Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Творчасць Яна Баршчэўскага

Кнопка отправить на печать

   Хоць Ян Баршчэўскі (каля 1794-1851) быў старэйшым за большасць філаматаў і філарэтаў, яго рамантычны светапогляд фармаваўся пазней і, безумоўна, не без уплыву апошніх. Лёс распарадзіўся так, што Баршчэўскі, скончыўшы ў 1812 г. езуіцкую калегію ў Полацку і правучыўшыся там жа некалькі год у акадэміі, хоць і збіраўся таксама прадоўжыць адукацыю ў Віленскім універсітэце, у выніку змены акалічнасцяў так у Вільню і не прыехаў. Тым не менш, сёння мы яго ведаем як аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, пісьменніка-рамантыка, адоранага фенаменальнай фантазіяй, творчай інтуіцыяй і талентам прадчування. Ян Баршчэўскі ўзбагаціў нашу літаратуру адным з самых загадкавых і займальных твораў, кнігай "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычныях апавяданнях".
   Будучы пісьменнік нарадзіўся ў 1794 (паводле іншых звестак – у 1790 або 1796) г. у вёсцы Мурагі Полацкага павета (цяпер Расонскі раён Віцебскай вобласці) у шляхецкай сям’і, відаць што, уніяцкага веравызнання. Дзяцінства Янкі прайшло на берагах Нешчарда, аднаго з самых вялікіх азёраў у Беларусі. Суровае хараство беларускай Поўначы, краю, здаўна званага Крыўяй, панурыя лясы, пясчаныя пагоркі, балаты, на якіх раслі журавіны ды марошка, прахалодныя хвалі самога возера, якое ў народзе называлі "няшчодрым" і пра якое складалі страшныя гісторыі, – усё гэта, напэўна, жывіла ўражанне хлопчыка.
   У 1809 г. юнак паступіў на вучобу ў Полацкую езуіцкую калегію. Біёграфы мяркуюць, што тады ж да яго прыйшло першае каханне – да прыгоннай дзяўчыны з прозвішчам Максімовіч, якой ён прысвяціў верш "Дзеванька", напісаны па-беларуску.

 

Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?
Ці табе не напрыкралася чужая хата?
На каго ж ты павяраеш,
Сваё сэрца прыкланяеш?
Не будзе тут пуці, –


