Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Да маці

   Андрэй жыў у горадзе, жыў ужо даўно, гадоў дзесяць, але па-ранейшаму, па даўняй звычцы гаварыў, едучы з вёскі, што едзе з дому. Ён быццам і радаваўся, бываючы дома. З прыемнасцю хадзіў у лес, на рэчку, сустракаўся з былымі аднакласнікамі і сябрамі, але кожны раз яго штосьці гняло. I сам добра не ведаў, чаму, ад’язджаючы з дому, адчуваў сябе ніякавата, нібы вінаватым перад маці. Але заставалася ззаду вёска, і гэтае пачуццё ніякаватасці прытуплялася, а пасля і зусім сціралася, выцесненае звыклымі гарадскімі клопатамі.
   Апошнім часам ён нешта асабліва доўга не быў дома. То неяк не выпадала, то палохаў перапоўнены прыгарадны аўтобус, у якім не толькі сядзець, але і стаяць было немагчыма, то проста гаварыў сам сабе, што трэба з’ездзіць у наступную суботу. Але прыходзіла другая субота, пасля трэцяя, і ўсё знаходзіліся нейкія прычыны, якія не пускалі яго з горада.
   Андрэй доўга сядзеў у сваім пакойчыку, слухаў мітусню на калідоры і не ведаў, што вырашыць. I тут надумаўся паехаць дахаты.
   Вечарэла. Заставаўся апошні аўтобус, а людзей на станцыі было мнагавата. Але ён неяк уціснуўся ў той аўтобус.
   Убачыўшы ўнізе рэдкі ланцужок агнёў, які адкрыўся з узгорка, Андрэй адчуў, што сэрца забілася мацней, душу агарнула пачуццё радасці і незразумелай трывогі. Так было заўсёды, калі ён падыходзіў да роднай вёскі.
   Маці завіхалася каля стала. Раскінула чысты абрус, адрэзала хлеба, збегала ў бакавы пакойчык і прынесла міску тушанага мяса. Сядзела насупраць, падсоўвала яму лепшыя, смачнейшыя ласункі і ўсё расказвала, расказвала вясковыя навіны.
   Андрэй слухаў маці і не слухаў. Навіны гэтыя ён даўно ведаў: землякі ў горадзе сустракаліся часта. Глядзеў на маці, і нечакана яму прыйшла ў галаву думка, што ўпершыню бачыць яе вось так блізка і ўпершыню бачыць, якая яна ўжо старэнькая. А памятаў маці маладой, з доўгімі косамі, якія яна закручвала ў вялікі вузел. Памятаў яе асаблівыя карыя вочы, якія заўсёды іскрыліся смяшлівымі вясёлкамі. Памятаў, што ў яе былі дробныя, але густыя і белыя-белыя зубы. А цяпер ён глядзеў на маці і нібы не пазнаваў. Ніводнага чорнага воласа! Толькі вочы былі яшчэ тыя, маладыя, матчыны вочы, хоць без смяшлівых іскрынак-вясёлак, акружаныя дробнымі карункамі маршчынак.
   У яго неяк адразу прапаў апетыт, сапсаваўся настрой. Прыпомнілася раптам даўняя вясковая вечарынка. Маці на ёй танцавала з жанчынамі кадрылю, і ён тады падумаў упершыню, што маці яго вельмі прыгожая. А цяпер прыгадалася тое, і чамусьці стала сумна, сумна ад таго, што вось так непрыкметна састарэла маці, што тую кадрылю рэдка калі пачуеш цяпер на вясковай вечарынцы, што маладыя музыкі не ведаюць нават яе мелодыі.
   Маці паслала яму на старэнькай канапцы. Прасцінку і ватную коўдру дастала з шафы. Усё было халоднае і здавалася крыху вільготным. Непрывычна, занадта моцна цікалі на сцяне старыя ходзікі. Не спалася, хоць ногі і нылі пасля дарогі. Андрэй ляжаў і думаў пра маці, пра сябе, пра родную вёску.
(453 словы)

Паводле М. Гіля.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНа скрыжаванні

Янка ЗолакЯнка Золак - Ода маці

Пераказы, дыктантыІ надыходзіць дзень

Пераказы, дыктантыШчаслівая

Пераказы, дыктантыСустрэча з маці