Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Брыль - Цюцік

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

1

   Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў і ніяк не называўся,— жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам са сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла цюціка, абнюхвала і лізала, пяшчотна і многа. Было яшчэ нешта другое — маленькае, цёпленькае; яно тоўхалася з ім разам у пушыстай аўчыне і, заблудзіўшыся, дарма намагалася адабраць у яго соску з малаком і ўсё мармытала, усё пахныквала...
   Пасля цюцік стаў бачыць і ўцяміў, што тое вялікае нешта з пушыстым цёплым кажухом і соскамі — гэта яго мама, калматая сука Муха, а цёпленькі мармытун — брат, такі самы шчанюк, як і ён. З ім разам цюцік ссаў матку, пасля хлябтаў малако з чарапка, гуляў на двары і ў будзе на саломе.
   I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей.
   Аднойчы маці недзе пабегла, а яны з братам сядзелі ў будцы і глядзелі на двор. Церушыў дождж, на будку капала з яліны, і не хацелася нават носа высаджваць на двор.
   Цераз леснікову сядзібу, дарогай, ехалі фурманкі з дровамі. Дзядзькі спыняліся каля студні і паілі коней. Яны цмокалі на шчанят у будцы, гаварылі пра іх, але ніхто не чапаў.
   А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй і глядзіць на шчанят. Пасля гэта — шлэп, шлэп у лапцях — падышоў да буды.
   — І-і,— кажа,— якія харошанькія!
   Усадзіў у буду руку і пагладзіў іх, прыгаворваючы: "Цюценькі, цюцькі..." За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.
   З хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.
   — Я ж кажу, чалавеча,— гаварыў дзед,— бяры хоць абодвух, балазе і сукі няма.
   — Дзе там, дзеду, абодвух,— адказаў дзядзька,— будзе мне і з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.
   — Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.
   — Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.
   — Я ж і кажу — часцей нос падціраў бы.
   — А ўжо ж неяк там будзе.
   — Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?
   — Мяшэчак вось...
   I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.
   — Дзяржы ж, т'каля. Я ж кажу — ядуць усё, як старыя, і ў роце чорна: злосныя.
   Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, і апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, і цюціку зрабілася цёмна. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах і паехаў.
   Была позняя, шэрая восень, гразка, і на звілістых лясных дарогах — глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала і трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно і жаласна пахныкваў.
   Лесам, лесам, пералескамі — і дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі і заснуў.

2

   Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, а ў другую — мяшок з цюцікам і пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, і дзеці яго, Міхась і Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..
   — Што гэта, дзеці? — усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком.— Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!
   I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.
   — Сабачка! Мама, сабачка! — закрычалі Міхась і Волька.— Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, і лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы... Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!
   — Яшчэ чаго не было,— аказалася маці.— Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, і гэтага звяду! Не бачыла смуроду!
   — От ты сціхні,— адказаў ёй бацька.— Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!
   Ён распрануўся і сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені і спытала, пазіраючы ў вочы:
   — А што мы яму, тата, есці будзем даваць?
   — От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? — адказаў тата і пагладзіў Вольку па галоўцы.
   — Пэўна,— аказалася ад печы мама.— Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! — паставіла яна на стол капусту.
   Але бацька ўстаў і пайшоў да паліцы, на якой стаялі збанкі з малаком, завешаныя зрэбнай полачкай.
   — Хаця ж поўнага не пачынай, каб цябе ліха заела! Дай я сама!
   А першы з краю збанок якраз быў поўны. Хацеў бацька ўзяць яго, на злосць бабінай звязе, але падумаў і ўзяў пачаты. Міхась падставіў кошчын чарапок, тата наліў малака, узяў цюціка за каршэнь і ткнуў мызачкай у малако. I малыш пачаў прагна хлябтаць.
   Міхась і Волька падскаквалі ад радасці і смяяліся на ўсю хату. Тата паджургваў сваю пасаломленую чупрыну і таксама смяяўся.
   А той, за каго пасварыліся — галодны цюцік з рабенькімі лапкамі,— хлябтаў, разгірачыўшыся, і толькі пачмыхваў, павільваў тоўстым хвосцікам і ўвачавідкі таўсцеў.

