Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Брыль - Муштук і папка. Аналіз аповесці

Кнопка отправить на печать

   Асаблівае месца ў творчасці Янкі Брыля займае напісаная ў 1990 годзе "маленькая сага" "Муштук і папка" пра вялікую брылёўскую сям'ю і яе пакутлівыя шляхі ў віры гістарычных катаклізмаў XX стагоддзя. Незвычайная гісторыя стварэння гэтай спавядальна-аўтабіяграфічнай прозы. Пачалося ўсё з трагічнага і рэальнага факта. У канцы сакавіка 1989 года пісьменніку пазваніў украінскі карэспандэнт "Литературной газеты" і паведаміў навіну, ад якой той расплакаўся. Журналіст расказаў, што ў лесе Быкаўня пад Кіевам (адпаведнік нашых Курапат) падчас эксгумацыі на месцы масавых расстрэлаў па знойдзеных рэчах удалося ўстанавіць імёны чатырнаццаці бязвінна рэпрэсаваных ахвяр. Сярод іх і імя старэйшага брата Янкі Брыля — Валодзі. "На месцы захавання быў знойдзены муштук з надпісам: "Брыль В.А. 16.ІХ.1937 г.".
   Такім незвычайным чынам праз "касцяны муштучок, які пад зямлёй, сярод астанкаў жахлівай брацкай магілы, праляжаў больш за палавіну стагоддзя'", пачала раскрывацца таямніца смерці роднага брата пісьменніка, а адначасова і мільёнаў іншых людзей, чыіхсьці братоў, бацькоў, сыноў, якіх бязлітасна знішчыла сталінская машына тэрору.
   У аповесці "Муштук і папка", названай так па знойдзенаму муштуку і папцы з пратаколамі допытаў "брата № 17643", ярка выявілася здольнасць Янкі Брыля праз суб'ектыўна-асабісгае, індывідуальнае выходзіць на агульначалавечыя праблемы, "усенароднае адчуваць праз сваіх". Менавіта асабістая далучанасць да народнай трагедыі дазваляе пісьменніку глыбока і балюча ўсвядоміць яе сэнс, па-мастацку праўдзіва ўвасобіць у слова. "І ад свайго, ад роднага ідучы, я неяк бачу, нібы ўяўляю мноства тых, каго не бачыў, не ведаў, я намагаюся адчуць іх жывымі, у невыносных пакутах. З яшчэ большай безліччу іхніх сем'яў, таксама ж ахвяр, пакутнікаў", — пранікнёна і шчыра гаворыць Янка Брыль, стоячы над брацкай магілай бязвінна закатаваных сталінскіх ахвяр, у тым ліку амаль "напаўлегендарнага" свайго старэйшага брата Валодзі, з якім спалучаліся яго юнацкія спадзяванні і мары.
   Гуманізм і чалавекалюбства Янкі Брыля — канкрэтныя, дзейсныя. "Я даўно прызвычаіўся да глыбейшага пазнавання жыццёвых з'яў такім чынам, што перш за ўсё і міжвольна стаўлю ў розныя незвычайныя сітуацыі сваіх найбліжэйшых, уяўляючы іх на тым месцы", —падкрэслівае ён ў аповесці, прыгадваючы з успамінаў сваякоў, як крычала яго маленькая пляменніца, калі восенню трыццаць сёмага НКУС арыштоўваў брата:
   — "Ты не иди за ним! Ударь его! Прогони их! Папочка, не иди!".
   Маленькая дэталь, якая выяўляе бязмежную роспач бездапаможнага дзіцяці. Мільёны такіх дзяцей, як і Брылёву пляменніцу Валі, чакала наперадзе цяжкая сіроцкая доля і страшнае кляймо дачкі ці сына "ворага народа".
   У гэтай аповесці Янкі Брыля ў іншым ракурсе паўстае не толькі трагічнае, але і гераічнае. "Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, "нічога не падпісаў", а потым уведаць, што адбылося, не так — гэта нялёгка...", — гаворыць пісьменнік, руйнуючы не толькі ўласныя ўяўленні пра "няскораны подзвіг", але і ўяўленні многіх пакаленняў чытачоў, узгадаваных на міфах пра "нязломны гераізм савецкага чалавека". Паказваючы, як страшэнныя фізічныя і маральныя катаванні змусілі Валодзю, які "гарачы быў і горды", прызнаць сябе вінаватым, падпісацца, што быў "польскім шпіёнам", Янка Брыль падкрэслівае крохкасць і каштоўнасць індывідуальнага чалавечага жыцця. Менавіта ў гэтым кірунку рухаецца сусветная літаратура на пераломе XX і XXI стагоддзяў, выкрываючы варварскую сутнасць антычалавечых сістэм, што ставяць чалавека ва ўмовы, якія руйнуюць яго людскую існасць. У такім выпадку нельга гаварыць пра паняцці гераізму ці здрады, а толькі пра антычалавечую, антыгуманную сутнасць таго ўкладу, які дапускае надобны здзек над асобай.
   Прыватныя лёсы блізкіх Янкі Брыля — маці, братоў (агранома, святара, земляроба), пакутніц сясцёр, — адлюстраваныя праз прызму Першай і Другой сусветных войнаў, кашмар сталінскіх рэпрэсій і жыццёвых нягод пасляваеннай рэчаіснасці ў аповесці "Муштук і папка" сталі адбіткам трагедыі агульнанароднага жыцця, падкрэслілі трагізм існавання чалавека ўвогуле ва ўмовах сучаснай цывілізацыі. Твор Янкі Брыля, напісаны ў форме кароткіх нататак, разваг і асацыятыўных успамінаў часта дакументальна-дзённікавага характару, арганічна ўключаецца ў плынь сусветнага літаратурнага працэсу канца XX — пачатку XXI стагоддзяў (проза Мілана Кундэры, Германа Гесэ).

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!