Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сюжэт

   Сюжэт (франц. sujet - прадмет) — сістэма ўзаемазвязаных падзей, паступовае разгортванне якіх раскрывае характары персанажаў і ўвесь змест эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора.
   Паводле Максіма Горкага, сюжэт - гэта "сувязі, супярэчнасці, сімпатыі, антыпатыі і ўвогуле ўзаемаадносіны людзей - гісторыі росту і арганізацыі таго ці іншага характару, тыпу".
   У аснове сюжэту заўсёды ляжыць нейкі жыццёвы канфлікт. З'яўляючыся важным сродкам даследавання з'яў рэчаіснасці ў іх узаемасувязях, прычынна-выніковых адносінах і супярэчнасцях, сюжэт мае канкрэтна-гістарычны характар, цесна звязаны з канфліктамі, якія характэрны для пэўнай нацыі, грамадскай супольнасці, эпохі.
   Вылучаюцца яго элементы: экспазіцыя (лац. expositio - тлумачэнне), або пралог, — апісанне абстаноўкі, часу і месца дзеяння, некаторых рыс характару персанажаў і ўмоў іх фармавання; завязка - першае сутыкненне супрацьдзейных сілаў, што абумоўлівае далейшы накірунак падзей твора; развіццё дзеяння - паступовыя змены ва ўзаемаадносінах паміж персанажамі, што прадвызначаюцца характарам развіцця канфлікту пасля завязкі твора; кульмінацыя (ад лац. culmen -вяршыня) - самы высокі момант напружання ў развіцці дзеяння; развязка - чаканае або раптоўнае вырашэнне супярэчнасцей паміж дзейнымі асобамі твора, зыход пэўных падзей; эпілог (ад грэч. epi -пасля, logos - слова) — заключная частка твора, у якой паведамляецца пра далейшы (пасля развязкі) лёс яго герояў. Экспазіцыі і эпілога ў творы можа і не быць.
   Сюжэт цесна звязаны з кампазіцыяй твора, хаця, як паняцце, па аб'ёму за яе вузей (апрача сюжэту, кампазіцыя аб'ядноўвае т. зв. пазасюжэтныя элементы твора: разгорнутыя апісанні малюнкаў прыроды і быту, аўтарскія развагі, лірычныя адступленні).
   Творы лірычныя сюжэту не маюць. У эпічных творах сюжэт адсутнічае толькі ў абразках, у апавяданнях і аповесцях маецца адна т. зв. сюжэтная лінія, у раманах - дзве і больш.