звяртаецца да дзяўчыны лірычны герой і, паводле звычаю некаторых мужчын, спрабуе абгаварыць сваіх супернікаў – лоўчага ды садоўніка. На фоне беларускамоўнай паэзіі ХIХ стагоддзя, досыць паважнай і збольшага дыдактычнай, верш "Дзеванька" вылучаецца гуллівасцю і пранікнёнасцю. Гэта адзін з першых узораў інтымнай лірыкі ў новай беларускай літаратуры.
   Па-беларуску Ян Баршчэўскі таксама напісаў верш "Гарэліца" (1809), скіраваны супраць п’янства, і невялікую паэму "Рабункі мужыкоў" (іншая назва – "Бунт хлопаў супраць аконама", 1812). У творы, звязаным з паходам Напалеона праз Беларусь на Маскву, распавядаецца пра бязладдзе і пагромы, выкліканыя незадаволенасцю сялянства. Усе беларускамоўныя вершы Баршчэўскага маюць выразны асветніцкі характар. Вершы "Дзеванька" і "Гарэліца" ў 1843 г. паклаў на музыку ураджэнец Віцебшчыны, пецярбургскі кампазітар Антон Абрамовіч.
   Выпускнік Полацкай акадэміі, Ян Баршчэўскі каля 1817 г. прыязджае ў Санкт-Пецярбург і служыць у марскім ведамстве. Гэта дае яму магчымасць пабачыць свет, павандраваць па еўрапейскіх краінах – Францыі, Англіі, Фінляндыі ды іншых. Пецярбургскі перыяд жыцця і творчасці Яна Баршчэўскага доўжыўся дваццаць гадоў і быў разнастайны на падзеі. Пісьменнік працаваў таксама гувернёрам, выкладчыкам грэцкай і лацінскай моваў, сустракаўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам, выдаваў польскамоўны альманах "Незабудка". У канцы 1830-х – пачатку 1840-х гг. ён стварае цыкл вершаваных баладаў, сюжэты якіх у сваёй большасці паходзяць з паданняў роднай яму паўночна-ўсходняй Беларусі ("Русалка-спакусніца", "Дзве бярозы", "Курганы", "Роспач", "Партрэт", "Рыбак" і інш.) і пазней знойдуць свой адбітак і ў "Шляхціцу Завальню". Гэтыя свае творы ён рэгулярна змяшчаў у "Незабудцы".
   Настальгія па Бацькаўшчыне змушала Яна Баршчэўскага наведваць родныя мясціны ўлетку. Воды Фінскае затокі спараджалі ўспамін пра хвалі Нешчарда. Мроі аб Беларусі, Крыўі, успаміны пра маленства і юнацтва спрыялі нараджэнню галоўнага твора Яна Баршчэўскага – кнігі "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", якая была выдадзеная ў чатырох тамах з 1844 па 1846 гг..
   Рэшту жыцця Ян Баршчэўскі правёў у горадзе Цуднаве на Валыні (Украіна), у маёнтку графіні Юліі Жавускай, куды перабраўся ў 1846 годзе. Памёр ад сухотаў і быў пахаваны 14 сакавіка 1851 г. на могілках у Цуднаве.
   "Шляхціц Завальня" – галоўны твор Яна Баршчэўскага. Ён напісаны на польскай мове, пераклад яго на сучасную беларускую мову зроблены Міколам Хаўстовічам. Але гэта хутчэй – не пераклад з польскай на беларускую, а вяртанне да той мовы, на якой думаў стваральнік "Шляхціца Завальні..." Сам аўтар у пачатку першага апавядання піша: "Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія я пачуў з вуснаў люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным перакладзе напісаць па-польску" (Тут і далей цытаты з твора падаюцца ў перакладзе Міколы Хаўстовіча). У тэксце беларускіх выданняў "Шляхціца Завальні..." шрыфтам вылучаныя фрагменты, якія ад самага пачатку былі напісаныя па-беларуску: гэта фальклорны матэрыял (песні, прыказкі, выслоўі), простая мова персанажаў, нават цэлыя дыялогі. Беларуская мова з’яўляецца тады, калі тэкст даводзіць сваю антыкніжную, аўтэнтычную прыроду. Захоўваюцца асаблівасці паўночнай (крыўскай) гаворкі.
   Твор Яна Баршчэўскага параўноўваецца літаратуразнаўцамі з арабскай "Кнігай тысячы і адной ночы". Як і ўсходні адпаведнік, "Шляхціц Завальня..." складаецца з фантастычных сюжэтаў, аб’яднаных скразным сюжэтам.
   Так ствараюцца ў кнізе два планы – рэальны і фантастычны. Майстэрству спалучаць будзённасць і фантастыку Баршчэўскі, як і іншыя яго сучаснікі, відаць што, вучыўся ў Э.Т.А.Гофмана. Разам з тым, Ян Баршчэўскі досыць крытычна ставіўся да папярэдняй традыцыі, што адлюстравалася ў ягоным выказванні: "Я не пераймаю формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды". Такім чынам, гафманізм Яна Баршчэўскага вырастае з міфалагічнай аўтэнтыкі, беларускае (крыўскае) глебы.
   Паміж явай і мрояй у творы Баршчэўскага няма трывалай мяжы, бо кожны з апавядальнікаў – рыбак Родзька, сляпы Францішак, цыган Базыль – клянуцца, што тое неверагоднае, пра што яны распавядаюць, адбылося або з імі, або з іхнімі знаёмымі. Неверагоднага ж у творы шмат, асабліва жахлівага. Ад жаху нават валасы могуць стаць дыбкі на чалавечай галаве і заспяваць тоненькімі галасамі. Цмок выводзіцца з яйка, знесенага чорным пеўнем, і нагадвае пра тыя дапатопныя часы, калі на Зямлі жылі дыназаўры, або пра змаганне вандроўных рыцараў з драконамі. Апісваюцца цмокі двух відаў – паветраныя, здатныя да палётаў, і падводныя, якімі напаўняюцца невады нешчаслівых рыбакоў...
