Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Брыль - Маці

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

 
   Жнучы, яна стамлялася з кожным днём усё больш. Гарачую задуху цяжка было адмахнуць ад знямоглых грудзей нават самай вялікай, самай каласістай жменяй. А рабіць трэба было, хоць і свету не бачыш... І яна жала, нікому нічога не кажучы.
   Увечары, вяртаючыся дахаты са сваім наймалодшым, у тое страшнае лета адзіным у хаце сынам, старая ледзь перастаўляла ногі, натруджаныя гадамі бязлітаснай працы. Паблеклыя вочы яе глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава.
   Аднак яны бачылі многа.
   Вось, нечакана спыніўшыся, маці азірнулася на свайго хлопца, які, таксама з сярпом на плячы, пачціва ішоў ззаду, запавальняючы хаду, па-пастушынаму «клюючы» салодкі жытні каласок.
   – Глядзі, Васіль, як ён упяўся... Эх! Трымайся, нябога, стой!
   Сын перастаў на момант «кляваць», зірнуў у той бок, куды яна паказвала. За вялізнай узорнай дзяругай цераспалосіцы, недзе далёка-далёка за ўзгоркам патухала зара, а зусім блізка ад мяжы, па якой яны ішлі, стаяў пахілы мэндлік жыта. Уранні па нівах, з гары ў даліну, прайшоўся нізам вецер і панасоўваў мэндлікам шапкі на самыя вочы. Мала таго, каторы слабей пастаўлены, дык і ўсяго яго ці нахіліў, ці нават абярнуў зусім. Той, на які паказвала маці, нахілены ўсімі снапамі ўдагон ранішняму ветру, што быў ужо на другім канцы свету, – той не хацеў упасці. І старая жняя ўсміхнулася, гледзячы на яго амаль таксама ўлюбёна ў жыццё, як у тыя гады, калі яна была парабчанкай у панскім двары і не ведала стомы, бегаючы вакол чужога шчасця.
   Калі мяжа ўперлася ў гасцінец, маці з сынам павярнулі ўлева.
   Па сцежцы на траве абочыны пайшлі таксама: яна – спераду, ён – ззаду.
   Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы.
   Прагудзе адзін, пасля ідзеш, пасля зноў стаіць ды гудзе, нібы нешта жывое, – так сумна, нават злавесна, усцішна мармычучы.
   На адным слупе, ужо недалёка ад павароту на іхні хутар, старая заўважыла белую плямку паперы – на ўзроўні вачэй. Прайшла міма: няма калі думаць пра ўсё... Потым спынілася. Сказаць сыну, каб зірнуў, што гэта, – не паспела: ён ужо сам чытаў, кінуўшы каласок. Прачытаўшы, аддзёр паперку, парваў яе на кавалачкі і сыпануў імі, нібы жменяй мякіны, камусьці нябачнаму ў вочы.
   – Што гэта?
   – Каб не давалі есці байцам. Каб выдавалі іх паліцаям. Дадуць гарэлкі і тытуню.
   – Няхай бы сабе вісела, сынок. Няўжо ж іх нехта паслухае?
   – Будуць расстрэльваць тых, хто не паслухае. Усю сям'ю. І хату спаляць.
   – На ўсё божая воля...
   Яны пайшлі – зноў адно за адным і моўчкі. Дома, у сенцах старое хаты, яшчэ пры панах выкінутай з вёскі на хутар, маці ўваткнула свой серп у шчыліну над вушаком. Сын зрабіў тое самае. Яна паправіла аберуч хустку, зверху ўніз з прыціскам правяла рукамі па твары, нібы здымаючы стому з вачэй, і ўжо хацела сказаць, што вось толькі падоіць карову ды будуць вячэраць.
   – Я пайду ў вёску, – апярэдзіў яе Васіль.
   – Зноў! – больш спалохана, чым злосна, крыкнула яна. А потым перайшла на ласку: – Не ішоў бы ты лепш. Заўтра ж рана ўставаць.
   – Ну што ж, і ўстану.
   – Дык павячэраў бы хоць.
   – Я скора прыйду.
   – Ведаю я гэтае скора... Ой, находзішся ты! Давядзе цябе гэты Азароначак! Успомніш ты маё слова!..
   – Нічога, маці. Спалохалася?
   – Вось тады пасмяешся! Знайшоў чым гуляць! Па-твойму, я сляпая – нічога не бачу, або дурная – нічога не ведаю?
   Ён падумаў, што больш не варта... Не, ён проста ўспыхнуў:
   – Яшчэ чаго – будзе вучыць!
   І пайшоў.
   Зноў дай божа цярплівасць на ўсенькую ноч!..
   Праз якую гадзіну старая хата ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон.
   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .  
  
