Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Купала - Магіла льва

Кнопка отправить на печать

   «Магіла льва» – ліра-эпічная паэма з трагедыйным лёсам галоўнага героя. Сваім зместам яна звернута да даўняга мінулага, якое засталося ў гістарычнай памяці народа. У аснове сюжэта – не канкрэтна-гістарычныя падзеі, а народная легенда пра ўзнікненне Магілёва, пра Машэкаву гару, пра магілу льва. Легендарная гісторыя, што захавалася ў паданнях, з’явілася толькі адпраўным пунктам для аўтарскай мастацкай канцэпцыі твора. Паэт значна пераасэнсаваў яе, адкрыў у ёй глыбокі чалавечы змест, важны як урок для сучаснасці.
   Ва ўступе паэмы ставіцца спрадвечнае пытанне: у чым «прычыны... крыўд і бед» народных? Яно з’яўляецца галоўнай сацыяльна-філасофскай ідэяй твора, вызначае яго змест, асаблівасці маральна-эстэтычнай праблематыкі, ляжыць у аснове яго драматычнага канфлікту.
   Галоўнымі героямі паэмы з’яўляюцца Машэка і Наталька. У вага аўтара засяроджана на адным з самых драматычных момантаў іхняга жыцця – на гісторыі іх нешчаслівага кахання. Праўдзіва раскрываецца складаны, супярэчлівы свет іх думак, уяўленняў, пачуццяў, перажыванняў, паводзін.

   Вобраз Машэкі
   Машэка – рамантычны герой. Чалавек незвычайнай сілы, моцнай волі:

 

Асілкам гэтакім ад роду
Машэка быў ў сваёй радні,
Дзіцём нясці ўжо мог калоду,
Якой трох сталых – не маглі.


   Прырода надзяліла яго не толькі фізічнай сілай, але і залатой натурай. Ён быў добрым, шчырым, нікому крыўды не рабіў. З ранніх гадоў быў закаханы ў Натальку. Дзяўчына абваражыла яго сваім хараством. Каханне не давала яму «ні спакою, ні прыстання».

 

Машэка гэтакі асілак,
Што рваў дзярэўе з каранём,
Ў руках яе стаў як апілак:
Яго забрала хараством.


   Нечакана каханне стала бядой для Машэкі. У час вымушанай разлукі з любай, калі Машэку давялося гнаць да Кіева плыты, Наталька здрадзіла яму, стала палюбоўніцай багатага баярына. Так было страчана самае дарагое, чаму Машэка пакланяўся, чым жыў. Ён моцна перажываў. Не мог змірыцца з гэтай здрадай. Напачатку затоена маўчаў, цярпеў.

 

З дня ў дзень хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як змяя, –
I сам, як гадзіна, ў ёй віўся,
Ў жыцці не бачачы пуцця.


   Пасля, дачакаўшыся вясны, Машэка ўцёк у пушчу...

...у ёй асеўся,
Змяніўся ўвесь, як ваўкалак,
У скуру воўчую адзеўся
I стаў на жыр выходзіць так.


   Спачатку ахвярамі яго былі багатыры, а потым – вяскоўцы. Страціўшы сумленне, Машэка губіў людзей, не адчуваючы сваёй віны.
   Такім чынам, канфлікт паміж Машэкам і баярынам, Машэкам і Наталькай перарастае ў канфлікт паміж ім і народам. Машэка становіцца злачынцам. Парушаюцца маральныя асновы яго жыцця. Чалавек, які ад прыроды атрымаў такія выдатныя задаткі, быў добрым, шчырым, сардэчным, адчужаецца ад народа, робіцца забойцам. Духоўнае і сацыяльнае адзіноцтва прыводзіць яго да згубы, да страты чалавечнасці, усяго таго, што вызначае духоўнасць і душэўнасць чалавека. Трагедыя Машэкі ў тым, што ён, аслеплены сваёй крыўдай, прагай помсты, страціў чалавечае аблічча. За гэта адступніцтва народ не можа яму дараваць. Калі Наталька прынесла вестку аб смерці Машэкі, вяскоўцы «яе віталі добрай чэсцю».

I не было там чалавека,
Каб хоць адну пусціў слязу.


   I ўсё ж памяць народная, паводле легенды, захавала і добрае і благое пра сілу Машэкі. Вяскоўцы пахавалі яго па-хрысціянску і назвалі яго магілу «Магілай Льва».

Яго высокую магілу –
Дзе лес ды вецер панаваў –
Знаць, што вялікую меў сілу,
«Магілай Льва» народ назваў.


