Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Творчасць Янкі Брыля

Кнопка отправить на печать

   Янка Брыль –  выразнік моцнага культурнага і нацыянальнага духу Беларусі, які таксама ўвабраў у сябе ўсё багацце польскай і рускай культур. Пяру Брыля належыць шэраг ці не найлепшых кароткіх апавяданняў на беларускай мове і адзін з самых смелых па форме і па духу раманаў, створаных у першае дзесяцігоддзе пасля смерці Сталіна.
   Янка Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 г. у Адэсе, але праз пяць год бацькі перабраліся ў родныя мясціны – вёску Загора Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, што ў Заходняй Беларусь Тут ён скончыў польскую сямігодку, потым працаваў на зямлі, паралельна спрабуючы працягваць самаадукацыю. Літаратурная кар’ера Брыля пачалася ў 1938 г. з публікацыі лірычных вершаў і апавяданняў на старонках беларускіх перыядычных выданняў Вільні, але ў сакавіку 1939 г., у часы актыўнай антыпольскай кампаніі ў нямецкім друку, ён быў прызваны ў польскую марскую пяхоту. Захоплены ў палон у верасні таго ж года пры абароне Гдыні, ён здолеў вярнуцца на радзіму толькі восенню 1941-га. Ужо праз год пісьменнік ідзе ў партызаны, а таксама ўдзельнічае ў падрыхтоўцы разнастайнай антыфашысцкай літаратуры (нягледзячы на тое, што першыя ягоныя апавяданні былі надрукаваны на старонках афіцыйнай «Беларускай газеты», што выдавалася пад час нямецкай акупацыі). Пасля вайны Брыль працуе ў шматлікіх перыядычных выданнях, у тым ліку ў «Вожыку», «Маладосці» і «Полымі», а таксама ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. У перыяд з 1966 па 1971 г. Брыль займае пасаду адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў, а ў 1981 г. атрымлівае ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.
   У пасляваенныя гады пісьменнік, які захаваў шматлікія ўспаміны пра нямецкія лагеры, пачынае запісваць і выдаваць іх і хутка набывае вядомасць як выключна моцны стыліст і майстар тонкай лірычнай філасофскай прозы. Тры зборнікі ягоных апавяданняў і нарысаў убачылі свет яшчэ пры жыцці Сталіна, а ў 1952 г. за аповесць «У Забалоцці днее» (1950) аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР (1952). У другой палове 50-х былі надрукаваны яшчэ тры зборнікі апавяданняў, сярод якіх асабліва ўдалым быў «Мой родны кут» (1959). Тэматычна амаль усе яны былі звязаны з жыццём заходнебеларускай вёскі ў міжваенны перыяд, барацьбой супраць нямецкіх захопнікаў і, у меншай ступені, станаўленнем калектыўных гаспадарак. Адно з самых моцных апавяданняў гэтага перыяду – «Галя» (1953). Твор, дзеянне ў якім адбываецца ў Заходняй Беларусі перад самай вайной, распавядае пра нешчаслівы лёс нялюбай жонкі спекулянта. У апавяданні з пэўным схематызмам апісаны сацыяльны строй і малюецца досыць ідэалізаваная карціна калгасных палеткаў пшаніцы і кукурузы «наогул без пустазелля». Аднак у творы ўжо ўлаўліваецца ўзнёслы лірычны настрой, уласцівы Брылю, бачна ягонае ўменне стварыць напружаную атмасферу і моцнае візуальнае пачуццё. Галя, як і іншыя героі пісьменніка, – натура чулая, спагадлівая, памяркоўная, схільная да роздумаў і самасузірання. З першых жа старонак твора чытач пагружаецца ў яе жыццё, пранікаецца яе перажываннямі. Зусім іншае апавяданне – «Трэба паехаць» (1957) мае форму гумарыстычнай скаргі, дзе паказаны складанасці і радасці жыцця ў краіне «з цягучымі, пракуранымі сходамі», на якіх пісьменнікі ўцягнуты ў няспынныя «гутаркі пра неабходнасць вывучаць жыццё».
