Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ян Баршчэўскі - Назначэнне фантастычнага ў творах Яна Баршчэўскага. Адметнасць алегорыі

   Назначэнне фантастычнага ў творах Яна Баршчэўскага традыцыйнае: зацікавіць чытача, а праз цікавае давесці найважнейшыя жыццёвыя ісціны, «загады Божыя», бо «шмат праўды ў гэтых паданнях». Фантастычнае — сродак, мастацкі прыём стварэння экстрэмальных сітуацый, у якіх найлепш выяўляецца веліч, моц ці, наадварот, - духоўнае банкруцтва.  

   Аднак фантастычнае і алегарычнае ў творах Яна Баршчэўскага мае істотнае адрозненне ад алегорыі ў паганскіх легендах ці некаторых фальклорных творах пазнейшых перыядаў. Да прыкладу, жывёлы, звяры ў паганскіх легендах увасабляюць і дабро, а ў хрысціянскіх, паводле якіх і напісаны «Шляхціц Завальня...», — наадварот, толькі зло. У народнай казцы «Дамінікова удзячнасць» вуж – увасабленне дабра, а ў апавяданні «Вужыная карона» — зла.

   Алегорыя Яна Баршчэўскага не толькі дзеля займальнасці ці стварэння крытычных сітуацый, у якіх выпрабоўваюцца героі. Яна філасофская, яна — спосаб выяўлення пісьменніцкай філасофскай канцэпцыі.  

   У фантастычных апавяданнях Яна Баршчэўскага носьбітам і ўвасабленнем дабра з'яўляецца толькі чалавек. За рэдкім выключэннем, і намаганні яго, сродкі барацьбы з незлічонымі сіламі зла, таксама рэальныя — добрыя справы дзеля бліжняга свайго. Толькі ад гэтых добрых, канкрэтных і рэальных, а не фантастычных спраў гіне зло.  

   У народных ці літаратурных казках, паганскіх легендах перамагчы зло дапамагаюць птушкі, звяры, нават нежывыя прадметы. У творах Яна Баршчэўскага толькі Чалавек супрацьстаіць злу ў розных яго выяўленнях. Кот Варгін, Белая Сарока, чорны сабака, вуж, нават жамяра — усе яны слугі д'ябла. Супраць усіх іх — адзін Чалавек. Перамога вызначаецца станам яго душы і яго набожнымі ўчынкамі. І ў гэтым — аптымізм і максімалізм Яна Баршчэўскага.  

   «На свеце трэба быць асцярожным» — яшчэ адзін лейтматыў «Шляхціца Завальні...». Ад чаго ж перасцерагае нас пісьменнік і як дзеля гэтага выкарыстоўвае алегорыю?  

   Зло ў творах Яна Баршчэўскага паказана не толькі ў вобліку агідных пачвар, цмокаў, карузлікаў (фантазія пісьменніка неабмежаваная ў іх абмалёўцы), але вельмі часта яно надзвычай прывабнае, зманлівае, зіхоткае: «і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні» («Белая Сарока»).  

   Самай страшнай сілай валодае зло ў белых адзежах, сцвярджае і перасцерагае пісьменнік. Яно вабіць, захапляе, бярэ ў палон, нішчыць волю і пачуцці, блытае «святыя думкі». Каханая, пра якую так марыў, жыць без якой не мог, становіцца Альберту ўжо непрывабнай, ён убачыў у ёй тысячы заганаў. Менавіта зло ў белых адзежах хоча валадарыць не адной, а ўсімі душамі. Белая Сарока прыслала Скамароху вялізны мех золата, «каб быў верны сам і іншых знайшоў, адданых ёй».  

   Пісьменнік сцвярджае таксама і магутную сілу слова, перасцерагае ўсіх, хто лічыць, што «слова — вецер, які не можа ані дапамагчы, ані, таксама, пашкодзіць». Славячы выратавальную сілу слова, пісьменнік заклікае нас быць пільнымі менавіта да такога слова, якое здольнае пашкодзіць, разбэсціць, паклікаць у шырокую браму, што вядзе да пагібелі.  

   Нагадаем толькі некаторыя маналогі носьбітаў зла. У іх словах-закліках не ўсе здольны распазнаць цянёты і путы, што рыхтуюцца для ахвяр. І варта толькі зрабіць гэтыя словы і ўсё, што за імі стаіць, здабыткам сваёй душы — душа вынішчаецца: «Ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічому, бо калі пахіснешся сэрцам або духам — будзеш нешчаслівым; не пускай у душу такія пачуцці», — вучыць Сямёна незнаёмы чалавек, адпраўляючы яго на Лысую гару да вужы-нага караля.  

   «Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пакінь сумнявацца, ты чалавек — і ўсе павінны служыць табе!»— яшчэ больш прывабна гучыць.  

   «Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце жыць сённяшнім днём. Што будзе пасля, навошта думаць цяпер»— не менш пераканальны довад носьбіта зла.  

   І не ўсе, асабліва маладыя, што знаходзяцца «ў той апаслівай пары», кал і хочацца зведаць вострых адчуванняў і шчасця, усіх даброт і выгод зараз жа (а пра цану за ўсё гэта навошта думаць цяпер!), здольны ўстаяць перад такой спакусай. Не ўсе разумеюць, што ёсць страх і страх. Страх як выяўленне рабскай псіхалогіі і страх як ахоўная рэакцыя арганізма ад фізічнага і духоўнага вынішчэння. Адсутнасць такога страху — сведчанне, што не спрацоўвае інстынкт самазахавання, што ўключаецца праграма на самавынішчэнне.

   Пакуль ёсць такі страх, ёсць надзея, што не ўсё страчана, бо менавіта страх надае сілы і... смеласці спыніцца, адумацца, уратаваць сваю душу і ўсё, што вакол яе. Прыгадаем: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах...»  

   А сумненне ёсць сведчанне жывой, пабожнай, шляхетнай душы. Гэта толькі неразумны і здрадлівы чалавек не пахіснецца, не засумняваецца: а можа, не так жыў, не тым даражыў, не над тым дрыжаў, што варта чалавека? Бязбожныя і непахісныя якраз і хістаюцца потым пры любой змене абставін, як флюгеры на ветры, а Белыя Сарокі і Нікітроны ўжо лепяць з іх, як з воску, тое, што трэба ім.  

   Добрая паша злу там, дзе людзі не помняць мінулае, не дбаюць пра будучыню — жывуць толькі сённяшнім днём. Такія не здольны здзейсніць з карысцю для сябе і бліжняга сваё права на выбар. Нагадаем мудрую прытчу, як да Бога прыйшлі дзве дзяўчыны і папрасілі яго зрабіць іх шчаслівымі на ўсё жыццё. Бог адказаў, што так не бывае, што чалавечае жыццё перапялёсае: у ім павінны быць і пакуты і радасці. І прапанаваў выбар: шчасце або ў маладосці, або ў старасці. 

   Першая сказала: «Навошта мне шчасце ў старасці? Я зараз яго хачу зведаць, пакуль маладая, пакуль усё цікава».  

   Другая ж разважыла так: «Я маладая і дужая і здолею перанесці ўсе нягоды і выпрабаванні, затое ў старасці мне патрэбны будуць спакой і любоў бліжняга...»  

   З таго часу і дзеляцца людзі на мудрых і нямудрых: на тых, хто думае пра заўтрашні дзень і пра старасць дбае ў маладосці, і на тых, хто жыве толькі сённяшнім днём.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!