   Чытач даведаецца, чаму нельга гладзіць чорнага катá, якога клічуць Варгінам, бо ад кацінага буркатання ў чалавечай галаве заводзяцца восы, стракозы ды іншая пошасць. У Яна Баршчэўскага можна вычытаць пра рэцэпт пераўтварэння чалавека ў ваўкалака і наадварот. У нашых азёрах, даводзіць апавядальнік, расце таямнічая жабер-трава, пры дапамозе якой чалавек можа рабіць вандроўкі ў будучыню.
   Персанажы Яна Баршчэўскага прыйшлі ў твор з нацыянальнай міфалогіі, шчодра населенай русалкамі, вадзянікамі, лесунамі, ваўкалакамі, але некаторых персанажаў аўтар прыдумаў сам – Сына Буры, Белую Сароку, Плачку.
   Плачка сімвалізуе Радзіму – велічную і гаротную Беларусь. Яна ж – увасабленне слыннай жаночай пасіянарнасці, гэтак пашыранай на беларускай ды крыўскай землях. Можна бачыць першаўзор гэтага вобраза яшчэ ў напісаным на пачатку XVII стагоддзя "Трэнасе" Мялеція Сматрыцкага. Суцяшальнікам Плачкі выступае Сын Буры.
   Знойдзем мы тут і вобраз пана Твардоўскага, беларускага Фаўста, які за вясёлае жыццё і забароненыя веды запрадаў душу нячысціку. Твардоўскі – жыццялюбца і геданіст, які хаўрусаваўся з Мефістофелем не за "імгненне, спыніся!", а дзеля зямных уцех. Затое ў хвіліну страшнай расплаты ён не шукаў жаночага заступніцтва, а ратаваўся, як мог, праз сваю кемлівасць і дасціпнасць. Ён быў героем балады Адама Міцкевіча "Пані Твардоўская", рамана польскага празаіка Юзафа Крашэўскага. У кнізе Яна Баршчэўскага ён з’яўляецца ва ўстаўной навеле "Твардоўскі і вучань".
   Баршчэўскі-фантаст глядзеў наперад, у будучыню, і як бы прадбачыў з’яўленне "прозы жахаў", фэнтэзі, навуковай фантастыкі. Пісьменнік дакладна апісаў, хіба што не назваў анамальную з’яву, што на сучаснай мове называецца полтэргайстам: "Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут".
   У чалавеку спрадвек закладзена цікавасць да таямнічага і вусцішнага, і твор Яна Баршчэўскага як быццам закліканы яе задаволіць. Але "Шляхціц Завальня..." – не проста збор дзівосаў і страхаў. Аўтар, рамантык і асветнік, пачынальнік новай беларускай літаратуры, здолеў напоўніць твор роздумам пра чалавека, цывілізацыю, іх будучыню.
   Прароцкім талентам надзелены герой кнігі, шляхціц Завальня, які, пры сваёй ахвоце да жахлівых гісторый, захоўваў набожнасць і добрапрыстойнасць. Ён недарэмна пабойваецца ўсялякіх навацый, бо лічыць, што навука і вынаходніцтва не заўсёды ідуць на карысць чалавеку. Ёсць забароненая сфера ведаў, ёсць заслона, за якую, можа, і не варта заглядаць. У творы з’яўляецца персанаж, які паслядоўна парушае Боскія і чалавечыя законы, – Чарнакніжнік. Ён і ёсць носьбітам забароненых ведаў, ад якіх чалавеку адны няшчасці.
   Прадбачыць аўтар і экалагічныя праблемы, якія непазбежна паўстануць у звязку з бяздумным выкарыстаннем багаццяў прыроды. Пісьменнік апісвае асташоў – загадкавае племя людзей прышлых, ліхіх, звязаных з чарнакніжніцтвам ды чарадзействам. Ян Баршчэўскі атаясамлівае асташоў з рыбакамі з расійскага горада Асташкава, але ў фантасмагарычнай атмасферы твора асташы ўтвараюць вобраз зборны, абагульнены, увасабленне марнатраўства і гвалту. Асташы "пасылаюць пад лёд злога духа і той заганяе рыбу ў нерат; дык яны спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням". Такім чынам, асташы яшчэ – экалагічныя злачынцы. Намаляваны антрапалагічны партрэт асташа: "барада шырокая, твар круглы, вялікі скураны фартух". "Даўней і пра тых асташоў нікому і не снілася, а цяпер хутка забяруць у нас зямлю і ваду, так што і нам трэба будзе ўжо ўцякаць куды далей".
   У ХХI стагоддзі, калі навукоўцы ўсё часцей і часцей заглядаюць у сферы пакрыёмнага, ёсць сэнс прыслухацца і да папярэджанняў, выказаных Янам Баршчэўскім праз вусны яго персанажа, шляхціца Завальні.
   Творчасць Яна Баршчэўскага яшчэ пры яго жыцці характарызавалася як значная з’ява менавіта беларускай літаратуры. Так, удумлівы крытык Рамуальд Падбярэзскі (1812-1856) у сваім грунтоўным артыкуле "Беларусь і Ян Баршчэўскі", надрукаваным у 1844 г. у якасці прадмовы да першага тома "Шляхціца Завальні", даў досыць грунтоўны агляд літаратуры Беларусі першай паловы ХІХ ст. Пры гэтым ён адзначаў: "Тое, што ў сваёй прозе выкладае п. Баршчэўскі, не звязана наўпрост ні з гісторыяй, ні з літаратурай, ні з мовай Беларусі, але закранае больш істотныя рэчы, а менавіта дух і паэзію народа, з чаго ўзніклі і гісторыя, і літаратура, і мова".


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!