаў снег!..
    Мы вярталіся са школы, а снег не пераставаў буйнымі пушынкамі сыпацца на дол. Кругом было прыволле белых палёў і прастораў. Мае сябры крычалі пра санкі, пра лыжы. Мы кідаліся снежкамі, смяяліся. Нам было весела разам з гэтай мяцеліцай, і мне ад радасці хацелася пад разгалістай ліпай спяваць пра снег, пра зіму...
    Зіма, зіма! Ідзі хутчэй, сцялі снягі на поле, на дарогі, на нашу вуліцу! Сып, мяцеліца, круці гурбы, каб я зноў даставаў шапкай дрэвы. Вось якія яны высокія, а заўтра мы памераемся!.. Ідзі, зіма-матуля, каб я хутчэй пабольшаў, каб я падрос!..
    Вось так я думаў, бегучы са школы, у той дзень, калі выпаў першы снег, калі ўжо сэрцам адчуў, што нешта мінуў, перажыў, а сустракаю хоць знаёмае, але штосьці такое новае-новае... 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!