Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Маўр - Шчасце

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

(Эцюд)

 

   Быў адзін з тых летніх дзён, якія бываюць, мусіць, толькі на Беларусі. Сонца пячэ як мага, а гарачыні няма: лішак яе паглынаюць і рака, і зараснікі аеру ды чароту, і густыя паплавы, і непралазны алешнік ды лазняк, і бярозы, і хвоі, і ўсялякая зеляніна, што жыве навакол, дыхае, шамаціць і запаўняе не толькі прыроду, але і душу чалавека. Не відаць людзей, не чуваць, але гоману досыць і без іх: адны конікі сваім цырканнем могуць заглушыць усіх людзей, а тут яшчэ кукуюць жаўтабрухія жабы, заліваюцца мітуслівыя птушкі ды гудуць мясістыя чмялі.
   Усім радасна ў такі дзень. Радасна і мне. Радасна і вунь таму хлапчуку год васьмі, што спускаецца з гары, падскакваючы на адной назе ды махаючы белым дубцом.
   Мы сустракаемся з ім на мосце. Ён прыпыняецца і глядзіць на мяне так, нібы хоча нешта сказаць. Радасць, шчасце так і пырскаюць з яго блакітных вачэй. Я разумею яго. Калі і я гатоў усіх абняць у гэты жыватворны дзень, дык што ж павінна адбывацца ў яго маленькім чыстым сэрцы?    Я лагодна ўсміхаюся яму, ківаю галавой і кажу:
   — Добра жыць на свеце, браток, га?
   Тварык хлопчыка засвяціўся яшчэ больш, але ён нічога не сказаў. Ды і што ён мог сказаць? Мы і без слоў разумелі адзін аднаго.
   Я паціху ішоў міма, а хлопчык, нібы той сланечнік, паварочваў следам за мной свой круглы тварык. I з выразу вачэй яго таксама пырскала шчасце, і таксама здавалася, што ён вось-вось нешта скажа. Скажа, што надта прыемна ў такі дзень басанож скакаць па мосце ды махаць свежым дубцом, што ў грудзях яго цяпер вельмі цесна і адтуль нешта выпірае, што ўвесь свет вельмі прыгожы, што дзядзька, якога ён сустрэў на мосце, таксама прыгожы і добры, ды і наогул усе дзядзькі і цёткі прыгожыя і добрыя... Ён нічога не казаў толькі таму, што не ўмеў выказаць такіх думак і пачуццяў. Ды яно і не трэба было — я і так усё разумеў. Хіба я сам калісьці не быў такім, як ён? Хіба я сам не адчуваў радасці жыцця? Асабліва ў такі цудоўны дзень.
   Я яго разумеў. Але ён, відаць, гэтага не ведаў, бо ўсё глядзеў мне ў вочы, нібы чагосьці чакаючы ад мяне. Ён заліваў мяне сваім шчасцем, а я ў адказ нічога не мог яму даць. Для яго маёй шчырай і ветлівай усмешкі было мала. Мне трэба яму нешта сказаць. Але што? Што яму сказаць, каб перадаць усю тую цеплыню, якую я да яго адчуваю? А мне засталося ступіць толькі адзін крок — і мы размінёмся. Размінёмся, можа, навекі.
   — Як цябе зваць? — сказаў я нарэшце, каб толькі не маўчаць.
   Сказаў — і зараз жа пачырванеў ад сораму: хлопчык нічога мне не адказаў. Сваім дзіцячым інстынктам ён, відаць, зразумеў, што словы гэтыя сказаны так сабе, абы сказаць. Мала таго: твар яго перастаў свяціцца, нават неяк балюча скрывіўся. А потым... потым з грудзей яго вырваўся крык!..
   Не адзін год прайшоў з таго часу, а голас хлопчыка і цяпер гучыць у маіх вушах.
   Гэта быў шчыры, мімавольны крык дзіцячай душы. У ім былі і крыўда, і расчараванне, і надзея, і горкі папрок да нас, дарослых і разумных людзей.
   Два словы толькі было ў гэтым крыку:
   — Дзядзька! Шапка!..
   Але гэтага было досыць, каб зразумець, хоць і са спазненнем, усю тую трагедыю, якая адбылася тут, на мосце, у гэты радасны летні дзень.
   У хлопчыка на галаве была новая шапка, якую ён надзеў, відаць, першы раз. Добрая шапка, шэрая, каляная. Яна ахапіла не толькі галаву хлопчыка, але ўсё цела і душу. Гэта ж праз яе сёння такі цудоўны дзень, а я гэтага не ведаў. I сонца так шчодра свеціць толькі дзеля таго, каб усе здалёк маглі бачыць шапку, а я не заўважыў яе і зблізку. Адзін: усяго толькі адзін крок заставалася зрабіць — і ўся сустрэча пайшла б прахам. Ці магла чулая дзіцячая душа сцярпець такую несправядлівасць, такое халоднае бяздушша?
I яна не сцярпела...
   Я адчуў сябе вельмі вінаватым і кінуўся выпраўляць сваю віну.
   — Ах, якая цудоўная ў цябе шапка! — крыкнуў я. — Пакажы, пакажы!
   Вочы хлопчыка зноў засвяціліся радасцю.
   Я зняў з яго галавы шапку. Яна сапраўды хрусцела, як бляшаная.
   Хлопчык глядзеў на мяне ўдзячнымі вачыма, бы на свайго збаўцу.
   — Які казырок! I шнурок! I гузікі два! — стараўся я. — А падкладка якая цудоўная! Хто купіў?
   — Мамка! — з гордасцю адказаў хлопчык. Несправядлівасць была выпраўлена.
   I мы абодва, зноў шчаслівыя, разышліся кожны сваім шляхам.

 

1947 г.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!