3

   Маму звалі цётка Алена.
   I вось гэтую зіму нешта дрэнна куры нясліся ў цёткі Алены. Адна марока. Выпусціць яна іх з падпечка, хопіць адну-другую за крыллі, памацае ды лаецца:
   — А каб вас каршун падзёр! Адно павыядаліся, як копы!
   Шэраму пеўню пападала па пер'і, і, адскочыўшыся, ён нездаволена кудкудыкаў, не ведаючы, чаго яна хоча — дурная баба...
   — Агрызайся яшчэ, ціпун табе на язык, жарабец ты!
   На "шчадра" цётка Алена накарміла іх куццёй у вялікім абручы з кадушкі, і неўзабаве Драпясценькая выйшла з падпечка, скочыла на лаву і на ўсю хату раскудахкала, што яна зняслася. Мама паслала Міхася пад печ з газоўкай.
   — Ёсць! — крыкнуў Міхась.— У гэтым куточку яйцо, а ў гэтым яшчэ адна сядзіць, жоўтая!
   Ад крыку яго закалыхаўся агеньчык газоўкі і цёмныя цені, а курыца спалохана паклявала галавой і кудахнула.
   — Ну, вылазь, а то спудзіш яе! — гукнула маці пад печ, і Міхась вылез на хату.
   — Мне зварыш, мама, мне! — затупала Волька.
   А Міхасю проста хацелася самому кудахкаць ад радасці. Ён падсунуў яечка цюціку пад нос. Шчанюк панюхаў яго, завіляў хвосцікам і аблізаўся.
   — Яшчэ чаго не было! — крыкнула мама.— Навучы, бацькаў сынок! Дай сюды яйцо! А ты вон, здыхата!
   Мама адшпурнула цюціка нагой. Шчанюк заплакаў і лёг у сваім кутку.
   Плакаць яго навучыла цётка Алена. Так з самага рання і лічы, што як дзядзькі дома няма, дык і паплачаш. I каб сказаў было за што! Хоць бы надоечы. Знайшоў ён у каморы пад скрыняй палавіну каравай халявы ад старога валёнка і панёс яго дзе-небудзь лепш перахаваць. А цётка стрэла яго ў сенях і дала прачуханца махрамі. А тут, як наліха, з кожным днём усё цікавей рабілася пашукаць што-небудзь, знайсці ды занесці ў лепшае месца. I заўсёды амаль спаткаешся з гаспадыняй і яе пякучымі махрамі...
   Цётка нібы знарок шукала прычыны, каб звесці цюціка. I такі анайшла.
   Аднойчы яна выпусціла курэй з падпечка, а сама пайшла недзе з бязменам, прычыніўшы дзверы. Малых не было дома: Міхась пайшоў у школу, а Волька да свае сяброўкі Тоні. А сам дзядзька паехаў у млын. Цюцік убег у кухню пагрэцца, а пасля — нюх, нюх, нюх,— пад печ. А там тры яечкі, такія самыя, як Міхась панюхаць даваў — цёпленькія, гладзенькія. Цюцік узяў адно асцярожненька ў зубы, панёс.
   — О, гэта дык але! — стрэла яго ў сенях цётка. Схапіла цюціка за хвост, развязала другой рукою фартух і давай яго сцябаць, прыгаворваючы: " А я табе! А я табе!" А цюцік крычаў на ўвесь свет. Цётка вынесла яго на двор і шпурнула цераз плот на мерзлую раллю.
   Снегу было няшмат, і цюцік выбіў лапку. Заенчыў, заплакаў. Пасядзеў, палізаў больку, хацеў ісці, але толькі ступіць — заенчыць зноў. I ён пачыкіляў: тры з палавінай, тры з палавінай... Плот быў новы і зусім шчыльны. Як ні намагаўся цюцік ушыцца на свой двор — не было нават малое дзірачкі. Тры з палавінай, тры з палавінай... "Ы-хы-хы! Ы-хы-хы!.." Пасля плот кончыўся, а навокал усё снег ды снег, а па снезе паскрэбвае сярдзіты вецер.
   Чыкіляў, чыкіляў цюцік і апынуўся пад нейкім гумном. З дзядзькавага хутара, сам таго не ведаючы, ён прычыкіляў у вёску. Пачынала шарэць. Цюцік кульгаў па вуліцы і пахныкваў. Падышоў да нейкіх варот, цікнуў спаднізу і палез на падворак. Пуста навокал, і сені зачынены. У наступных дзвярах у куточку была дзірка, для ката. Цюцік панюхаў і палез. Цёмна. Нюх, нюх, нюх... Адна толькі шорсткая кастрыца. А потым раптам — шшух! — і паляцеў кудысьці старчма. Стукнуўся аб нешта цвёрдае, вострае, перакуліўся і ўпаў на сырое каменне. Пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў, як той бедны Якаў, і ўсё яму пан бог аднакаў. Тады ён змоўк і прыслухаўся: ціхенька, цёмна, толькі пахне квашанай капустай і сырою бульбай. У кутку шарганулася нешта па дошках, а пасля запішчалі, зацяўкалі пацукі.
   "Ну,— падумаў цюцік,— прападу я тут за нішчымны квас..."