   У 60-я гг. творчасць Брыля дасягнула свайго найвышэйшага росквіту, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы раману «Птушкі і гнёзды», датаванаму 1942-1944 і 1962-1964 гг. і выдадзенаму з пэўнымі зменамі асобнай кніжкай ў 1964 г. Напісаны экспрэсіўнай мовай, багаты на народныя элементы раман, што нагадвае па сваім характары хутчэй паэму, унікальны для беларускай літаратуры гэтага часу. Яго адрознівае шырокі дыяпазон новых тэмаў і ідэй, арыгінальная кампазіцыя, майстэрскае спалучэнне эпічных і лірычных элементаў. У цэнтры твора знаходзіцца герой з Заходняй Беларусі Алесь Руневіч і ягоныя землякі, захопленыя ў палон пад час змагання з немцамі ў шэрагах польскай арміі. Раман распавядае пра іх жыццё ў нямецкім палоне і пра дзве (першая з іх была няўдалай) спробы ўцячы і вярнуцца на радзіму. Кампазіцыйна раман будуецца ў адпаведнасці з трыма адрэзкамі часу, якім прысвечаны тры асобныя, аднак цесна звязаныя паміж сабой часткі. Першая расказвае пра дзяцінства і юнацтва Алеся Руневіча, што прайшло на роднай Наваградчыне. Гэтая ярка рэалістычная частка ўяўляе сабой успаміны героя. Найбольш аб’ёмная другая частка распавядае пра лёс Руневіча-ваеннапалоннага, а пазней – вольнага працаўніка. Трэцяя апісвае шлях героя ўжо пасля вяртання на Беларусь, яго барацьбу з фашыстамі ў партызанскіх шэрагах пад імем Юркі Бондара. Зараз ён у партызанскай зямлянцы дыктуе машыністцы гісторыю свайго жыцця, што пакладзена ў аснову першых дзвюх частак «Птушак і гнёздаў» – рамана ў рамане.
   У ідэалагічным плане гэты шэдэўр далёкі ад чорна-белых афіцыйных маральных прынцыпаў. Брыль выказвае сябе надзвычай умераным і аб’ектыўным у апісанні розных персанажаў, ніколі не пазбаўленых чалавечых якасцей і праўдападобных на працягу ўсяго рамана. У аснове сваёй твор шчыра аўтабіяграфічны, ён пралівае святло на менталітэт тых заходне-беларускіх нацыяналістаў, што, паўстаючы супраць польскай акупацыі, мелі вельмі слабае ўяўленне пра тагачасную савецкую рэчаіснасць. У той перыяд, калі быў у сіле савецка-германскі пакт (1939-1941) і можна яшчэ было абменьвацца карэспандэнцыяй паміж Германіяй і СССР, маці і брат Руневіча адкрыта папярэджваюць, што яму не варта вяртацца на радзіму, і сам герой расказвае машыністцы пра лёс тых, хто пасля вяртання ў 1940 г. з Заходняй Беларусі былі адразу арыштаваны як польскія шпіёны. Тым не менш пасля пабегу і вяртання дамоў Руневіч яшчэ нейкі час адчувае асалоду ад сваёй свабоды і толькі пасля таго, як становіцца сведкам фашысцкіх злачынстваў, вырашае прыняць удзел у актыўнай вызваленчай барацьбе. З дапамогай свайго культурнага і чуйнага апавядальніка Брыль стварае кранальны лірычны раман, які не толькі шмат распавядае пра асіміляцыю Савецкім Саюзам Заходняй Беларусі, але таксама малюе багатую карціну свайго ранейшага жыцця і светапогляду.
   Многія Брылёвы нарысы і апавяданні 60-х тэматычна пераклікаюцца з раманам «Птушкі і гнёзды». «Дакор» (1966), напрыклад, праз апісанне слана з вандроўнага заапарка ўзнімае важныя пытанні пра ўзаемаадносіны паміж нявольнікам і гаспадаром. У творы «Скрыпка пяе» (1964) кароткі ўспамін пра чароўныя краявіды раптам нечакана перарываецца адгалоскам фашысцкага мінулага, калі цыган-скрыпач, што ў вайну згубіў жонку, кідаецца бегчы з аўтобуса, як толькі нехта спрабуе яго сфатаграфаваць. Апавяданне «Ты жывеш» (1966) малюе поўную скрухі і болю карціну пакут мацярок і заканчваецца наступным паэтычным філасофскім сцвярджэннем: «Многае ў нашым жыцці праходзіць, многае мінаецца, а сапраўднасць пачуццяў, сапраўднасць паэзіі – застаюцца».