   Вобраз Наталькі шырока не раскрыты ў паэме. Паказаны толькі самыя характэрныя, самыя выключныя абставіны яе жыцця. «Дзіця сяла іграмады», Наталька была найпрыгажэйшай сярод вясковых дзяўчат, захапляла ўсіх сваёй дзявочай красой:

 

Наталька ў вёсцы між сваімі
Найпрыгажэйшаю была,
Грудзямі, шчочкамі, вачыма,
Я к мак, між макамі цвіла.


   З малых гадоў Наталька сябравала з Машэкам, а калі падрасла, пакахала яго. Аднак у час разлукі з любым, паддаўшыся на заляцанні багатага баярына, нечакана здрадзіла Машэку.
   Калі пасля смерці баярына Машэка сустрэўся з Наталькай, то ў яго з новай сілай абудзілася ранейшае пачуццё. Ён быў рады. Пакорна яе песціў і галубіў, ды толькі не мог уцешыць Натальку. Яна не магла ўжо так, як раней, любіць яго. Спазнаўшы панскія раскошы, дзяўчына «не мела сіл змагчы ў пустошы і адзіноцтва, і жуды» і вырашыла «згубіць разбойніка», адпомсціць яму «за кроў пралітую крывёю»...
   У вобразе Наталькі сумяшчаюцца супярэчлівыя рысы. З аднаго боку, яна асуджаецца за адступніцтва ад народа, за тое, што «сама к бядзе пайшла сваей... не дбала свету і людзей...». З другога боку, людзі, нібы гераіню, сустракаюць і вітаюць яе, калі яна прыходзіць у родную вёску з «добрай весцю» аб смерці разбойніка.
   Наталька, як і Машэка, – постаць адметная, незвычайная. Яна валодае прываблівай красой, але, як і Машэка, застаецца адзінокім чужынцам.
   Зместам твора, логікай развіцця канфлікту Янка Купала прыводзіць чытача да высновы: «...прычыны нашых крыўд і бед» у адступніцтве асобы ад народа. Трагедыя ў тым, што найдаражэйшыя духоўныя якасці – сіла, мужнасць, дабрыня, краса, каханне, сардэчнасць, чалавечнасць – страчваюць, губляюць свой воблік, калі адчужаюцца ад народа.

   Вобраз баярына не разгорнуты ў паэме. Ён паказаны бязлітасным прыгнятальнікам, крыўдзіцелем народа, свавольнікам, носьбітам грубай сілы, амаральнасці. Яго палац, абнесены высокім мурам, нагадвае астрог. У сваім свавольніцтве малады баярын не спыняецца ні перад чым:

 

Усюды броіў самазбродам,
Тварыў закон свой і свой суд
Над абнядоленым народам,
Што збыць не меў сіл сваіх пут.


   Баярын разбіў шчасце і Наталькі. Стаў віноўнікам трагедыі Машэкі.

   «Магіла льва» – ліра-эпічная паэма, паэма з драматычным сюжэтам. Складаецца яна з 20 раздзелаў, кожны раздзел – з шасці чатырохрадковых строф. Апавяданню папярэднічае уступ, дзе гучыць аўтарскае слова: роздум паэта аб гістарычнай памяці, лёсе народа, аб прычынах «крыўд і бед» народных. Паэма завяршаецца заключным раздзелам, які набывае значэнне эпілога. Апісваюцца падзеі, якія адбыліся пасля галоўнага дзеяння: узнікненне Магілёва, які вырас на Машэкавай гары, атрымаўшы ў народзе назву «Магіла Льва».

   Важную кампазіцыйную ролю ў паэме выконваюць частыя лірычныя адступленні, цесна звязаныя з сюжэтам. Апрача ліры-ка-філасофскага разважання пра гістарычную даўніну, усе астатнія адступленні адносяцца да характарыстыкі герояў твора. Гэта лірычныя разважанні пра здрадлівае каханне, пра прыгажосць беларускіх дзяўчат, пра людскую хітрасць, пачуццё помсты. Разам з эпічным сюжэтам лірычныя адступленні надаюць паэме адметную асаблівасць, паглыбляюць яе сацыяльна-філасофскі змест. Нярэдка яны чаргуюцца з пейзажнымі замалёўкамі. Пейзаж выконвае ролю эмацыянальнага фону для галоўных падзей. Пушча не дае волі Дняпру вырвацца на прастор. Вобраз пушчы, хмурнай, бязлюднай, дзе днявалі і начавалі ваўкі, дзікі, ласі, мядзведзі, узмацняе трагізм, адзіноцтва, адчужанасць душы Машэкі.
   Напісаная паводле матываў народнай легенды, цесна звязаная з фальклорам, непасрэдна звернутая сваім сацыяльна-філасофскім зместам да карэнных праблем народнага жыцця, паэма «Магіла льва» стала значнай з’явай ліра-эпасу Янкі Купалы і ўсёй беларускай паэзіі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!