4

   У Габрусёвых у хаце была толькі бабка Хвядося. Шарую гадзіну спраўляла сабе ды паглядала ў вокны, што гэтак позна, а хатніх — няма ды няма. Яны пайшлі да малатарні да Якіма — і Сцяпан, і Настуля, і Рыгорка.
   — А-а, што ж гэта так забавіліся? Скаціне не давана. Хм, пайсці хоць бульбы ўнесці.
   Бабуля апранула кажушак, узяла кошык і патэпала ў пагрэбнік. Падышла да жарала, кінула туды кошык і ну ступаць на лесвічку.
   — А-я-яй! — заенчыла нешта адтуль.
   — Пан Бог з намі — што ж гэта? — Уздрыгнулася бабуля ды ходу.— Хай яго ліха, што ж гэта? — Пастаяла, падумала.— Пайду хіба газоўку вазьму.
   Але старая і з газоўкай пабаялася. Стала зноў чакаць хатніх. Прыйшлі яны, і бабуля ім расказала.
   — Хадзем! — сказаў Рыгорка.
   Яны пайшлі. Хлопец палез у яму.
   — А мо не лезь, унучак, хай яго...
   Шаркнула запалка, і ў жарале засвяцілася.
   — Сабачка, баба, сабачка! А мой жа ты!
   З ямы пачулася пахныкванне.
   Цюціка дасталі і панеслі ў хату. А там ужо мама агонь запаліла.
   — Бедненькі, цюцька, галодненькі,— шкадавала яна.
   Хай яго! Толькі напалохалася,— смяялася бабуля.— Дальмала: што за звер?..
   — От, бедавалі па Лыску. От і сабака будзе. Бачыш, які ладны,— казаў тата, папыхваючы люлькай.
   Налілі цюціку капусты.
   — Бачыш, бачыш, аж чарапок падскоквае! — смяяўся тата.
   — Нейкая ж зараза ножку перабіла,— гаварыў
   Рыгорка, прыглядаючыся.
   Тата адкашляўся і плюнуў.
   — Мала хіба дурняў на свеце,— сказаў ён і зноў зацягнуўся дымам.
   — От дзе — буху, буху, як у бочку, а ўсё смокча махнушу гэтую,— сказала мама.
   А бабуля Хвядося:
   — Што ж ты,— кажа,— другі б'еш скацінку: скацінка ж немая, мілыя, яна не скажа...
   А цюцік толькі аблізваўся ды павільваў тоўстым хвосцікам.
   Рыгорка занёс яго ў хлеў, пагладзіў і палажыў ля Гнедчынага катуха, а сам пастаяў і пайшоў.
   Цюцік пачаў прыслухоўвацца, нюхаць. Пад ім навокал пахла конскім гноем і аржаной саломай, а над галавой хрупала сена кабыла. Пачуўшы сабачы дух, яна панюхала і, не датыкаючыся да цюціка цёплымі, валасатымі губамі, з агідай пырхнула. Цюціку здалося, што і яна ўжо ведае пра ягоную крыўду і шкадуе яго. Ён пахныкаў ёй трохі, а потым змоўк. Гнедка хрупала мерна, павольна, час ад часу спыняючыся, каб насцеражыцца, паслухаць...
   Ах, як добра цюціку, як смачна ў жываце, які ён пузаценькі, цёплы і мляўкі!
   Цюцік скурчыўся і шчасліва заснуў.

1937

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!