Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Змітрок Бядуля - Шчасце не ў золаце

   Мыла дзяўчынка бялізну кужэльную ў крыніцы. Стаяла яна на кладцы, закасаўшы рукавы з вышыўкамі, распусціўшы валасы русыя, пеючы песні дзявочыя.
   Ехаў гасцінцам багаты паніч, ехаў, ды застанавіўся,— відаць, дзяўчынка спадабалася яму. I давай ён гэткую гутарку весці:
   — Я маю зямлі сем валок, стады мае багатыя, коні мае дарагія, парабкі мае адзін у адзін, як тыя дубы на ўзгорку. Пайдзі за мяне замуж, дзяўчынка!
   — Ой, не пайду замуж за цябе: не трэба мне золата, серабра, не трэба багатага молайца. Я кахала аднаго — кахаць буду; цалавала аднаго — цалаваць буду. Ён у цябе парабкам служыць, па мне заўсёды тужыць...
   Кланяўся пан нізка да зямлі — не памагло.
   Кленчыў, як той жабрак пад акном,— не памагло.
   Ой, шчасце не ў золаце, паны!