   Янка Брыль часам надзвычай шчыра кажа пра лютасць і згубнасць сталінскага тэрору, абмяркоўваючы гэтую тэму, узнятую на старонках рамана «Птушкі і гнёзды», асабліва ў адносінах да тых ідэалістаў, што мігравалі з Заходняй у Савецкую Беларусь толькі для таго, каб быць арыштаванымі і апынуцца ў лагерах. У наступныя гады, аднак, апавяданні Брыля становяцца менш палітызаванымі. Ягоныя познія нарысы часта болей нагадваюць вольныя музычныя кампазіцыі, якія разгортваюцца паступова і контрапунктыўна, напрыклад, у нарысе «Яшчэ раз першы снег» (1971) на працягу некалькіх старонак аўтар вядзе гаворку пра пытанні часу, прыроды, мастацтва, дзяржаўнасці і мовы; іншы прыгожы позні твор «Ніжнія Байдуны» (1977) уносіць моцнае пачуццё гумару ў запамінальныя карціны заходнебеларускага жыцця 20-30-х гг. Яшчэ адна аповесць – «Золак, убачаны здалёк» – убачыла свет у 1979 г., а ў 1982 г. атрымала Дзяржаўную прэмію БССР імя Я. Коласа. Як амаль што ўсе ранейшыя творы Брыля, яна фактычна з’яўляецца дакументальным апісаннем ягонага ўласнага жыцця і заканчваецца на вельмі сумнай ноце, таму што дарослыя выключна дзеля сваёй дзікунскай пацехі прымушаюць двух дзетак-сірат – Валодзю Казака і Толю Немца біцца адзін з адным. Наступныя кароткія ўрыўкі з гэтай горкай навелы пра дзіцячыя гады аўтара высвечваюць два асноўныя аспекты творчасці Брыля: ягоную чалавечнасць і ягонае апірышча на памяць. У першым урыўку мы чытаем:
   «У сталыя гады, падумаўшы калі-нікалі пра свой характар, з усёй яго сумессю нейкіх усё-такі плюсаў і мінусаў, я спрабаваў разабрацца, адкуль яна ў мяне, тая жаласлівасць, нават павышаная, ці што?».
   Іншым (які ідзе пасля эпізоду з бойкай) заканчваецца кнга:
   «Толькі той дзікі рогат чуецца. I плач. Безабаронны, беспрасветны... Каб не ён, я і не ўспомніў бы столькі ўсяго – праз паўвека».
   Брылю належаць таксама пяць чароўных кніжак дзіцячых апавяданняў, сярод якіх, мабыць, лепшыя – «Пачатак сталасці» (1957) і «Жыў-быў вожык» (1976). Пісьменнік працаваў сумесна з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам над яркім дакументальным выданнем «Я з вогненнай вёскі» (1975), якое расказвае пра фашысцкія зверствы на Беларусі, а таксама займаўся перакладамі з рускай, польскай і іншых моваў.
   Нягледзячы на тое, што Янка Брыль у сярэднім узросце займаў розныя афіцыйныя пасады (у тым ліку быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у перыяд з 1963 па 1967 і з 1980 па 1985 г.), ён заўсёды заставаўся сумленным, чулым і справядлівым чалавекам. Не страціў ён таксама і свайго ярка эмацыянальнага напружанага лірычнага стылю ў вузкіх межах нарысаў і кароткіх апавяданняў. Таленавіты пісьменнік і цікавы чалавек, Брыль выступаў супраць шэрасці позняга сталінізму і прытрымліваўся сваёй пазіцыі ў лягчэйшыя, але ўсё ж і не такія простыя паслясталінскія дзесяцігоддзі.


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!