   Маці не спіць.
   Каля гэтага хутара фронт – трагічны пачатак вайны – прайшоў, як нейкі раптоўны віхор, – і верхам, і нізам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты... Прайшоў гэты віхор і праз душу: ён нечакана вымеў з хаты абодвух старэйшых сыноў. Сцяпан толькі пазалетась, калі прыйшлі таварышы, вярнуўся з панскага астрога, прычакаўшы нарэшце таго, за што пакутаваў. Уладзік, самы старэйшы, гаспадар, змабілізованы панамі ўлетку трыццаць дзевятага года, толькі ў замаразкі прынёс асміну вошай з нямецкага лагера.
   І вось пайшлі яе хлопцы зноў, цяпер ужо на ўсход. І не вяртаюцца, як іншыя... Не паспелі і ажаніцца, – так хутка праляцеў ён, гэты час іх доўгачаканай волі. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Сцяпан у сельсавеце сядзеў, старшынёю. А Васіль – гэты вучыўся дзве зімы ажно ў Наваградку...
   Так, тых няма. Бог святы ведае, што будзе... А гэты, апошні, не хоча сядзець у хаце, шукае няшчасця. Дачакалася – нават не скажа, куды і чаго...
   ...Яны прыйшлі яшчэ зацямна. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Пакуль яна ўзняла з падушкі галаву, пакуль у гэтай сівой проставалосай галаве сто разоў перавярнулася думка – хто гэта? – і нават радасць – а можа? – пакуль яна ўстала, пачуўся амаль да шэпту прыглушаны голас:
   – Хозяин!.. Хозяин, открой!..
   Як вядзецца спрадвеку, яна спачатку прыткнулася лбом да шыбы, паглядзела. Потым выйшла ў сенцы, дрыжачымі рукамі выцягнула засаўку і адчыніла дзверы. Стала толькі зусім ясна тое, аб чым яна здагадалася адразу: гэта – яны, байцы...
   Адзін з іх, – а колькі ўсіх было, не паспела заўважыць адразу ў матава-празрыстым паўзмроку дасвецця, – адзін падышоў да яе і ўсё яшчэ шэптам сказаў, нібы спытаўся:
   – Мать? Ты нам хлебушка дай, родная... Ты не бойся: мы сразу же уйдём... Из лагеря бежали...
   Шэры і гладкі тэлеграфны слуп са злавесным гудзеннем праплыў перад яе вачыма... З той самай паперкай, якую рваў яе хлопец... Мільганула думка, трывогай тузануўшы за сэрца: а ён яшчэ не вярнуўся!.. Белая пляма паперкі махнулася разам са слупам удаль і знікла. Застаўся толькі страшны няголены твар чалавека з вялікімі вачыма. Засталіся толькі яны – цяпер ужо добра відаць – учатырох.
   – Заходзьце, хлопчыкі! Я вам хоць малачка... Хоць смагу прагнаць... Лямпу не будзем запальваць...
   Апошняе яна сказала, пераступаючы парог.
   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .  
  
   І на гасцінцы, і ў мястэчку, на ўсім – так добра знаёмым і якім жа кароткім цяпер – шляху ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах добрыя людзі бачылі яе пакутніцкі паход. І ўсім было зразумела, куды і завошта.
   Чатыры босыя, у вайсковых лахманах мужчыны, з рукамі, скручанымі назад калючым дротам, па двух ішлі следам за ёю. Ёй фашысты зрабілі палёгку: не звязалі рук... Што ж, яны не баяліся яе нават так, як гэтых бяззбройных, знясіленых уцекачоў. Адзін з байцоў, яшчэ зусім хлапчук, нядаўна астрыжаны пад машынку, з усіх сіл намагаўся не ўпасці і, ззаду гледзячы на таварышаў, узнімаў, як і яны, галаву.
   Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі яна трымала мазалямі да мазалёў. Шаптала свае, зусім новыя словы малітвы. І ў ранішнім святле роднага сонца ясным быў яе твар, хоць па маршчынах міжвольна каціліся слёзы. Яна і тут не думала пра сябе. Дзе ён, яе Васілёк, чаму не вярнуўся?.. Як добра, Божа ласкавы, што ён не прыйшоў, не прыбег нават і на пажар роднай хаты!.. Відаць, далёка ўжо недзе сынок, відаць, адкапалі-такі яны з Азаронкам свае кулямёты... Дзе яны, Уладзік і Сцяпан?.. Хавай іх, Божа, усіх трох ад куль, дай ім усім убачыць матчыну магілу!.. І тут душа яе вярталася да гэтых, да чужых сыноў, з якімі так моцна зрадніла доля... Яна чула іх крокі – шорганне босых ног па жвіры, чула і цяжкае дыханне... Яна аддала ім усё, што магла... А тут нават не азірнешся. І яна рабіла адно – яшчэ як мама вучыла – малілася. І за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе...
   Горача дыхалі клыкастыя, дурныя зяпы аўчарак. Чорнай сталлю паблісквалі ў голых да локцяў, загарэлых руках аўтаматы. Час ад часу на ўзбоччы гудзелі тэлеграфныя слупы.
   Маці не ведала, хто яна. Не думала аб тым, што не з адным толькі жахам глядзелі на іх паход сустрэчныя, – што вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, што вочы і рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай...
  
   1957

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!